У Смаргоні прайшла агульнабеларуская салезіянская ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў | Друк |
Беларусь
23.05.2016 15:16

21 мая ў парафіі Cв. Міхала Арханёла ў Смаргоні адбылася агульнабеларуская салезіянская ўрачыстасць Марыі Успамогі Хрысціянаў. Галоўнай тэмай святкавання былі словы св. Яна Боско: «Даверцеся Марыі, і вы ўбачыце, што такое цуды».

На свяце сабралася вялікая колькасць прадстаўнікоў Салезіянскай сям’і Беларусі на чале з дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандрам Яшэўскім SDB, сястрой Габрыэлай Родэ FMA, адказнай за візітаторыю Усходняя Еўропа-Грузія «Маці Бога», і Рэгіянальным настаяцелем рэлігійнай каталіцкай місіі св. Францішка Сальскага ў Беларусі кс. Віктарам Гайдукевічам SDB.

Самай важнай часткай святкавання была святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі. У гаміліі іерарх распавёў гісторыю з'яўлення тытулу Успамогі Хрысціянаў. Таксама біскуп адзначыў, што Марыя Успамога адыграла вялікае значэнне ў жыцці св. Яна Боско.

Дон Боско і культ Марыі

«Вялікі ўклад у развіццё культу Марыі Успамогі Хрысціянаў зрабіў і святы Ян Боско. Ён стварае “ўласны” абраз Марыі Успамогі Хрысціянаў і ўласны абраз Маці Божай. Як ведаем, ксёндз Боско жыў у вельмі сумныя часы для Хрыстовага Касцёла, а нават і небяспечныя.

Таму ксёндз Боско бачыў у кульце Панны Марыі Успамогі Хрысціянаў агульны крык усяго хрысціянства і ўсіх народаў, якія знаходзяцца ў небяспецы, па дапамогу да Марыі, якая дагэтуль настолькі эфектыўна магла знішчаць і перамагаць усе атакі праціўніка. У гэтым закліку – Марыя Успамога Хрысціянаў – святы Ян Боско бачыў мабілізацыю ўсіх сіл “сыноў святла”, каб змагацца з “сынамі цемры” пад сцягам Марыі Успамогі», – адзначыў біскуп Аляксандр Яшэўскі.

Менавіта для Маці Божай кс. Боско разам са св. Марыяй Дамінікай Мадзарэлло заснаваў Кангрэгацыю Дачок Марыі Успамогі – сясцёр салезіянак, жадаючы стварыць жывы помнік удзячнасці Панне Марыі.

Вялікай радасцю для Салезіянскай сям’і Беларусі стала прыняцце ў аніматары 14 юнакоў і дзяўчат, якія жадаюць па прыкладу Панны Марыі быць паслухмянай прыладай для адкрыцця Божай любові найбольш патрабуючым дзецям і моладзі. Напрыканцы святой Імшы Дочкі Марыі Успамогі (сёстры салезіянкі) аднавілі свае манаскія абяцанні чыстасці, убоства і паслухмянасці.

Другой часткай праграмы святкавання быў мюзікл «Песня пра Марыю», які прадставілі дзяўчынкі з дзіцячага хору парафіі Св. Міхала Арханёла пад кіраўніцтвам с. Веранікі Блізнюк FMA. Важным пунктам мюзікла сталі словы с. Габрыэлі Родэ: «Трымайцеся моцна за руку Марыі, давярайце Ёй, молячыся на ружанцы!»

Працяг урачыстасці

Працягам урачыстасці была інтэрактыўная праграма, падрыхтаваная моладдзю, якая заахвоціла прысутных да актыўнага ўдзелу ў забавах. Прыкладам весялосці і крэатыўнасці сталі святары і манахіні. Напрыканцы хор парафіі Маці Божай Успамогі Хрысціянаў (Бараўляны) урачыста праспяваў марыйны Акафіст.

Завяршальным пунктам праграмы было традыцыйнае салезіянскае «слова на развітанне» кс. Віктара Гайдукевіча SDB.


Святар сказаў: «Сёння дзякуем Міласэрнаму Богу за тое, што чарговы раз дазволіў нам сустрэцца на супольнай малітве, праслаўляць і дзякаваць Яму за нашу нябесную Маці – Маці, якую мы асаблівым чынам па прыкладу нашага духоўнага Айца св. Яна Боско праслаўляем пад тытулам Успамогі Хрысціянаў.

Сёння, калі мы ўспамінаем нашу Нябесную Маці, няхай кожны з нас памятае пра сваю родную маму і дзякуе ёй асаблівым чынам за дар жыцця, выпрошваючы для яе ўсе патрэбныя Божыя ласкі. Няхай кожны з нас сёння патэлефануе сваёй маме, падзякуе ёй, запытаецца, ці патрэбна штосьці, і адчуе, як цудоўна мець маму. Тыя, чые мамы адышлі да Пана, – яны не засталіся сіротамі, яны маюць, як кс. Боско, Успамогу як Маці і таксама асаблівым чынам павінны сёння да Яе звярнуцца».

Акрамя таго, кс. Віктар Гайдукевіч распавёў пра цуд, які адбыўся ў 1844 годзе ў Монтафіі д’Асці з мужчынам, які цярпеў ад ліхаманкі і атрымаў аздараўленне дзякуючы парадам кс. Боско маліцца да Маці Божай.

Пасля супольнай малітвы да Панны Марыі біскуп Аляксандр Яшэўскі благаславіў прысутных праз заступніцтва Марыі Успамогі Хрысціянаў.

Паводле sdb.by

Фота sdb.by

 
© 2003-2024 Catholic.by