Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вядомы хрысціянскі прапаведнік Нік Вуйчыч даў прэс-канферэнцыю ў Мінску
Беларусь
15.04.2016 17:38

У Беларусь завітаў вядомы хрысціянскі прапаведнік, матывацыйны аратар, пісьменнік, мецэнат і спявак родам з Аўстраліі Нік Вуйчыч. 15 красавіка ў канферэнц-холе tut.by прайшла прэс-канферэнцыя з Нікам. Ён падзяліўся гісторыяй свайго жыцця, поўнай вялікай надзеі і веры, а таксама адказаў на пытанні журналістаў.

У Ніка сіндром тэтрамеліі — рэдкае захворванне, якое прыводзіць да адсутнасці рук і ног. Нягледзячы на гэта, ён падарожнічае  і ладзіць матывацыйныя выступленні ў розных краінах свету. Мае жонку і двух сыноў. Піша кнігі і здымаецца ў матывацыйных роліках. Вера ў Бога (Нік з’яўляецца пратэстантам) дае яму надзею ў жыцці.

Беларусь — 58-я па ліку краіна, якую Нік Вуйчыч наведаў са сваімі матывацыйнымі выступленнямі.


«Пасланнік надзеі»

«Спадзяюся, што маё паведамленне пазітыўнасці і веры натхніць людзей у Беларусі. Я не крыніца надзеі, я проста пасланнік надзеі. Я распавядаю сваю гісторыю мноству людзей, каб яны ніколі не здаваліся», — звярнуўся Нік Вуйчыч да журналістаў на пачатку прэс-канферэнцыі.

Матывацыйны спікер і прапаведнік заклікаў прысутных журналістаў ніколі не здавацца, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды ў жыцці, і быць удзячным за тое, што ўжо ёсць.

«Будзь удзячны, рабі што можаш, Бог зробіць астатняе. Не ведаеш, чаго ты дасягнеш, пакуль не паспрабуеш. Ніколі не здавайся», — заўважыў Нік.

«Калі вы ў роспачы, то вельмі добры спосаб дапамагчы вам стаць удзячным за тое, што ў вас ёсць — пайсці ў хоспіс, дзе дзеці паміраюць ад раку, і рассмяшыць іх. Зрабіць так, каб яны ўсміхаліся. Дапамога іншым дае вам пачуццё рэальнасці і разуменне, што ў вас саміх яшчэ можа быць мэта ў жыцці», — даў параду людзям у роспачы матывацыйны спікер, адказаўшы на адно з пытанняў журналістаў.

Нік распавёў, што падчас вучобы ў школе сам знаходзіўся ў роспачы, хацеў нават скончыць жыццё самагубствам, утапіўшыся ў ванне, але любоў да сваіх бацькоў не дазволіла зрабіць гэты крок. 

«Я адчуваў, што ў маім жыцці няма мэты. Не думаў тады, што мае бацькі стануць маімі супрацоўнікамі, што калісьці нават ажанюся. Я думаў, як змагу ўзяць сваю жонку за руку. А потым  зразумеў, што мне не трэба трымаць яе за руку. Мне трэба толькі трымаць яе сэрца, — падзяліўся Нік. — Я хваляваўся: як буду браць сваіх дзяцей на рукі, калі яны будуць плакаць? А зараз Кіёшы (старэйшы сын Ніка) сам прыходзіць і мяне абдымае. Гэта цудоўна, мары здзяйсняюцца».


Адзінай і рэальнай надзеяй для Ніка з’яўляецца вера ў Бога

«Слова "хрысціянін" азначае "той, хто ідзе за Хрыстом". Я іду за Ім, таму што Ён быў святым», — заўважыў Нік Вуйчыч яшчэ на пачатку канферэнцыі, а потым адказаў на пытанне Catholic.by, як ён прыйшоў да Бога.

Нягледзячы на тое, што бацька Ніка — пратэстанцкі пастар, да сапраўднага разумення веры і паяднання з Хрыстом Вуйчыч прыйшоў не адразу. Паводле слоў Ніка, у гэтым яму дапамог урывак з 9 раздзелу Евангелля паводле Яна, дзе распавядаецца гісторыя пра сляпога ад нараджэння.

«Ніхто не ведаў, чаму ён быў народжаны сляпым. Езус сказаў, што гэта было зроблена, каб праз гэтага сляпога праявілася дзейнасць Бога. Я таксама хацеў верыць у Бога, але хацеў ведаць і Яго план. Гэтаму сляпому ніхто не казаў, што ў Езуса ёсць пэўны план у адносінах да Яго. Проста яму трэба было стаяць спакойна. І Езус выканаў свой план», — распавёў прапаведнік. 

«Я таксама чакаў плану, але на самой справе план аказаўся не патрэбны. Усё, што мне патрэбна, — гэта вера, што ў Яго ёсць план. І калі я магу дапамагчы камусьці паверыць у Божы план адносна свайго жыцця, значыць маё жыццё каштавала таго, каб жыць», — заўважае Нік. 

«Калі аднойчы я буду на нябёсах са сваімі новымі нагамі і рукамі, я пачую, як мяне хтосьці кліча. Абдыме мяне і скажа: дзякуй табе, што дапамог мне паверыць у тое, што нябёсы рэальныя», — падзяліўся Нік. 

Разам з тым прапаведнік заўважыў, што атрымаць надзею можна праз любоў. У тым ліку і да сябе самога.

«Калі вы не прымаеце саміх сябе, як вы думаеце, як вас іншыя будуць прымаць? У першую чаргу вы павінны пасябраваць самі з сабой», — падкрэсліў Нік і заўважыў, што важна мець веру і маліцца аб цудах.

«Я бачыў цуды, трынаццаць цудаў. Сляпыя пачыналі бачыць, а глухія чуць. Езус рэальны. Я разумею, што ва ўсіх свая рэлігія. У майго бацькі рак, але калі я гляджу ў яго вочы, то разумею, што ён шчаслівы. Калі ведаеш, куды ты накіроўваешся, тады сама смерць не страшная. Я ведаю, што ў мяне не было б той смеласці і веры, калі б я не прайшоў праз усе цяжкасці ў маім жыцці».

Нік адказваў на розныя пытанні журналістаў. І на ўсё даваў свае арыгінальныя адказы.


«Што вы робіце: адказваеце жорсткасцю ці аддаляецеся і ідзяце далей? Я іду далей. Я малюся за сваіх ворагаў. Я не адказваю жорсткасцю на жорсткасць», — падкрэсліў спікер.

Нік і яго жонка маюць дваіх сыноў, акрамя гэтага апякуюцца яшчэ трыма дзецьмі. І гэта толькі пачатак, як прызнаўся сам Нік. Прапаведнік з Аўстраліі падзяліўся з журналістамі сваёй марай:

«Я хачу стварыць платформу, на якой 400 мільёнаў чалавек мелі б адну і тую ж мэту. Калі б з 7 мільярдаў чалавек хоць бы 6 % ахвяравалі адзін долар у дзень, то на гэтыя грошы можна было б пабудаваць шмат бальніц і дамоў для састарэлых». 

Адказваючы на пытанні журналістаў, Нік прызнаўся, што ёсць дзве рэчы, аб якіх ён шкадаваў бы перад смерцю: што прысвячаў мала часу сваёй сям’і і прысвячаў мала часу адносінам з Богам, пазнаванню Яго слова і чытанню Бібліі.

Нік вядзе насычанае жыццё. Вольны час праводзіць з сям’ёй. Таксама займаецца актыўнымі відамі спорту: ужо паспеў скокнуць з парашутам, пагрузіцца з аквалангам і пакатацца на сноўбордзе. 

«Калі хочаце змяніць свет, то будзьце самі гэтымі зменамі. Любіце і натхняйце адзін аднаго. Большай колькасці людзей у гэтай краіне патрэбна больш любові», — кажа Нік. 

«Жывіце крок за крокам, дзень за днём. Калі ідзяце – кожным крокам ідзіце, калі жывяце – кожным днём жывіце!» — да гэтага заклікаў усіх Нік Вуйчыч, які сваім прыкладам паказвае, як трэба быць удзячным Богу за дар жыцця і ніколі не здавацца.

Марына Валасар,

Фота Віталія Палінеўскага

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.