Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сімвалы Вялікага посту: святліца
Беларусь
11.03.2016 07:50

«...Паслаў двух з вучняў сваіх, і кажучы ім: “Ідзіце ў горад; і сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім (...) І ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы і падрыхтаваны. Там прыгатуеце нам"» (Мк 14, 13-15).

У гэтай вялікай, засланай святліцы адбылася найвялікшая падзея ў гісторыі Касцёла — першая святая Імша.

Фрэска «Апошняя Вячэра». Сярэдзіна XХ ст. в. Радунь, Воранаўскі р-н.

Месца, дзе Езус паказаў прыклад вялікай любові, абмываючы вучням ногі і абціраючы іх ручніком.

Месца, дзе былі прысутныя як верныя, так і тыя, хто здрадзіць, а таксама тыя, хто ў страху адрачэцца.

Месца, якое стала правобразам кожнага касцёла і капліцы, якіх існуе багатае мноства ва ўсім свеце.

Месца, якое ўпершыню адчула смак і горыч Ахвярнай Любові, што віно перамяніла ў кроў і пшанічны хлеб у Цела Збаўцы.

Гэта на долю той першай святліцы выпала такая вялікая пашана — быць першай у гісторыі ўстанаўлення Эўхарыстыі.

Напрыклад, святліцай у традыцыйнай беларускай хаце называюць пакой, дзе прымаюць гасцей, дзе вісяць абразы. Адным словам — гэта найлепшае месца ў будынку, пачэснае і вельмі годнае.

Хрыстус для апошняй вячэры — развітальнай і запаветнай — падрыхтаваў найлепшае месца, выбранае месца для сваіх вучняў.

У гэты раз гэта не быў прасторны бераг возера, ці прыгожыя палі, ці вотшыб горада, дзе праходзіла шмат людзей. Гэта было выбранае месца для найдаражэйшых, для тых, каго Ён вельмі моцна палюбіў і паклікаў за сабою.

Месца, дзе Ён імкнуўся падзяліцца з імі сабою і адкрыць сэнс сваёй любові.

Апошняя Вячэра. Сярэдзіна XVIІI ст. Давыд-Гарадок.

У гісторыі Богачалавека спачатку была святліца, а потым цямніца — вобраз малітвы ў Аліўным садзе, вобраз прыняцця Божай волі і набліжэння да пакут.

У гісторыі кожнага народа таксама павінна быць свая святліца — месца сустрэчы, дзе збіраюцца тыя, хто па-сапраўднаму адзіны, хто ўмее прабачаць і ўмее сабою ахвяраваць у імя любові, каб потым, калі надыйдзе час увайсці ў цямніцу — час цярпенняў і выпрабаванняў — змагчы вытрымаць і вытрымаць годна, памятаючы пра любоў і святло, і сэнс цярпенняў.

Памяць пра святліцу ратуе падчас знаходжання ў цямніцы.

Памяць пра святліцу кліча да чарговай сустрэчы з Хрыстом, які, як і ў той першы раз, чакае з вадою і ручніком, каб абмыць ногі тым, каго Ён так палюбіў і каго ўслед заклікае абмываць і выціраць ручніком ногі нават тым, хто гатовы здрадзіць ужо праз некалькі гадзін…

Але святло святліцы — гэта святло міласэрнага Бога…

Матэрыялы з гэтай серыі:

 

 

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.