Новыя акаліты і лектар прызначаны ў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску | Друк |
Беларусь
08.03.2016 22:15

7 сакавіка падчас вечаровай святой Імшы ў капліцы Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя св. Тамаша Аквінскага ў Пінску біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ўдзяліў аднаму навучэнцу ІІІ курса паслугу лектарату і тром навучэнцам IV курса – паслугу акалітату.

Такім чынам семінарыст Януш Чарнамораў атрымаў ад Касцёла дар і заданне асаблівым чынам дапамагаць біскупам, святарам і дыяканам у служэнні Божага слова, а семінарысты Яўген Баланёў, Андрэй Бурак і Уладзіслаў Шарковіч – надзвычайнае права ўдзяляць вернікам святую Камунію, заносіць яе хворым і асаблівым чынам дапамагаць у здзяйсненні эўхарыстычнага культу Касцёла.



У гаміліі біскуп Антоні Дзям’янка заклікаў тых, хто прыняў паслугі, да няспыннага ўдасканалення на шляху служэння Пану, разважання над Божым словам, разумення сутнасці дзеянняў, да якіх праз гэтыя паслугі яны пакліканы Касцёлам.

«Перадаючы іншым людзям Божае слова, паслухмяны Духу Святому, сам прымай і старанна разважай над гэтым Словам, каб у ім знайсці радасць і сілу. Сваім штодзённым жыццём абвяшчай нашага Збаўцу, Езуса Хрыста!» – звярнуўся пастыр да лектара.

«Старайцеся глыбей зразумець Эўхарыстычную Ахвяру і паводле яе фарміраваць уласнае жыццё. Атуляйце шчыраю любоўю Містычнае Цела Хрыста!» – у сваю чаргу заклікаў пінскі ардынарый акалітаў.



Іерарх узгадаў некалькі прыкладаў святароў і біскупаў, якія праз сваю пакору і адданае служэнне прынеслі багаты плён для вернага люду, для збаўлення людзей. «Я жадаю вам, каб праз гэтыя паслугі вы паглыбілі ўласную веру! Каб служылі Богу і Касцёлу ў гэтых паслугах, у тым служэнні, да якога рыхтуецеся, у гэты час і ўсё вашае жыццё», – дадаў біскуп.

Пасля святой Імшы новапрызначаныя лектар і акаліты падзякавалі ардынарыю Пінскай дыяцэзіі за супольную малітву і ўдзяленне паслугаў.

Андрэй Багдановіч, seminaryja.by

(AG)

Фота seminaryja.by

 
© 2003-2024 Catholic.by