Хочаш дапамагчы дзецям? Зрабі свой чацвер добрым! | Друк |
Беларусь
05.03.2016 21:08

У горадзе Мінску ў трох крамах сеткі «Гіппа» ёсць магчымасць прыняць удзел у дабрачыннай акцыі Фонда Прападобнай Еўфрасiннi Полацкай«Добры чацвер». Мэтай гэтай акцыі, як дзеліцца яе каардынатар Наталля Свiдуновіч, з’яўляецца «збор ахвяраванняў — тавараў — для дзяцей і дзяцей-інвалідаў дамоў-інтэрнатаў Мінскай вобласці».

Сродкі гігіены і наборы для дзіцячай творчасці — гэта тое, што можна набыць у краме і адразу аддаць у спецыяльны кошык, што знаходзіцца пры выйсці з крамы і каля якога можна ўбачыць валанцёраў, якія раздаюць усім, хто ўваходзіць, інфармацыйныя флаеры. Час правядзення акцыі —  з 18.00  да 21.00.

У першы чацвер сакавіка ў «Гіппа» па адрасе Ігуменскі тракт, 30 «валанцёрылі» тры дзяўчыны. Гэта былі студэнткі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, установы, з рэктарам якой была заключана афіцыйная дамова аб студэнцкай валанцёрскай дапамозе ў акцыі «Добры чацвер».

Як падзялілася Наталля, асноўную колькасць валанцёраў складаюць удзельнікі праваслаўнага Брацтва свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага, валанцёры дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама, як згадвалася вышэй, студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў.

Дабрачыннасць? Чаму?

Як падзялілася Наталля, якая зараз сама выхоўвае дваіх дзяцей (дзевяць і адзін год): «Частку свайго вольнага часу, які з’явіўся падчас дэкрэтнага адпачынку, я вырашыла прысвяціць добрым справам».

Кожны дзень па палове дня Наталля прысвячае валанцёрству, у гэты час з дзецьмі дапамагае бабуля.

У акцыі па зборы ахвяраванняў аднойчы ўдзельнічала і дзевяцігадовая дачка Наталлі Паліна, якая, па словах мамы, з вялікай цікаўнасцю прысутнічала і дапамагала.

Наталля адзначыла, што людзей зацікавіла акцыя: яны тэлефануюць, удакладняюць, куды прывезці набытыя тавары. Актыўна ўдзельнічае моладзь, а таксама сем’і.

Тыя рэчы, якія людзі ахвяроўваюць у «добры чацвер», арганізатары кожны тыдзень адвозяць дзецям падчас наведвання дамоў-інтэрнатаў.

Акцыя «Добры чацвер», якая пачалася 4 лютага і будзе дзейнічаць да 4 жніўня 2016 года, працягвае шукаць валанцёраў, якія б згадзіліся некалькі гадзін на тыдзень прысвяціць добрай справе. Валанцёры шукаюцца як сярод школьнікаў і студэнтаў, так і сярод сем’яў, людзей пажылога ўзросту, каб агарнуць сацыяльнай дзейнасцю розных прадстаўнікоў грамадства.

Як падзялілася валанцёр Алена, студэнтка першага курса Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, якая яшчэ ў сваім родным Светлагорску была на працягу года валанцёрам пры «Чырвоным крыжы», а зараз дапамагае праводзіць акцыю «Добры чацвер»: «Важна, каб ва ўсіх дзяцей было годнае дзяцінства, нават у тых, што выхоўваецца без бацькоў, каб, стаўшы дарослымі, гэтыя дзеці змаглі стаць на ногі».

Сафія, парафіянка мінскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха), на пытанне, чаму яна стала валанцёрам, адказала: «Я зразумела, што гэта тое, што я магу зрабіць не для сябе. Мы і раней займаліся такой дзейнасцю: наведвалі дамы састарэлых, дзіцячыя дамы».

Сафія ўжо каля чатырох гадоў займаецца валанцёрскай дзейнасцю, якая не перашкаджае яе творчай дзейнасці, бо дзяўчына з’яўляецца артысткай дзяржаўнага нацыянальнага ансамбля «Крыжачок».

Упершыню ў якасці валанцёра была ў сакавіцкі чацвер яшчэ адна студэнтка ўніверсітэта культуры — другакурсніца Анастасія Сокал: «Сёння мой дэбют, і я думаю, што прыйду яшчэ».

Дырэктар дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі айцец Андрэй Жылевіч OFMCap заўважыў, што валанцёраў не так шмат, і іх не спыняюцца шукаць, запрашаць.

Часцей за ўсё людзі, калі тэлефануюць у дабрачынную арганізацыю, пытаюцца проста: «А што б я добрага мог зрабіць?»

Такім чынам, многія становяцца валанцёрамі – дабравольнымі памочнікамі – у розных сферах грамадства і яго патрэб.

Але, каб дайсці да пытання: «А што б добрага я мог зрабіць?», нашаму грамадству трэба яшчэ шмат трэніравацца, хоць, як адзначаюць старэйшыя, «дзеці і моладзь больш адкрытыя, больш чулыя і смелыя, каб рабіць дабро». Услед за адказнасцю сацыяльнай расце адказнасць палітычная, эканамічная, што дапамагае ў развіцці паўнавартаснага грамадства і дзяржавы.

Каб толькі не змарнаваць гэтае імкненне, але падтрымаць!

Аксана Ючкавіч

 
© 2003-2024 Catholic.by