Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Малітоўны рух «Мацi ў малiтве» адзначыў 15-гадовы юбiлей існавання ў Беларусі
Беларусь
04.02.2016 14:54

15-годдзе існавання ў Беларусі адзначыў рух «Маці ў малітве». З гэтай нагоды 29-31 студзеня ў кляштары айцоў вербiстаў у Баранавічах прайшла 5-я Беларуская канферэнцыя руху. У ёй прынялі ўдзел каля 100 жанчын з беларускiх суполак, а таксама 12 жанчын рознага веравызнання — удзельнiц руху з Расii на чале каардынатарам руху Галінай Балтоўскай.

Жанчыны прыехалі з Мінска, Маладзечна, Гарадзеi, Бабруйска, Брэста, Баранавіч, Ляхавічаў, Бярозы, Ліды, Браслава і Будслава, а таксама з Масквы, Пецярбурга, Калугi, Вялiкага Ноўгарада i нават з Казанi.

Як зарадзіўся рух у Беларусі?

Пра мiжнародны малітоўны рух «Мацi ў малiтве» ў Беларусі даведаліся ў 2000 годзе, калі сюды прыязджала яго заснавальніца англічанка Вероніка Уільямс. Крыху пазней, 4 лютага 2001 г., у парафіi Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску па благаслаўленні кс. Міхала Сапеля прайшла сустрэча жанчын, якiя захацелi з’яднацца ў малiтве за сваiх дзяцей i за ўсiх дзяцей у свеце.



З таго дня рух i лiчыць сваё iснаванне ў нашай краіне. Рухам з таго часу па сённяшні дзень нязменна кіруе Людмiла Губiна. Па благаслаўленні кардынала Казіміра Свёнтка групы «Мацi ў малiтве» пачалі з’яўляцца i ў іншых касцёлах Беларусі.

Цёпла сустрэлi ўдзельнiкi канферэнцыi сястру Паўлу Бобэр з Кангрэгацыi Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і. У гэты дзень сёстры мiсiянеркi адзначалi ўспамiн сваёй заснавальнiцы, благаслаўлёнай Баляславы Лямэнт, i сястра Паўла цiкава распавяла пра яе жыццё, пра асаблiвую духоўнасць супольнасці, заснаванай на поўным даверы Богу, на пошуку адзiнства памiж хрысцiянамi.

Гэта было вельмi блiзка прысутным, бо мацi на сваiх штотыднёвых сустрэчах таксама цалкам аддаюць сваіх дзяцей, як родных, так i духоўна ўсыноўленых, i ўсе сем’i Божаму Провiду i нiколi не робяць акцэнтаў на канфесiйных адрозненнях. Выдатны псiхолаг i педагог, сястра Паўла выказала поўнае разуменне сучасных мацярынскiх праблем i знайшла просты шлях да сэрцаў мацi.

Удзельніц руху наведалі тры біскупы

Асаблiвай радасцю i благаслаўленнем для ўдзельніц стала наведванне канферэнцыi бiскупам Віцебскім Алегам Буткевiчам, біскупам Пінскім Антонiем Дзям’янкам і дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрыем Касабуцкім. Кожны дзень адбывалася святая Iмша, якую цэлебраваў бiскуп.



Госцi з Расii казалі: «Гэта проста цуд! Мы чакаем вiзiту бiскупа гадамi, а тут такi падарунак!» Сардэчная ўвага да руху, простыя i мудрыя гаміліі бiскупаў, словы падтрымкi i высокая адзнака дзейнасцi жанчыны-мацi ў Касцёле i ў грамадстве, сама прысутнасць бiскупаў сярод удзельніц сапраўды былi добрым падарункам.

Жанчынам радасна было даведацца, што мацi біскупа Алега Буткевіча ўжо шмат гадоў таксама ўдзельнiчае ў руху «Мацi ў малiтве», таму для яго гэты вiзiт быў натуральнаю падзякаю сваёй мацi за яе малiтву, праз якую — цалкам магчыма — ён прыйшоў да святарства, а дзве ягоныя сястры — да манаскага паклiкання.

Добрым сведчаннем мiжканфесiйнага характару руху быў удзел у канферэнцыi праваслаўнага святара а. Фiлiпа Парфёнава з Расіі, якi разважаў аб грахах нацыi i неабходнасцi агульнага пакаяння. Цiкавым i карысным было і выступленне жанчын з пратэстанцкай суполкi пра арганiзацыю сваiх сустрэч i супрацоўнiцтва з iншымi канфесiямi.



Тры кароткiя днi былi насычаны малiтвамi, сведчаннямi i справаздачамi прадстаўнiкоў розных суполак. Мацi раз’язджалiся дадому, перапоўненыя ўзаемнай любоўю, новымi знаёмствамi, шчаслiвымi ўражаннямi, удзячнасцю Богу за сустрэчу, натхненнем, новымi iдэямi i планамi.

Удзельніцы выказваюць хвалу Пану за тое, што Ён прывёў гэты рух на Беларусь, з’яднаў іх у мацярынскай малiтве з жанчынамi па ўсiм свеце i вядзе да ўсё большай еднасцi ў сваёй Любовi.

Ірына Рубінава

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.