Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Як гатаваць куццю на калядны стол?
Беларусь
24.12.2016 08:00

Хрысціянская вера ў шырокім сэнсе пабудавана вакол агульнага пасілку — пачынаючы з Апошняй Вячэры. Радаснае свята Нараджэння Хрыста хрысціяне таксама адзначаюць за агульным сталом. І ў гэтыя перадсвяточныя дні мы распавядзем, што ставілі на гэты стол нашы продкі і што дагэтуль гатуюць у многіх беларускіх сем'ях.

Звычайна на вігілію гаспадыні гатавалі да 12 страваў — іх лік сімвалізуе апосталаў, якія першымі спажылі галоўную Страву нашага жыцця — Цела і Кроў Езуса.

Дзень перад святам — вігілія, што ў перакладзе з лацінскай мовы азначае «начное чуванне». Раней гэта быў дзень сціслага посту, калі здаровым дарослым людзям можна прыступаць да ежы толькі адзін раз.

На стол кладуць сена ці салому, засцілаюць бялюткім абрусам у знак таго, што Езус прыйшоў на свет у хляве, дзе стаяла скаціна. Адначасова белы абрус сімвалізуе чысціню алтара, на якім Езус кожны дзень прыносіць нам сябе ў бяскроўную Ахвяру.

Вігілійная вячэра звычайна адбываецца пасля таго, як у небе загарыцца першая зорка. Тады сям'я сядае за стол, запрашаючы за яго таксама нечаканых гасцей, якім лёс не дазволіў сустракаць свята разам з роднымі.


Пасля малітвы і чытання (пажадана бацькам сям'і ці старэйшай асобай) тэкста з Евангелля, які распавядае пра Нараджэнне Хрыста, усе дзеляцца асвечанай аплаткай і віншуюць адзін аднаго са святам.

Галоўная і абавязковая страва на вігійным стале — посная, ці «галодная», куцця. У Беларусі і сама гэтая страва дала нефармальную назву вігілійнай вячэры.

Куцця — традыцыйная каша з пшанічнай ці ячневай крупы, зараз яе таксама можна рабіць з рысу.

  • 2 шклянкі ячных круп
  • 5 шклянак вады
  • масла паводле густу
  • соль

Перабраць крупы, прамыць, адкінуць на друшляк, даць сцячы. Заліць вадой у вялікай місе і пакінуць на ноч. Зліць ваду. Укінуць у рондаль з падсоленым кіпнем і гатаваць, пакуль крупы не набрыняюць. Зліць лішнюю ваду. Запячы ў духоўцы пры 160˚С каля 40 хвілін. (4-5 порцый)

Куццю, якую ад беларусаў пазычылі суседзі на поўначы і захадзе, падавалі з маслам ці макавым малаком.

  • 400 г маку
  • ½ шклянкі мёду (цукру)

Насыпаць мак у місу, заліць кіпенем, перамяшаць і пакінуць на 15 хвілін. Зліць ваду і ізноў заліць кіпенем, перамяшаць і пакінуць на 30 хвілін, ізноў зліць. 2–3 разы перамалоць у кухонным камбайне, ужываючы вельмі вострыя нажы, пакуль макавая маса не набудзе крыху белаваты колер ад соку. Закіпяціць 1,5 літры вады і заліць мак, дадаць мёд або цукар і пакінуць у халодным месцы. Можна таксама дадаць молаты міндаль, разынкі і г. д. (6-8 порцый)

Куцця таксама цудоўна сімвалізуе еднасць беларускага народа, нягледзячы на канфесійныя падзелы — гэта калядная ежа і для беларускіх католікаў, і для праваслаўных.

Зараз саму куццю часта не запякаюць і дадаюць арэхі, разынкі, мёд, цукаты, цукар.

У вігілію забаранялася піць алкагольныя напоі, каб захаваць паважлівае стаўленне да надыходзячага свята. Да таго ж пасля вігілійнай вячэры сям'я выпраўлялася ў касцёл на святую Імшу — пастэрку.

Аляксандр Гелагаеў
паводле матэрыялаў Catholic.by, dzietki.org, vnauke.by і часопіса «Ave Maria»

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.