Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Як набыць здаровае сэрца? Рэкалекцыі для моладзі прайшлі ў Гудагаі
Беларусь
30.11.2015 15:41

Чацвёртыя па ліку моладзевыя рэкалекцыі ў цыкле «Хваробы сэрца» адбыліся ў Гудагаі. Духоўныя практыкаванні пад назвай «Добрая глеба» праходзілі з 27 па 29 лістапада ў кляштары сясцёр кармэлітак ад Дзіцяткі Езуса. Праводзіў рэкалекцыі кс. Раман Суша.

Тры першыя часткі ў цыкле рэкалекцый «Хваробы сэрца» адбываліся ў Брэсце і былі заснаваны на прыпавесці пра сейбіта (Лк 8, 1-15). Тады моладзь разважала над тым, што адцягвае сэрца чалавека ад Езуса і пакідае яго пры дарозе, чаму сэрца чалавека становіцца скамянелым і не можа прыняць любоў Бога, а таксама якія церні перашкаджаюць сэрцу чалавека сузіраць Бога і быць побач з Ім.

Чацвёртыя рэкалекцыі пад назвай «Добрая глеба» з'яўляліся працягам трох папярэдніх і праходзілі ў Гудагаі. Як падрыхтаваць «добрую глебу», каб Дух Святы дзейнічаў у сэрцы чалавека, – асноўнае пытанне, якое вырашалася падчас гэтых рэкалекый.

Разважаць над гэтай тэмай і духоўна ўзбагачацца моладзі дапамагалі канферэнцыі, набажэнствы, медытацыі і магчымасць заступніцкай малітвы.

Засяроджанню ў цішыні і разважанню над Божым словам спрыяла таксама асаблівая ціхая атмасфера мястэчка Гудагай, дзе ўжо некалькі стагоддзяў знаходзіцца цудатворны абраз Маці Божай Гудагайскай.

«Быць добрай глебай – гэта значыць мець здаровае сэрца, кожную хвіліну быць у сузіранні. А гэта магчыма толькі з Духам Святым», – сказаў кс. Раман Суша на пачатку рэкалекцый.

Таксама святар падчас канферэнцый распавёў, што ёсць шмат спакусаў, якія выводзяць чалавека са стану справядлівасці, супакою і радасці ў Духу Святым, выводзяць праз думкі аб граху. І калі нават чалавек вядзе праведны лад жыцця, д’ябал усё роўна можа яго вывесці з гэтай добрай глебы, звярнуў увагу святар і дадаў, што самым дзейсным інструментам у гэтым выпадку будзе смутак.


«Валадарства Божае – гэта справядлівасць, супакой і радасць у Духу Святым. Дух Святы дае супакой. Калі прыходзіць неспакой – значыць, штосьці ўбіваецца ў тваё сэрца. Бывае, што іншыя людзі хочуць цябе ўшчыпнуць, каб вывесці з сябе. Калі чалавек пачынае давяраць таму, што яму кажуць, то д’ябал выводзіць яго са стану Божага Валадарства, таму пастаяннае самаасуджэнне забівае», – заўважыў рэкалекцыяніст.

Па словах святара, кожны чалавек сімвалізуе Ізраэль. Гэтаму народу, таксама як і сённяшнім вернікам, было дадзена заданне захаваць веру ў Бога, які не праміне і знаходзіцца заўсёды побач. У ізраільцян было заданне захаваць веру ў Бога, нягледзячы ні на што.

«Нават калі над табой пануе нешта грэшнае, памятай, што Бог па-над усім. У Яго ёсць планы на планы сатаны, таму можна расслабіцца, сесці, прызямліцца і дакрануцца да Валадарства Нябеснага. Гэта нібы ап’яненне ў Духу Святым, якое было ў апосталаў», – падкрэсліў кс. Раман Суша.

У другі дзень рэкалекцый святар узгадаў гісторыі Ноя і Абрагама, як прыклады даверу Богу і жыцця ў Духу Святым.

Рэкалекцыяніст адзначыў, што Ной, як правобраз усіх ахрышчаных, правобраз Валадара, Прарока і Святара, быў дадзены людзям для настаўлення. І сённяшнія хрысціяне, па словах кс. Рамана Сушы, пакліканы, як Ной, будаваць каўчэг свайго сэрца.

Святар растлумачыў удзельнікам рэкалекцый, што, падобна як Валадар сядзіць на сваім троне, так і людзі павінны валадарыць над сваім целам, “асядлаць” сваю цялесную натуру; як Прарок здабывае словам, так і яны пакліканы здабываць словам іншых, а самых блізкіх браць на “каўчэг”і ствараць сваю Бэтанію; як Святар пануе над духам, так і чалавек пакліканы панаваць над сваім сэрцам праз малітву.

«Калі ты жывеш у каўчэгу, тады тое, што ў ім, не знішчыцца, а ты адыйдзеш і будзеш успамінаць усю тую міласціну, слова і ўсіх, каго ты здабыў праз свой алтар», - заключыў кс. Раман Суша.

Паразважаць далей над гісторыяй Ноя некаторыя ўдзельнікі рэкалекцый адправіліся на доўгі Крыжовы шлях ваколіцамі Гудагая. Узнімаючыся па першым снезе па мясцовых узгорках і праходзячы ляснымі сцяжынкамі, кожны разважаў аб тым, што непакоіла яго сэрца.


Будаваць свой “каўчэг”, рабіць сваё сэрца здаровым удзельнікам рэкалекцый акрамя канферэнцый дапамагалі штодзённыя святыя Імшы, вячэрняя адарацыя, магчымасць споведзі, духоўнай размовы са святаром і заступніцкай малітвы.

«Добрай глебай сэрца чалавека з’яўляецца пастаяннае чуванне, бесперапынная сувязь з Панам Богам», – заўважыў кс. Раман Суша напрыканцы рэкалекцый.

Святар падкрэсліў, што, каб увесь час знаходзіцца ў такім чуванні, патрэбна пастаянна сябе фармаваць у фізічным і духоўным плане.

На гэтым шляху, адзначыў рэкалекцыяніст, патрэбна супрацьстаяць духоўным пагрозам  (залежнасцям, негатыўным уплывам акружэння і інш.), захоўваць парадак дня, не забываючыся на адпачынак, заўсёды ўставаць пасля падзення ад граху, памятаючы, што не ўсё залежыць ад самога чалавека, не станавіцца фарысеямі, заўсёды чуваць у малітве, але і не перабольшваць з ёй, усе свае турботы ўскладаць на Пана і вучыцца канцэнтравацца на галоўным у сваім жыцці – на Езусе.


Марына Валасар

Фота аўтара  

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.