Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
SACRIS VESTIBUS. Сутана святара: пераемнасць традыцый і наватарства
Беларусь
02.10.2015 09:57

Пераемнасць традыцый рыма-каталіцкай мастацка-культурнай спадчыны з’яўляецца заканамернасцю яе гістарычнага развіцця, што рэалізуецца ў дынамічнай і паслядоўнай змене пакаленняў, іх светапоглядаў, звычаяў, укладу рэлігійнага жыцця. Кожнае новае пакаленне засвойвае дасягнуты вопыт папярэдніх часоў і на гэтай аснове становіцца ініцыятарам пераўтварэнняў, якія спрыяюць актыўнаму руху наперад.

Майстэрня SACRIS VESTIBUS па пашыве літургічнага адзення абсталявана сучаснай швейнай тэхнікай, базуецца на найноўшых камп’ютарных тэхналогіях, калектыў супрацоўнікаў складаецца з прафесійных мадэльераў, закройшчыкаў, вышывальшчыкаў і швачак. Але, нягледзячы на ўсе магчымасці, якія прадастаўляе тэхнічны і інфармацыйны прагрэс сённяшняга дня, майстры SACRIS VESTIBUS звяртаюцца да традыцый шыцця і вопыту папярэдніх пакаленняў у справе пашыву сутаны святара.

Сутана — гэта доўгая вопратка каталіцкага духавенства. Традыцыя насіць вопратку, якая б адрознівала святара ад свецкага чалавека, паходзіць з VI ст. (пастанова была прынята ў 572 г. на Сінодзе ў партугальскім горадзе Брага). Сучасны выгляд сутаны паўстаў у XVI ст. Канчатковы варыянт формы, сімволікі і каларыстыкі сутаны сфарміраваўся ў XVII–XVIII стст.

— Здаецца, усё так проста: доўгая кашуля з рукавамі і невялікім каўняром…
Няўжо так складана гэта пашыць?
— Вельмі складана, калі не ведаць сакральнай сімволікі сутаны, яе значнасці і функцый у служэнні святара.


 
Царкоўнае адзенне, літургічнае ўбранста, аздабленне храма з’яўляюцца візуальным увасабленнем сакральнай Ісціны. Сутана святара разам з іншымі рэлігійнымі атрыбутамі ў першую чаргу дэманструе сціпласць: чорны колер, прамы крой. Але асаблівасць прамога крою сутаны ў тым, што яна не павінна дакранацца ног (у стане спакою), павінна нагадваць па форме звон (рус. колокол). Кoлькасць гузікаў на сутане павінна быць роўная трыццаці тром, што адпавядае гадам зямнога жыцця Езуса. Сакральнае значэнне сутаны заключаецца ў вобразна-сімвалічнай рэпрэзентацыі элементаў Крыжовага шляху Езуса Хрыста. Першапачаткова гузікі для сутан рабілі з конскага воласу (грубага і калючага, але трывалага), чым гузік павінен быў нагадваць цярновы вянок. Кант сутаны аздабляецца шнуром (радзей тасьмой), што сімвалізуе вяроўкі, якія выкарыстоўваліся падчас Крыжовага шляху.

Першая сутана, якую пашылі працаўнікі SACRIS VESTIBUS, была створана па прынцыпе пашыву паўсядзённага мужчынскага адзення (рубашкі і пінжака), але да канца не адпавядала сапраўднай святарскай сутане, хоць знешні выгляд сутаны нічым яе не «дыскрэдытаваў». Каб дасягнуць мэты і ствараць сакральна значную і практычна ўжывальную сутану, супрацоўнікі майстэрні звярнуліся за дапамогай і прафесійнай кансультацыяй да славутага краўца, сапраўнага знаўцы сваёй справы – спадара Чэслава Чэслававіча Жука (у свой час ён скончыў Вышэйшыя курсы закройшчыкаў і мадэльераў у горадзе Рыга).



 

Чэслаў Жук 25 год сваёй прафесійнай працы прысвяціў непасрэдна шыццю і рапрацоўцы тэхнік па пашыве сутан. Першыя сутаны пашыў у 1990 г. для навучэнцаў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Некалькі год удасканальваў свае веды і майстэрства, у выніку чаго распрацаваў свае ўласныя тэхналогіі і методыкі па пашыве сутан. У Беларусі да нядаўняга часу не было ніводнай спецыялізаванай майстэрні па пашыве сутан. Гэтай справай займаўся Чэслаў Жук, і пра яго дзейнасць ведае амаль кожны святар у Беларусі.  

Спадар Чэслаў прыехаў у г. Маладзечна спецыяльна, каб даць майстар-клас па пашыве сутан, падзяліцца вопытам, напрацоўкамі і некаторымі хітрасцямі для таго, каб яго руплівая праца мела працяг і служыла на карысць Богу і людзям.

«Шчасліва знасіць, а потым новую пашыць», – з усмешкай жадае сваім пакупнікам кравец. Па словах майстра, пашыў адной сутаны займае 25 гадзін бесперапыннай працы. Самым складаным момантам пры пашыве сутаны лічыцца працэс пабудовы плечавой часткі, бо ў першую чаргу сутана павінна быць зручнай і дапамагаць святару пры працы, а не ствараць перашкоды, таму плечавая частка павінна быць свабоднай (не стрымліваць рухі) і адначасова мець эстэтычны выгляд (не рабіць уражанне, нібы адзенне вялікае). Важным этапам пры пашыве сутаны лічыцца фарміраванне складак. Знешне мы гэтых складак не бачым, але яны ёсць і іх памер у разгорнутым выглядзе дасягае амаль поўнага росту чалавека, для якога шыецца сутана.


 

Сучасныя краўцы і швачкі ідуць у краму і набываюць там фурнітуру для сваіх вырабаў. Спадар Чэслаў не практыкуе такога спрошчанага метаду ў сваёй працы, бо фурнітура з крамы зусім не выконвае тыя функцыі, што патрабуе сутана. Для таго, каб святар мог хутка апрануцца або распрануцца і пры гэтым максімальна шчыльна зафіксаваць на сабе адзенне, спадар Чэслаў распрацаваў уласныя кручкі, якія робіць са звычайных канцылярскіх (буйных па памеры) сашчэпак (толькі пры дапамозе іх можна дасягнуць патрэбнага эфекту).

Па метадзе Чэслава Жука гузікі для сутаны таксама ствараюцца таленавітымі рукамі майстра. Гузікі робяцца з нітак, бо менавіта тоўсты слой нітак дазваляе гузікам доўга служыць, быць падатлівымі пры расшпільванні (яны нібы слізгаюць па тканіне) і разам з тым устойліва трымацца на вырабе за кошт таго, што складаюцца яны з вялікай колькасці ніткавых перапляценняў.  

Аздабленне бартоў і канту сутаны выконваецца сучаснымі майстрамі пры дапамозе тасьмы. Спадар Чэслаў выкарыстоўвае для аддзелкі шнур: па-першае, гэта традыцыйна і сакральна важна, па-другое, шнур робіць сутану і яе элементы больш лёгкімі, чым тасьма, па-трэцяе, шнур больш трывалы пры носцы і яго можна з лёгкасцю замяніць, калі ўзнікне такая патрэба (тасьма стварае перашкоды пры такіх маніпуляцыях).



 

Майстэрская ручная праца, якой аддаецца перавага пры пашыве сутаны па метадзе Чэслава Жука, з’яўляецца характэрнай рысай прафесійных краўцоў, творцаў высокай моды, стваральнікаў традыцыйнага нацыянальнага адзення, што высока цэніцца прафесіяналамі і аматарамі як выражэнне складанага працэсу, у выніку якога паўстаюць сапраўдныя творы мастацтва.

Некалькі тыдняў плённай і карпатлівай сумеснай працы супрацоўнікаў SACRIS VESTIBUS і майстра Чэслава Жука дапамаглі стварыць новыя сутаны па ўнікальных тэхналогіях з захаваннем сакральных традыцый і ўлікам непасрэднага прызначэння вырабаў.
 Майстэрня SACRIS VESTIBUS па пашыве літургічнага адзення запрашае да набыцця сваёй прадукцыі. Прапаноўвае шырокі спектр тавараў на густ кожнага. Можа ствараць унікальныя, эксклюзіўныя і традыцыйныя рэчы. SACRIS VESTIBUS імкнецца спалучаць высокую якасць і даступнасць коштаў, якая падмацоўваецца спецыяльна распрацаванай сістэмай скідак.
Лепей пазнаёміцца з вытворчасцю майстэрні SACRIS VESTIBUS можна на сайце www.sacris.by, дзе размешчана інфармацыя пра кошты, якасць тканіны, а таксама фотаздымкі вырабаў.

Набыць вырабы можна:

  • непасрэдна ў майстэрні на тэрыторыі касцёла св. Казіміра па вул. Вялікі Гасцінец г. Маладзечна
  • праз інтэрнэт-краму на сайце www.sacris.by
  • пры дапамозе электроннай скрыні Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
  • па тэлефонах +375 29 619 53 81 (Людміла Міхайлаўна Прывалава); +375 29 616 93 53   +375 29 511 04 82 (бр. Андрэй Жылевіч OFMCap).
Вераніка Раманенкава

Фота бр. Алега Шэнды OFMCap
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.