Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Адновім будслаўскі касцёл разам»: у Мінску прайшла прэс-канферэнцыя па аднаўленні Нацыянальнага санктуарыя
Беларусь
28.05.2015 15:43

«Адновім будслаўскі касцёл разам» — слоган, які быў прапанаваны ўдзельнікамі прэс-канферэнцыі на тэму «Захаванне гісторыка-культурнай спадчыны ў Беларусі аб рэстаўрацыі будслаўскага касцёла бернардынцаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці», якая адбылася 28 мая ў Доме прэсы ў Мінску.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кусташ Будслаўскага санктуарыя а. Віктар Бурлака, дырэктар выдавецтва «Pro Christo» Аліна Новікава.

Падчас прэс-канферэнцыі Грамадскае аб'яднанне «Беларускі фонд культуры» і Беларускі камітэт міжнароднай Рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС) выступілі з ініцыятывай правядзення рэспубліканскай акцыі па зборы сродкаў на рэстаўрацыю будслаўскай святыні.

Аднаўленне святыні тычыцца найперш інтэр'еру: рэстаўрацыі чакае старажытны драўляны алтар, дзе раней знаходзіўся цудадзейны абраз, сам абраз Маці Божай, фрэскі, а таксама арган.

Удзельнікамі было неаднаразова адзначана, што аднаўленне матэрыяльнага складніку будслаўскай святыні спрыяе падтрымцы духоўнай часткі, якой вядомы Будслаў — урачыстага фэсту, які адбываецца на пачатку ліпеня.

Як адзначыў Уладзімір Гілеп, старшыня ГА «Беларускага камітэта ІКАМОС», «гэта ўрачыстасць, якая выйшла за межы Мядзельскага раёна і стала святам усёй краіны, і нават выйшла за межы Беларусі».

Таксама неаднаразова ўздымаўся выхаваўчы аспект акцыі, адной з мэтаў якой было б развіццё ў грамадскасці пачуцця павагі і пашаны да помнікаў гісторыі, культуры і духоўнага жыцця нашага народа.

«Мы нарэшце пачынаем разумець, што і ў нас ёсць помнікі, што нароўні стаяць з еўрапейскімі, якімі мы так усе захапляемся», — адзначыў Анатоль Бутэвіч, намеснік старшыні Беларускага камітэта «ІКАМОС». Таксама Анатоль Бутэвіч прапанаваў распачаць рэспубліканскую акцыю па зборы сродкаў на рэстаўрацыю святыні ў Будславе пад слоганам «Адновім будслаўскі касцёл разам», каб падкрэсліць, што Будслаўскі санктуарый — гэта «каштоўнасць для ўсіх беларусаў, а не толькі для беларускіх католікаў». Ён заклікаў, каб акцыя стала справаю кансалідацыі нашага грамадства, якой спрадвеку быў вядомы беларускі народ, дзе было пачэснае месца як розным нацыянальнасцям, так і прадстаўнікам розных канфесій.

Гэтую ініцыятыву падтрымала Нацыянальная камісія Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, якая таксама мае намер спрыяць пашырэнню дабрачыннай акцыі.

У сваю чаргу Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь прапанавала ўнесці фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай у Спіс нематэрыяльнай культуры спадчыны ЮНЕСКА.

Ці гатовы людзі ахвяраваць сродкі на святыню?

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч на пытанне аб тым, ці гатовы, на яго думку, людзі да таго, каб ахвяраваць грошы на ўдзел у такой акцыі, сказаў: «Як паказаў вопыт, у такіх акцыях звычайна якраз найбольш бедныя і дапамагаюць найбольш. Калі працягваеш руку дапамогі таму, хто ў патрэбе, то працягваеш руку Езусу Хрысту».

Таксама арцыбіскуп адзначыў, што Будслаў з'яўляецца вельмі важным месцам для беларускай моладзі, дзе яна найбольш можа сцвердзіць сваю хрысціянскую ідэнтычнасць.

«Калі б сцены будслаўскай святыні маглі прамаўляць, то яны распавялі б нам гісторыі многіх людзей, якія сталі на шлях духоўнай адновы менавіта ў Будславе», — дадаў арцыбіскуп.

Услед за астатнімі ўдзельнікамі Мітрапаліт падкрэсліў экуменічны аспект акцыі, да якой могуць далучыцца прадстаўнікі розных канфесій, неабыякавыя да справы захавання духоўнай спадчыны. У сваю чаргу экуменічны дыялог прадстаўнікоў розных канфесій, якія аб'яднаны ідэяй і агульнай працай, спрыяе кансалідацыі грамадства.

«Феномен Будслава»

«Феномен Будслава» — гэта шматлікасць пілігрымаў, якія прыходзяць, прыязджаюць на роварах, аўтобусах, цягніках і аўтамабілях у гэту вёсачку Мядзельшчыны, каб разам прымаць удзел ва ўрачыстых Імшах, малітвах, спевах, фестывалях.

У будслаўскую парафію прыязджаюць дзеці і моладзь не толькі падчас урачыстасцяў, але і ў іншы час года, каб паўдзельнічаць у спецыяльных духоўных рэкалекцыях, проста памаліцца.

«Сучасны чалавек вельмі патрабуе такой святыні, як Будслаўскі санктуарый», — дадаў а. Віктар Бурлака, які як пробашч парафіі бачыць пілігрымаў, часта турыстаў, якія прыязджаюць да святыні.

Падчас прэс-канферэнцыі была агучана прапанова зрабіць у Будславе культурна-асветніцкі цэнтр, які б прыцягваў людзей розных хрысціянскіх канфесій. З такой прапановай выступіў Тадэвуш Стружэцкі, намеснік ГА «Беларускі фонд культуры», прывёўшы ў прыклад правядзенне арганнага фестывалю на Пастаўшчыне.

Таксама прагучала ідэя дапоўніць будслаўскія ўрачыстасці сустрэчамі з беларускімі пісьменнікамі і паэтамі, што маглі б узбагаціць малітоўную праграму разам з выступамі хрысціянскіх гуртоў, якія асаблівым чынам накіраваны на моладзь і ўжо паспяхова праводзяцца ў межах святаў.

«Зробім так, каб час пайшоў», — былі адны з апошніх слоў на прэс-канферэнцыі, якія тычыліся каванага гадзінніка, што ўпрыгожвае будслаўскую святыню, але не паказвае час, бо яшчэ не працуе.

Аксана Ючкавіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.