Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Майская сустрэча» для супрацоўнікаў і валанцёраў «Карытас» прайшла ў Лепелі
Беларусь
26.05.2015 15:23

У Дабрачыннага каталіцкага таварыства «Карытас» 25 мая адбылася сустрэча для супрацоўнікаў і валанцёраў арганізацыі. «Майская сустрэча», якая праходзіла ў Лепелі (Віцебская дыяцэзія), распачалася cвятой Імшой, якую ўзначаліў біскуп Віцебскi Алег Буткевіч.

На пачатку Імшы дырэктар «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі кс. Андрэй Аніскевіч прывітаў біскупа і ўсіх прысутных. А біскуп у сваім прывітальным слове адзначыў знакавасць «Майскай сустрэчы» ў дзень свята Найсвяцейшай Панны Марыі і выказаў радасць прысутнасці сярод супрацоўнікаў і валанцёраў «Карытас».

У гаміліі біскуп падкрэсліў важнасць вобразу Божай Маці, якая з’яўляецца таксама Маці ўсяго Касцёла. Яе прыклад пакоры і паслухмянасці, які яскрава ўзгадваецца ў Слове Божым падчас цуду ў Кане Галілейскай, вучыць, па словах іерарха, увазе ў адносінах да іншых: «Божая Маці заўважае праблему іншага чалавека, больш таго, цяжкую для вырашэння. Яна звяртаецца да свайго Сына і чуе ў адказ, што гэта не Яе справа. Яе жаданне дапамагчы іншым прывяло Яе саму ў нязручную сітуацыю. Яе прыклад — прыклад поўнага даверу Богу і Яго Сыну. Давер Сыну Божаму ёсць у тым, што калі мы просім, Ён чуе нас. І Марыя паказвае, што гэта сапраўды дзейнічае. Інакш кажучы, дзейнічае прынцып дапамогі іншаму чалавеку, якога трымаюцца супрацоўнікі «Карытас» у сваёй дзейнасці. Перш чым дапамагчы іншаму, напачатку трэба паверыць Богу самому. Але «паверыць у Бога» і «даверыцца Богу» — гэта дзве розныя рэчы. Менавіта таму ў нашай рэчаіснасці мы павінны вучыцца гэтаму даверу. І сёння мы бачым, што ён сапраўды дзейнічае».

Напрыканцы Імшы кс. Віктар Гайдукевіч, дырэктар «Нацыянальнага Карытас», выказаў словы падзякі ад імя ўсёй арганізацыі біскупу Алегу Буткевічу за прысутнасць, за малітву Пану Богу ў інтэнцыі ўсіх супрацоўнікаў і валанцёраў і за пражыты год, а таксама за пастырскае слова падчас святой Імшы, вельмі актуальнае для «Карытас», падкрэсліўшы, што сапраўдным рухавіком нашага жыцця павінны быць не матэрыяльныя каштоўнасці, а давер Богу, як сказаў біскуп. Ксёндз Віктар Гайдукевіч падзякаваў таксама ўсім дырэктарам дыяцэзіяльных «Карытас», асабліва дырэктару «Карытас» Віцебскай дыяцэзіі за добра падрыхтаваную праграму на «Майскую сустрэчу», а ўсім супрацоўнікам і валанцёрам пажадаў бачыць у кожным, хто патрабуе, па прыкладу Маці Тэрэзы з Калькуты, постаць самога Хрыста.

Пасля Імшы адбылося пасяджэнне Рады «Карытас», падчас якога былі абмеркаваны актуальныя пытанні, асаблівым чынам удзел «Карытас» у Будслаўскім фэсце.

Фінальнай кропкай сустрэчы стала праграма для ўсіх удзельнікаў з мерапрыемствамі, накіраванымі на развіццё каманднага духу.

Паводле сaritas.by, (AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.