Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гурт «Laudans» заваяваў гран-пры на хрысціянскім фестывалі ў Польшчы
Беларусь
26.05.2015 14:19

Хрысціянскі гурт  «Laudans» прыняў удзел у X Фестывалі хрысціянскай творчасці «Я шукаў вас» у Польшчы, з якога на радзіму вярнуўся з пачэснай узнагародай — гран-пры. Фестываль праходзіў у Закапанэ 22-23 мая і быў прысвечаны святому Яну Паўлу ІІ.

«Пра гэты фестываль мы даведаліся праз інтэрнэт і падалі заяўку на ўдзел. Мы дасылаем заяўкі на розныя конкурсы ці фестывалі такога кшталту», — распавядае Алёна Палачанская, удзельніца гурта.

«Для ўдзелу нам трэба было запісаць некалькі кампазіцый, адна з якіх «Здзіўленне» была на верш Караля Вайтылы. У выніку нас і запрасілі», — дадае Алёна.

Падчас канцэрту ў Закапанэ гурт выканаў спеў «Адзінства» разам з польскім дзіцячым хорам.


Cваю творчасць гурт «Laudans» пачынаў з выканання спеваў на тэксты вершаў, перакладзеных на беларускую мову, іншага вядомага святара паляка Яна Твардоўскага. Потым паступова пачалі дадавацца тэксты новых паэтаў, у тым ліку святога Яна Паўла ІІ, вядомай беларускай паэтэсы Ірыны Багдановіч і інш.

Узнагароды Фестывалю  хрысціянскай творчасці

Адной з узнагародаў, якую атрымаў гурт падчас фестывалю ў польскіх Татрах, стала магчымасць выступіць з сольным канцэртам у іншым польскім горадзе — Тшэбніца. Сольны канцэрт адбудзецца 29 мая, у межах XVII Сальватарыянскага фестывалю рэлігійнага спеву.

У Тшэбніцы «Laudans» прадставіць новы спеў «Ветразь», аўтарам слоў якога з'яўляецца саліст гурта Андрэй Лугін.

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.