Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Беларусі развіваецца турэмнае душпастырства
Беларусь
04.03.2015 11:38
Вялікі пост — не проста чарговы літургічны перыяд, а найбольш спрыяльны час для ўчынкаў міласэрнасці. Адзін з іх — суцешыць вязня. Адбываючы пакаранне ў турме, людзі нават пры жаданні не маюць магчымасці кожную нядзелю наведваць святыню, прыступаць да сакрамэнтаў. Але Бог шукае чалавека ў кожнай сітуацыі.

З дэкрэту біскупа Антонія Дзям’янкі, пробашч парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Нароўлі кс. Вінцэнт Сяўрук ужо два гады вядзе душпастырства ў турмах Гомельскай вобласці. Святар кажа, што за гэты невялікі тэрмін адчуў, што яго служэнне — запатрабаванае, і асуджаныя чакаюць святара, бо патрабуюць навяртання. Святар перакананы, што і для яго, і для зняволеных гэтыя сустрэчы вельмі патрэбныя, нават дзеля адной авечкі, што Езус шукае, каб прывесці назад, у Божую аўчарню.


Людзі, якія адбываюць пакаранне, часта дзякуюць за святарскае служэнне, і, калі развітваюцца з духоўнай асобай, запрашаюць прыехаць зноў, прызнаўся кс. Вінцэнт Сяўрук у інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё: «Увогуле чалавек, вера яго, мала чым адрозніваецца — ці ён на волі, ці ў турме. Веруючы чалавек, трапляючы ў турму, не перастае верыць. Чалавек вольны прыйсці на святую Імшу, на сустрэчу са святаром, жыць сакрамэнтамі, блізкасцю з Богам і на свабодзе, і ў зняволенні. Вольны маліцца ці не маліцца. Магчыма, розніца ў тым, што ў турме менш магчымасцяў, бо на свабодзе можна быць на святой Імшы хоць кожны дзень. У турме ж — толькі ў акрэсленыя дні», — падзяліўся святар.

Кожны з асуджаных мае права падаць просьбу кіраўніцтву калоніі, каб мець магчымасць сустрэцца з каталіцкім святаром. Атрымаўшы дазвол, чалавек можа прысутнічаць на сустрэчы з духоўнай асобай, прыняць удзел у Эўхарыстыі, слухаць Божае слова, удзельнічаць у катэхезе, прыступіць да сакрамэнту пакаяння, прыняць Святую Камунію. Святар бывае ў калоніі раз на месяц.

Ксёндз Вінцэнт Сяўрук быў сведкам шматлікіх сітуацый, калі менавіта апынуўшыся ў зняволенні чалавек прыходзіць да Бога, навяртаецца і зусім у іншым вымярэнні перажывае сваё пакаранне, ужо не толькі як прымус, але, перш за ўсё, як выкупленне за ўчыненыя злачынствы.

У зняволенні жанчыны і мужчыны маюць магчымасць чытаць каталіцкія часопісы, з дазволу кіраўніцтва калоній бібліятэкі папаўняюцца каталіцкай літаратурай. Кожны чалавек — асоба, якая патрабуе як індывідуальнага падыходу, так і часам псіхалагічнай дапамогі, а найперш — малітоўнай.

«Да кожнага чалавека трэба падыходзіць з Божай справядлівасцю, і таксама з Божай міласэрнасцю. Божая справядлівасць неабходна для таго, каб чалавек захоўваў Божыя запаведзі і знаходзіўся ў праўдзе перад Богам, вызнаваў свае грахі. Але таксама на гэтага чалавека трэба глядзець позіркам Божай міласэрнасці — Бог любіць гэтага чалавека і хоча даць яму дапамогу, каб ён падняўся і быў лепшым, стаў бліжэй да Бога», — падкрэсліў святар.

Ксёндз Вінцэнт Сяўрук памятае сітуацыі, калі людзі толькі ў турме ўспаміналі, што некалі былі ахрышчаны ў Каталіцкім Касцёле або што іх бацькі былі католікамі. Менавіта зняволенне падштурхнула іх да пошуку Бога.

У служэнні ў турме кс. Вінцэнт Сяўрук дасведчыў, што варта быць святаром, што Божая ласка дае патрэбныя сілы для выканання гэтага паклікання. Таксама Бог праз людзей, якіх сустракаем падчас турэмнага душпастырства, вучыць, дае духоўную падтрымку, разуменне жыцця. Такі досвед дае магчымасць па-іншаму глядзець на свет, на жыццё людзей, грамадства і задумвацца, як дапамагчы людзям жыць па-Божаму.

«Прычына таго, што чалавек трапляе ў турму - перш за ўсё калі адыходзіць ад Бога, ад веры. Чалавек, адыходзячы ад Бога, шукае ў іншых рэчах вырашэнне сваіх праблем, трапляе ў залежнасці, розныя сітуацыі жыцця без Бога, якія пазней могуць прывесці да адбывання пакарання ў турме. Той, хто думае, што пабудуе сваё жыццё без веры ў Бога, без Яго дапамогі — глыбока памыляецца. Вельмі шмат выпадкаў, калі людзі адышлі ад Бога і жылі без Яго, і наступствамі такога жыцця стала тое, што чалавек здзейсніў злачынства і апынуўся ў турме. На свабодзе не мог зразумець сваіх праблем, кораню зла, пакуль не апынуўся ў турме», — заключыў турэмны душпастыр.

Бліжэй да Вялікадня кс. Вінцэнт Сяўрук зноў збіраецца да сваіх «падапечных», каб прынесці ім радасць уваскрослага Хрыста.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.