Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каталіцкія скаўткі здзейснілі зімовую вандроўку
Беларусь
03.03.2015 16:59

28 лютага каталіцкія скаўткі здзейснілі зімовую вандроўку пад назвай «Дзе шлях Твой?...». Пра яе распавяла правадніца вогнішча бл. Мар'яны Бярнацкай Анастасія Харкевіч.

Заўжды «Напагатове!». Такі вокліч характэрны для скаўтаў. Сапраўды, скаўт гатовы да ўсяго ў сваім жыцці, поўным прыгод і нечаканых вынікаў. Так і нашы дзяўчаты ў апошні дзень зімы 28 лютага, павінны былі быць «напагатове», каб, устаўшы вельмі рана, вырушыць у сваё чарговае вандраванне. Вандроўка гэтая была насычана не толькі прыгодамі, але і гістарычнымі асобамі. На гэты раз правадніцы вогнішча благаслаўлёнай Мар'яны Бярнацкай адправіліся на Гродзеншчыну, але свой шлях пачалі з Мінскай вобласці.

Першым пунктам нашага вандравання была зараз ужо не такая заможная, як калісьці, вёсачка Беніца. На ўваходзе ў яе нас сустракаў магутны дуб, які ў чацвярох мы не змаглі абняць. Касцёл у Беніцах вельмі старажытны, але, на жаль, не дзейнічае. Выгляд мае заможны, што гаворыць пра веліч і непарушную веру нашых продкаў, якія фундавалі, будавалі храмы і не забываліся ў іх маліцца. На жаль, зараз у храме не чуваць гуку аргана і радаснага «Аллелюя», але хто ведае будучыню. Тэма нашай вандроўкі была «Дзе шлях Твой?...», таму мы і вырашылі паглыбіцца ў шляхі нашага Пана і пошуку таго, якая Яго воля адносна жыцця кожнай з нас.

Асноўная адметнасць скаўтынгу – святая Імша пад адкрытым небам. На такой Імшы адчуваеш Бога ўпоўні, разумеючы, што толькі маленькая частка Яго цудоўнага стварэння. Бачым неба, поле, ручаіну, а ў цэнтры — жывогаХрыста, і дзякуем Богу за ўсю прыгажосць, у якой Ён са сваёй вялікай міласэрнасці дазволіў табе з'явіцца. Імшу цэлебраваў душпастыр нашага вогнішча айцец Алег Шэнда, які прамовіў цудоўную і актуальную гамілію для кожнай з нас. Натхнёныя Божым словам і ўмацаваныя Целам Хрыста, мы крочылі далей.

І вось, нарэшце, Залессе. Стомленыя, крыху галодныя  мы апынуліся ў палацы нашага славутага земляка Міхала Клеафаса Агінскага. 2015 год ЮНЕСКА прызначыў менавіта яму. Нас прынялі цёпла: напаілі гарбатай, паказалі фільм пра славутага сына беларускай зямлі. Седзячы ў канцэртна-музычнай зале, цяжка было не адчуць сябе прыгожай паненкай з той далёкай эпохі. Затым для нас правялі цудоўную экскурсію па сядзібе, што больш поўна раскрыла нам постаць Агінскага і яго час.     

Пасля наведвання гэтага месца ў галаве яшчэ доўга гучалі гукі «Паланезу», а ў сэрцы засталася вялікая туга, гонар, любоў і падзяка Богу за магчымасць нарадзіцца ў такой непаўторнай і адметнай краіне. Дарэчы, навокал была прыгажосць, якую апісаць нельга. Але час быў абмежаваны, таму, падсікаваўшыся, мы селі ў цягнік і даехалі да Смаргоні. Там нас прывітала парафія Святога Міхала Арханёла, у якой служаць салезіяне. Нам пашчасціла паўдзельнічаць у моладзевым Крыжовы шляху, а пасля мы былі запрошаны на сустрэчу моладзі, дзе пазнаёміліся з сапраўды адкрытымі і шчырымі падлеткамі Дона Боско.

У такой цёплай хатняй атмасферы скончыўся першы дзень нашага вандравання і апошні дзень зімы 2015 года. Наперадзе нас чакала вясна і дарога ў сядзібу іншага славутага беларуса – Францішка Багушэвіча – у Кушляны, разважанне над сваім жыццём і служэннем, якое кожная з нас мае, разуменне адказнасці за душы тых, каго Бог даручыў нашай апецы, шмат прыгод і радасных перажыванняў, якія могуць быць толькі ў лучнасці з Хрыстом і ў братэрскай любові з бліжнім.

Анастасія Харкевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.