Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сёстры-мучаніцы з Навагрудка: у кожнай з іх быў свой шлях да сумеснага кроку ў вечнасць
Беларусь
05.03.2015 11:24

«Благаслаўлёныя і святыя — гэта не людзі нейкага “ўчора”, як бы даўно яны ні жылі, гэта заўсёды людзі “заўтра”, — людзі евангельскай будучыні чалавецтва і Касцёла, сведкі будучага свету», — так пісаў Папа Ян Павел ІІ.

5 сакавіка 2000 годзе Папа Ян Павел ІІ далучыў да ліку благаслаўлённых 11 сясцёр мучаніц з Навагрудка. Гэта была вельмі важная падзея ў жыцці Касцёла ў Беларусі. У беатыфікацыі прынялі ўдзел амаль усе сёстры назарэтанкі з Беларусі.

Маем жаданне прыблізіць рысы кожнай з 11 сясцёр

Сёстры назарэтанкi прыбылi ў Навагрудак 4 верасня 1929 г. па запрашэнні тагачаснага бiскупа Зыгмунта Лазiнскага, каб займацца выхаваннем дзяцей i моладзi і апекавацца касцёлам Перамянення Пана (Белай Фарай). У Навагрудку яны заснавалi кляштар пад назвай Хрыста Валадара, а ў 1931 г. таксама агульнаадукацыйную школу, дзе вучылi дзяцей шанаваць каталiцкую i патрыятычную традыцыю. Яны хутка зжылiся з жыхарамi, а iх праца i паслуга сталi неабходным элементам гарадскога жыцця.

Сястра Канута

Першай з 11 мучаніц у Навагрудак прыехала сястра Канута.

Яна нарадзілася ў вёсцы Рачын. Распачала працу ў кухні. Жыхары горада ведалі яе як сястру, якая вельмі шмат малілася. Законніцы прыгадвалі: «Калi ёй было цяжка, адразу iшла ў каплiцу». Падчас вайны с. Канута гадзiнамi ляжала крыжам у каплiцы, молячыся аб Божай мiласэрнасцi i аб тым, каб Божае Валадарсгва авалодала цэлым светам. У момант смерці ёй было 47 гадоў.

Сястра Даніэля

Праз год пасля прыезду с. Кануты ў Навагрудак, у вераснi 1932 г., да яе далучылася сястра Даніэла. Яна нарадзілася ў горадзе Поіздаве. У Навагрудку, яна апекавалася гасцямi, апрача таго, займалася сталоўкай сясцёр i школьнай кухняй. Па сведчаннi маленькiх падапечных, праца на школьнай кухнi надзвычай моцна паказала яе мацярынскую самаахвярнасць, асаблiвую ўвагу да патрэбаў найбяднейшых, найбольш бездапаможных і асiрацелых. У момант смерці ёй было 48 гадоў.

Сястра Сергія

Трэцяй у Навагрудак прыбыла сястра Сергія. Яна была родам з вёскі Рагочына. Ва ўспамiнах сясцёр i жыхароў Навагрудка с. Сергiя засталася ў памяці ціхай, пакорнай i шчырай, як дзiця. Будучы вельмi самаахвярнай, несла анёльскую дабрыню, нiкому не адмаўляла ў дапамозе. Яе малiтва «была прыкладам i надзеяй у пошуках шляху да дасканаласцi, насуперак паўсюднай нянавiсцi атручанага вайною свету. Гераiчна адданная Укрыжаванаму, яна жыла ў Iм, з Iм i для Яго, маючы ў сабе Божы спакой, якi ўсюды i заўсёды выпраменьвала.  Яна часта казала, што не мае нiчога iншага, што магла б даць Пану Езусу за Яго любоў, акрамя асабiстага жыцця i што не баiцца мучанiцтва. У момант смерці яна мела 43 гадоў.

Сястра Раймунда

У Навагрудак сястра Раймунда, якая нарадзілася ў вёсцы Барнавішкі, прыехала пасля 1934 г. Працавала прыбiральшчыцай у школе, дапамагала сёстрам па хатняй гаспадарцы. Ва ўспамiнах сясцёр застаўся прыклад яе бескарыслiвай любовi, а таксама вялiкай i шчырай вернасцi статутам. У цяжкiя хвiлiны жыцця яна не раз паўтарала сёстрам: «Трымайцеся статутаў i Назарэта, бо ў гэтым наша сiла». Была вельмi пабожная i вольны час заўсёды праводзiла ў каплiцы. У момант смерці яна мела 51 год.

Сёстра Феліцыта

Сястра Феліцыта нарадзілася ў вёсцы Рудно. У Навагрудак была накіравана адразу пасля першых манаскіх абяцанняў. У Навагрудку яна займалася ўпарадкаваннем iнтэрната i дома сясцёр. Мала хто ведаў аб тым, што яна ад нараджэння мела хворае сэрца. Заўсёды ў добрым настроi выконвала тую цi iншую працу, не скардзячыся на жыццё. Любiлi яе i сёстры, i ўсё акружэнне. Кожны звяртаў увагу на яе цiхасць i пакорнасць. Старалася нiколi нiкому не перашкаджаць. У момант смерці ёй было 38 гадоў.

Сястра Геліадора

Пасля першых шлюбаў сястра Геліадора, якая нарадзілася ў вёсцы Старая Хута, таксама прыехала ў Навагрудак, дзе займалася рознымi справамi: прыбiрала ў школе, выконвала абавязкi брамнiцы, дапамагала ў кухнi. Што б яна нi рабiла, за што 6 ні бралася, усё выконвала спраўна i добра. Маючы добрае здароўе i фiзiчныя сiлы, была здольная за дзень зрабiць шмат справаў. Нiколi не бачылi яе без працы, нават калi вярталася са школы дадому, па дарозе вязала. У момант смерці ёй было 37 гадоў.

Сястра Стэла


Сястра была настаяцельніцай у Навагрудку. Нарадзілася будучая манахіня ў вёсцы Цясноўка, недалёка ад Нясвіжа.

Абавязкi настаяцельніцы ў Навагрудку яна прыняла напрыканцы верасня 1939 г. У цяжкiя для супольнасцi часы яны старалася падтрымліваць манаскае і супольнае жыцце. Збірала сясцёр на супольную малiтву ў касцёле Перамянення Пана. Калі супольнасць сясцёр ахапіла паніка і яны не ведалі, што рабіць далей і куды ісці, сястра Стэла сказала: «Куды нам ісці?! Да Езуса!»

Пачуўшы аб масавых арыштах, з гераiчнай непасрэднасцю прамовiла наступныя словы: «Мой Божа, калi патрэбна ахвяра жыцця, то няхай лепш нас расстраляюць, чым тых, хто мае сем'i... мы молiмся нават за гэта». Такiм чынам яна выказала гатоўнасць цэлай назарэтанскай сям’і ахвяраваць сваім жыццём. У момант смерці ёй было 55 гадоў.

Сястра Імэльда


У 1936 г. у Навагрудак прыехала і сястра Імэльда, якая нарадзілася ў Асвенцыме. 3 пачаткам вайны, калi ў сясцёр забралi школу, с. Iмэльда выконвала функцыi сакрыстыянкi ў Фарным касцёле. Навагрудчане з цеплынёй успамiналі сястру Iмэльду, называючы яе «жывым анёлам». Памяталі яе цудоўную здольнасць граць на аргане i прыгожы голас. У тыя цяжкiя для Касцёла часы яна да канца дзейсна i адважна выконвала свае абавязкi. У момант смерці ёй было 51.

Сястра Гвідона

У гэты час у Навагрудак таксама прыехала і сястра Гвідона, якая нарадзiлася ў Граноўцу. Яна працавала па гаспадарцы, у агародзе, а дадаткова яшчэ i ў пральнi. Была сардэчная i прыязная. Брала на сябе самую найцяжэйшую працу. Казала: «Нам трэба быць Хрыстовымi рыцарамi, трэба аддацца Яму цалкам за усiх — Яму i супольнасцi». Цяжкая сельскагаспадарчая праца не перашкаджала ёй займацца сузiральнасцю. Шчыра малiлася, i Бог благаславiў яе працу, якая прыносiла плённыя вынiкi. У момант смерці ёй было 43 гады.

Сястра Барамея

Апошняй сястрой і самай малодшай, якая прыехала ў Навагрудак, была сястра Барамея, якая нарадзiлася на Гродзеншчыне (Верцялішкі). У Навагрудак прыехала адразу пасля першых манаскіх абяцанняў, прыкладна за месяц да пачатку вайны. Маладыя гады, прыгажосць, мiлая усмешка, далiкатнасць i лагоднасць, сардэчнасць i адначасова прыроджаная нясмеласць — асноўныя рысы, якiя засталiся ў памяцi навагрудскiх сяброў сясцёр. У момант смерці ёй было 27 гадоў.

Нягледзячы на розныя характары, выхаванне, адукацыю, абавязкі, кожная з сясцёр была індывідуальнай, але іх супольнае жыццё было сканцэнтравана вакол асобы Хрыста. Яно выплывала з назарэтанскай духоўнасцi i з харызмы супольнасцi, у якой любоў да Збаўцы атаясамлялася з любоўю да Касцёла i да братоў.

«Нiхто не мае большай любовi за тую, калi хто жыццё сваё аддае за сяброў сваiх» (Ян 15,13). Гэтыя словы былi натхненнем сясцёр мучанiц, калi яны ахвяравалi свае жыццё, каб уратаваць 120 закладнікаў ад расстрэлу i адзiнага ў Навагрудку святара ад арышту.

Бог прыняў iх ахвяру 1 жнiўня 1943 года — ранiшнюю ахвяру пасля гестапаўскай ночы ў нямецкай вязнiцы. Такім чынам сёстры засведчылі, што любоў мацнейшая за смерць.

Святы Ян Павел ІІ падчас беатыфікацыі 11 сясцёр сказаў: «Вы найкаштоўнейшы скарб Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям'і з Назарэта. Вы скарб ўсяго Хрыстовага Касцёла на ўсе часы, а асабліва Касцёла ў Беларусі».

Падрыхтавала с. Назарыя Міклаш CSFN

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.