Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Футбольная зборная беларускіх святароў на шляху на еўрапейскі чэмпіянат у Аўстрыю
Беларусь
20.02.2015 13:57

Беларуская каманда ў складзе 12 святароў і трэнера гатовая да ад’езду ў Аўстрыю на IX Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў, які пройдзе з 23 па 28 лютага. Для беларусаў чэмпіянат стане ўжо пятым па ліку.

 У спаборніцтвах прымуць удзел 220 святароў.

У мінулым годзе, калі Чэмпіянат Еўропы праходзіў у Беларусі, наша каманда заваявала 4 месца (самае высокае за ўсю гісторыю выступлення на чэмпіянатах).

 На фота: зборная Беларусі па міні-футболе сярод святароў на Чэмпіянаце Еўропы ў Лідзе (2014). Фота Вікторыі Мішкура

«Каманда ўкамплектавана пераважна са святароў з Гродзенскай дыяцэзіі, ёсць таксама святар з Віцебскай дыяцэзіі, — распавядае капітан зборнай кс. Павел Салабуда. — Павінны былі паехаць таксама два святары з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, але ў іх не атрымалася. У сувязі з мноствам абавязкаў з намі не змогуць быць таксама Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Юзаф Станеўскі».

Паводле слоў капітана, сёлета беларуская каманда хацела б паўтарыць мінулагодні высокі вынік, але дасягнуць гэтай мэты будзе не так проста, паколькі формула турніру змянілася.

Аднак камплектацыя зборнай гульцамі футбольнай каманды Гродзенскай дыяцэзіі — трохразовых чэмпіёнаў Беларусі па міні-футболе сярод святароў — дае надзею на добры вынік.

Жараб'ёўка каманд:
І група: Партугалія, Польшча, Харватыя, Боснія і Герцагавіна
ІІ група: Венгрыя, Славенія, Румынія, Славакія
ІІІ група: Беларусь, Італія, Украіна, Аўстрыя
IV група: Чарнагорыя, Германія, Албанія, Казахстан

У Аўстрыю прыедзе 16 каманд. Упершыню ў чэмпіянаце возьмуць удзел святары з Германіі і Албаніі. Жараб’ёўка адбудзецца 23 лютага, але ўжо вядома, што беларусы трапілі ў ІІІ групу чэмпіяната разам з італьянцамі, украінцамі і гаспадарамі турніру — аўстрыйцамі.

Гульні на групавых этапах пройдуць у аўторак і чацвер. У сераду для ўдзельнікаў турніру прадугледжана наведванне мясцовага санктуарыя.

«Нашы святары выказваюць удзячнасць Беларускай федэрацыі футболу за падрыхтоўку і магчымасць арэнды неабходнай экіпіроўкі для гульні», — дадае кс. Павел Салабуда.

Алена Гульнік

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.