Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Рагачове сёлета распачнецца рэстаўрацыя 100-гадовага касцёла
Беларусь
29.01.2015 10:00

У 2015 годзе плануецца распачацце работ па рэстаўрацыі 100-гадовага каталіцкага храма ў Рагачове.

Як інфармуе партал гомельскай каталіцкай парафіі, нядаўна з Міністэрства архітэктуры прыйшоў дазвол на аднаўленне святыні згодна з праектам, і пасля доўгіх гадоў прастою ў гэтым годзе пачнуцца рэстаўрацыйныя працы.

Фінансаваць іх будуць на ахвяраванні вернікаў. Святыня ўжо адзначыла свой 100-гадовы юбілей. Касцёл асвечаны 6 жніўня 1912 года. Цагляны касцёл на месцы былога драўлянага пабудаваў тагачасны пробашч кс. Бернатовіч. Сродкі на гэтую справу ахвяравалі члены Дзяржаўнай рады і самі парафіяне. Касцёл дзейнічаў да 1930-х гг., пасля ў ім быў змешчаны зернясклад, затым — цэх па вырабе напояў і марожанага.

У 1940 годзе ў касцёле адбыўся пажар — згарэлі дах і драўляныя канструкцыі. Чорную справу дарабіла вайна: падчас вызвалення Рагачова ў святыню трапіла некалькі снарадаў.

Пасля вайны касцёл выкарыстоўвалі для пажарнай службы, затым у гэтых сценах працаваў хлебазавод. У 1970-х гадах будынак зноў пачаў пуставаць. З пачаткам гарбачоўскай «перабудовы» мясцовыя краязнаўцы паспрабавалі ўзняць пытанне аб рэстаўрацыі святыні, але беспаспяхова.

У 2000 годзе Рагачоў наведаў кардынал Казімір Свёнтэк, і касцёл быў перададзены мясцовай каталіцкай супольнасці. Праца па рэстаўрацыі пачалася ў 2003 годзе.

Паводле katolik-gomel.by

(IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.