Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Кансэкраванае жыццё — гэта скарб, а не адмова ад чагосьці»: Апостальскі Нунцый на адкрыццё Года кансэкраванага жыцця
Беларусь
27.11.2014 19:59
27 лістапада ў мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбылося адкрыццё Года кансэкраванага жыцця ў Беларусі.

 

Айцы, браты і сёстры законныя, якія нясуць служэнне ў Касцёле ў Беларусі, сустрэліся на малітве перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Адарацыя папярэднічала святой Імшы, якую цэлебраваў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. У Эўхарыстыі ўдзельнічалі біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, біскуп Пінскай дыяцэзіі Антоні Дзям’янка, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі і дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.

Звяртаючыся да прысутных, Апостальскі Нунцый ад імя Касцёла падзякаваў кансэкраваным асобам за тое, што рашыліся адказаць на голас Божага паклікання і зрабілі кансэкраванае жыццё сваім жыццём.

У чым багацце Касцёла?


Пакліканне, яго праяўленне, якім і з’яўляюцца прысутныя ў гэты дзень у катэдры асобы, іерарх назваў багаццем Касцёла.

Таксама арцыбіскуп прыгадаў казанне, якое прамаўлялася падчас складання манаскіх шлюбаў і ў якім узгадваўся фрагмент Евангелля пра купца, што знайшоў цудоўную пярліну і прадаў усё, каб купіць яе.

Скарб, а не адмова ад чагосьці!

Прыгадваючы той момант, арцыбіскуп адзначыў, што аснова кансэкраванага жыцця — якраз гэтая пярліна, найвялікшы скарб, які знаходзяць, а зусім не адмова ад чагосьці.

Іерарх адзначыў, што таму «гэты год і прысвечаны кансэкраваным асобам, каб узмацніць агонь кансэкраванага жыцця, каб ён быў больш моцны, больш гарачы, і каб яго полымя сагравала тых, хто навокал».

У гаміліі арцыбіскуп заклікаў не заставацца на адным месцы, а заўсёды шукаць шляхоў развіцця і больш дасканалай рэалізацыі свайго паклікання.

«Кансэкраванае жыццё — не курорт!»

Прадстаўнік Папы звярнуў увагу на тое, што рэлігійнае жыццё не павінна стаць лаўкай, дзе можна набыць касметыку, з дапамогай якой людзі хаваюць недахопы свайго твару, недахопы сваёй асобы. Таксама іерарх сказаў, што кансэкраванае жыццё нельга параўнаць са спартыўнай залай, дзе людзі трэніруюць сваё цела, каб яно стала як мага больш прыгожым і дасканалым, як і нельга параўноўваць з вязніцай, дзе людзі пакутуюць, хоць элемент цярпення павінен прысутнічаць у манаскім жыцці.
 
«Кансэкраванае жыццё — гэта не курорт! — адзначыў іерарх, дадаючы: — Ёсць шмат незадаволеных манаскіх асоб, якія задаюць пытанні да саміх сябе:
— Навошта? Хто прымусіў мяне выбраць такое жыццё?
Яны з жалем пазіраюць назад, за спінаю нібыта спалены ўсе масты і няма дарогі, каб вярнуцца».

Ці ты гатовы распачаць наноў?


Але арцыбіскуп прыгадаў, што нават у такія хвіліны роспачы ёсць надзея:
«Бог можа з нічога стварыць прыгожую кветку і гісторыя любові можа пачацца нават заўтра. (…)Таму не трэба баяцца, бо незалежна ад нашага душэўнага і псіхічнага стану Бог заўсёды трымае за руку і пытаецца:

— Ці ты гатовы распачаць наноў?

— Я — гатовы, — кажа Бог, — а ты?»

Іерарх заклікаў да адкрыцця наноў «мацярынскага аспекту» Бога і Божай міласэрнасці, якая праяўляецца ў набліжэнні Бога да чалавека, у блізкасці, якую можна параўнаць з блізкасцю і любоўю маці да свайго дзіцяці.

Пасля Эўхарыстыі з канферэнцыяй на тэму кансэкраванага жыцця выступіў Першы сакратар Апостальскай Нунцыятуры ў Беларусі монс. Філіппо Чампанэллі.

У дачыненні да тых, хто абірае манаскае жыццё, сакратар нунцыятуры адзначыў, што ў гэтай справе мала быць проста добрымі хрысціянамі, трэба быць святымі.

«Вы пакліканы праявіць усе здольнасці, памятаючы, што кансэкраванае жыццё для тых, хто прагне большага», — сказаў монс. Філіппо Чампанэллі.

Убоства, чыстасць, паслухмянасць — тры спосабы, дзякуючы якім асоба кансэкраваная здольная глыбей зразумець сябе, адкрыцца на адносіны з іншымі людзьмі і з Богам.

Свет збаўляецца не цудамі, а прыкладам жыцця


Монс. Філіппо Чампанэллі адзначыў, што манаскае жыццё мае тыя эфекты, што і жыццё Хрыста — яно збаўляе іншых і збаўляе свет. «Свет збаўляецца не казаннямі, не цудамі, а прыкладам жыцця. Менавіта таму кансэкраванае жыццё актыўнае, яно распаўсюджваецца і ўплывае на іншых, яно як таленты, якімі трэба дзяліцца і з якімі трэба рухацца наперад». — заключыў святар.

Чацвёрты манаскі шлюб


Разважаючы ў канферэнцыі над трыма шлюбамі, якія складаюць кансэкраваныя асобы, святар прыгадаў пра чацвёрты шлюб — «шлюб радасці».

«У чым ён заключаецца? У тым, каб ніколі не быць сумнымі!»

У сувязі з гэтым монс. Філіппо Чампанэллі заклікаў памятаць, што любоў Божая мацнейшая за наш смутак.

Аксана Ючкавіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.