Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сімволіка лагатыпа Года кансэкраванага жыцця
Беларусь
21.11.2014 14:31

На Год кансэкраванага жыцця падрыхтаваны адпаведны лагатып. Праект прадставіла ў кастрычніку гг. Кангрэгацыя Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця. Выява адлюстроўвае асноўныя каштоўнасці гэтай асаблівай формы жыцця і падкрэслівае «пастаянную дзейнасць Духа Святога, які на працягу стагоддзяў памнажае багацці, што паходзяць з практыкі евангельскіх радаў праз шматлікія харызматы».

На лагатыпе прадстаўлены голуб, утвораны з напісанага на арабскай мове слова «супакой». Гэта азначае, што пакліканне да кансэкраванага жыцця з’яўляецца прыкладам паўсюднага паяднання ў Хрысце. Голуб узносіцца над сімвалізуючай гармонію чалавечых і звышнатуральных элементаў мазаікай у форме вады. Акрамя гэтага, на лагатыпе бачны тры зоркі — як нагадванне пра трынітарную любоў. Над крыламі голуба бачны шматгранны сімвал зямнога шару, што азначае мноства культур сучаснага свету, аб чым часта кажа Папа Францішак.

У лагатыпе змешчаны таксама два лацінскія надпісы: «Vita consecrata in Ecclesia hodie» (Кансэкраванае жыццё ў Касцёле сёння) і «Evangelium, Prophetia, Spes» (Евангелле, Прароцтва, Надзея).

У першую нядзелю Адвэнту, 30 лістапада, згодна з рашэннем Папы Францішка, у Паўсюдным Касцёле распачнецца Год кансэкраванага жыцця. Ён будзе працягвацца з 30 лістапада 2014 г. да 2 лютага 2016 г.

(JM)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.