У Ватыкане распачалася ІІІ Надзвычайная сесія Сіноду Біскупаў (+фотарэпартаж) | Друк |
Беларусь
05.10.2014 21:30

5 кастрычніка ўрачыстай Імшой, якую ўзначаліў Папа Францішак, у базыліцы св. Пятра ў Ватыкане распачалася ІІІ Надзвычайная сесія Сіноду Біскупаў, прысвечаная сям’і ў кантэксце новай евангелізацыі. У працах Сіноду ўдзельнічае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У Імшы прынялі ўдзел з боку Касцёла ў Беларусі Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Пінскі Антоні Дзям'янка, старшыня Рады Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі па справах сям'і.

У Сінодзе ўдзельнічаюць каля 260 іерархаў, экспертаў і гасцей ад іншых хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў. Колькасць Айцоў Сіноду – біскупаў, якія прымаюць у ім удзел, — складае 191. Маскоўскі Патрыярхат на Сінодзе прадстаўляе старшыня Аддзела знешніх царкоўных сувязяў Мітрапаліт Валакаламскі Іларыён.

Першы Сінод, прысвечаны сям’і, адбыўся ў 1980 г.; з таго часу ў свеце і жыцці сям’і змянілася многае, і прыйшоў час адказаць на новыя праблемы і выклікі, з якімі сутракаецца сучасная сям’я.

Як паведамляе спецыяльны карэспандэнт Catholic.by у Рыме, у гаміліі падчас Імшы Папа Францішак звярнуўся да сімвалу вінаградніку як Божага народу і сям’і. Бог, як адзначыў Пантыфік, клапоціцца аб сваім вінаградніку і пасылае туды працаўнікоў. Але іх праца не заўсёды прыносіць добры плён, і Сінод Біскупаў пакліканы дапамагчы ў клопаце пра вінаграднік, якім з’яўляецца сям’я. Сінод, па словах Папы, сабраны не для таго, каб дыскутаваць аб прыгожых ідэях ці пакрасавацца мудрасцю, але каб клапаціцца аб сям’і, якая ад пачатку гісторыі ахоплена Божай любоўю. Усе мы грэшнікі, сказаў Пантыфік, і таму з міласэрнасці трэба падыходзіць да праблемы сучаснай сям’і, давяраючыся Божаму кіраўніцтву.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, кажучы Catholic.by пра Сінод, нагадаў, што ў працэсе падрыхтоўкі да ІІІ Надзвычайнай сесіі ўсе Канферэнцыі Біскупаў даслалі адказы на пытанні адносна сітуацыі сям’і і праблем, з якімі яна сустракаецца. Адказы паказалі, што многія сем’і не жывуць згодна з прынцыпамі Евангелля і вучэннем Касцёла. «Таму перад Сінодам стаіць вельмі адказнае пытанне: як дапамагчы сучасным сем’ям, якія павінны змагацца з вельмі небяспечнымі выклікамі часу, захаваць ідэнтычнасць створанага Богам інстытуту сям’і як адзінага і непарушнага саюзу мужчыны і жанчыны, мэта якога – сумеснае жыццё, працяг чалавечага роду і выхаванне маладога пакалення», — адзначыў іерарх.

Па словах Мітрапаліта, «відавочна, што ў сучаснай вельмі складанай сітуацыі, у якой знаходзіцца сям’я, што перажывае крызіс, неабходна больш кіравацца ідэяй Божай міласэрнасці, аднак у той жа час відавочна і тое, што пры ўсім гэтым неабходна захоўваць Божы закон як гарант захавання інстытуту сям’і». «Практыка жыцця не павінна супярэчыць вучэнню Хрыста. Таму перад Сінодам стаіць вельмі складанае заданне – як, не парушаючы Божага закону і кіруючыся прынцыпам Божай міласэрнасці, вырашыць праблемы сям’і, якая знаходзіцца ў крызісе», — сказаў іерарх.

Арцыпастыр дадаў, што «адкрыты дыялог і дыскусіі на тэму сям’і і сексуальнасці неабходны як для аздараўлення самога інстытуту сям’і, так і жыцця касцёльнай супольнасці», таму «неабходна маліцца аб дарах Святога Духа для біскупаў, каб яны знайшлі мудры шлях да вырашэння праблем сучаснай сям’і».

(DN)

 
© 2003-2024 Catholic.by