Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак просіць Апостальскага Нунцыя благаславіць моладзь Беларусі
Беларусь
25.09.2014 18:33

25 верасня ў Апостальскім Палацы Папа Францішак прыняў на аўдыенцыі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Пантыфік прадэманстраваў глыбокае веданне ролі Беларусі ў працэсе аднаўлення міру ва Украіне і выказаў перакананне, што асаблівая роля хрысціян — быць міратворцамі, таму што любоў мацнейшая за любыя этнічныя падзелы і палітычныя рознагалоссі.

Папа з энтузіязмам прыняў да ведама, што Каталіцкі Касцёл у Беларусі застаецца жывой і актыўнай супольнасцю, і дакладней затрымаўся на важных сёлетніх падзеях жыцця беларускіх католікаў. Пантыфік таксама падкрэсліў, што і надалей Святы Пасад будзе намагацца дзейнічаць на карысць беларускага народа, і выказаў надзею на тое, што атмасфера  дыялогу і ўзаемапаразумення паміж Святым Пасадам і Рэспублікай Беларусь будзе ўмацоўвацца, дазваляючы знайсці пазітыўнае рашэнне некаторых адкладзеных пытанняў.

Апостальскі Нунцый перадаў Папу Францішку некалькі пілігрымскіх футболак — падарунак беларускай каталіцкай моладзі, якая сёлета пілігрымавала ў санктуарый Маці Божай Будслаўскай. З жывой зацікаўленасцю Пантыфік азнаёміўся са здымкамі і пасланнем, якое скіравалі Святому Айцу маладыя беларускія пілігрымы.

Папа выказаў надзею на тое, што маладыя беларусы, незалежна ад веравызнання і перакананняў, адчуваюць сябе пратаганістамі будучыні, людзьмі неабыякавымі да супольнага дабра сваёй краіны і ўсяго чалавецтва.

Напрыканцы Пантыфік запэўніў, што моліцца за моладзь Беларусі і ўвесь беларускі народ.

 

 


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.