Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Фару Вітаўта «намалююць» у начным небе над Гродна
Беларусь
23.04.2014 08:00
Знакамітую фару Вітаўта адновяць у Гродне з дапамогай тэхналогіі відэамэппінга. Святыню «намалююць» ў начным небе 6 чэрвеня, у дзень адкрыцця Х Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Пра гэта паведамляецца на belta.by.

Як патлумачыў галоўны рэжысёр фестывалю Уладзімір Сяргейчык, 23.30 у ў скверы на Савецкай плошчы пачнецца цырымонія адкрыцця памятнага знака на месцы ўзарванай больш за 50 гадоў таму Фары Вітаўта. Аб'ёмныя выявы створаць прама ў паветры з дапамогай відэамэппінга(3D- праектавання аб'ектаў з дапамогай спецыяльных камп’ютэрных тэхналогій). Тэхнічны бок арыгінальнай задумкі ўзялася ажыццявіць адна з гродзенскіх кампаній.

Плануецца стварыць некалькі мадэляў святыні, так як Фара Вітаўта за сваю гісторыю неаднаразова перабудоўвалася. Выявы будуць ствараць, абапіраючыся на дакладныя гістарычныя звесткі, малюнкі і фатаграфіі. Святыня паўстане перад гледачамі і як каталіцкі, і як праваслаўны храм. Вядоўцы распавядуць пра гісторыю будаўніцтва і страты будынка. У пэўны момант цырымоніі адначасова загучаць званы галоўных дзейсных святыняў Гродна. У цырымоніі прымуць удзел хор Гродзенскай капэлы і іншыя харавыя калектывы, прагучаць рэлігійныя спевы.

На месцы Фары Вітаўта ўсталююць скульптурную кампазіцыю ў выглядзе паўразбуранай аркі з памятным надпісам. Помнік вырабляе гродзенскі скульптар Сяргей Більдзюк.

Фара Вітаўта была падарвана 29 лістапада 1961 года. Гэта быў самы вялікі храм Гродна. Яго пабудавалі па распараджэнні князя Вітаўта ў 1389 спачатку як драўляны, а пры Стэфане Баторыі, у ХVI стагоддзі, каталіцкая святыня стала каменнай. За сваю гісторыю касцёл не раз гарэў. Пасля пажару 1889 святыню аднавілі як праваслаўны Свята-Сафійскі сабор. У 1918 годзе яго зноў вярнулі каталікам, храм дзейнічаў як гарнізонны касцёл. Перад знішчэннем будынак выкарыстоўвалася ў якасці складу.

Дарэчы, у гэтым годзе яшчэ адну скульптуру ў памяць аб згубленых храмах — «Кланяльныя крыжы» — плануюць усталяваць каля абласнога драматычнага тэатра. Яна будзе нагадваць гродзенцам аб каталіцкім кляштары бернардынак (пазней Свята- Барысаглебскім манастыры) ХVII -ХХ стагоддзяў, які раней размяшчаўся на гэтым месцы.

Паводле belta.by, AYU

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.