Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасхальная вігілія ў мінскай архікатэдры: “Мы павінны быць людзьмі Уваскрасення!”
Беларусь
20.04.2014 05:14
Уваскрасенне Езуса Хрыста для Касцёла з’яўляецца найбольш значнай урачыстасцю, святкаванне якой распачынаецца яшчэ ўвечары Вялікай суботы – літургіяй пасхальнай вігіліі. Сёлетняя пасхальная вігілія распачалася ў врхікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі г. Мінска ў 21.00 традыцыйнай літургіяй святла, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
У галоўным касцёле нашай краіны прысутнічаў і Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Калі Адарацыя перад Гробам Пана была скончана, а на фігуру Хрыста, які ляжаў у гробе, было пакладзена белае палатно, каб крыху пазней замяніць яго на скульптуру Хрыста Уваскрослага, вернікі пачалі займаць месцы перад уваходам у святыню.

Усе прысутныя вернікі ў гэты момант стаялі са свечкамі, каб потым паступова іх запаліць ад велічнага Пасхала ў знак чакання Пана, які, калі верніцца, павінен убачыць тых, хто яго чакае, ды знаходзіцца ў радасным чуванні сустрэчы з Асобаю, што нясе Збаўленне.

Апошнія хвіліны цішы і чакання: і працэсія прайшла праз цемру катэдры да вогнішча перад уваходам.

Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў агонь – сімвал Бога, аб’яўленне якога звязана з гарою Сінай і Майсеем, які ўбачыў агністы куст. Пасля ад паблагаслаўленага агню быў запалены Пасхал – вялікая свечка – сімвал Уваскрослага Хрыста.

На Пасхале з’яўляецца традыцыйным напісанне года - 2014, што сведчыць пра заўсёдную актуальнасць Галоўная Падзеі ў гісторыі хрысціянства і чалавецтва.

Працэсія з духавенствам наблізілася да алтара, а касцёл паступова запаўняўся агнямі свечак і сілуэтамі людзей, якія ў хуткасці занялі сваім святлом усю катэдральную прастору.

“Святло Хрыста” – тройчы чуў прысутны люд, асвечаны святлом сваіх свечак і прадчуваннем блізкага Уваскрасення.

Крыху пазней распачалася Літургія Слова, на якой кожнае чытанне з псальмам размяжоўвалася малітвай.

 Літургія слова – гэта магчымасць убачыць і паразважаць над цудамі, якія чыніў Бог ад часу стварэння свету, дзеля таго, каб даказаць сваю любоў чалавецтву і даць яму Збаўленне.

Перад наступнай часткай, пасля Евангелля, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прамовіў гамілію, у якой вылучыў тры высновы, якія вынікаюць з праўды Уваскрасення.

Па-першае, што“Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца падмуркам нашай веры. Нездарма св. апостал Павел кажа, што калі б Хрыстус не ўваскрос, то пустым было б наша абвяшчэнне Евангелля і пустой была б наша вера.”

Па-другое, як адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, што “Уваскрасенне Хрыста з’яўляецца гарантыяй нашага ўваскрасення”. І па-трэцяе, што “праўда Уваскрасення дае нам надзею і падбадзёрвае ў цяжкасцях нашага жыцця”.

Напрыканцы іерарх зазначыў, што “мы павіння быць людзьмі Уваскрасення!”

Пасля Евангелля, калі ў Касцёле зноў кожны прысутны запаліў свечку, распачаўся спеў Літаніі да Ўсіх Святых.

Спеў гэтай Літаніі выказвае веру ў прысутнасць святых, а таксама еднасць касцёла зямнога і касцёла нябеснага.

Пасля Літаніі была паблагаслаўлена вада, у якую апусцілі Пасхал.

Апусканне Пасхала ў ваду з’яўляецца сакрамэнтальным знакам Хросту.

Нібыта зноў прыняўшы Ласку,
Пакроплены Святою люд вадой,
Зноў вызнаў веру, шчасны
Стаіць народ з надзеяю жывой!

Далей адбывалася эўхарыстычная літургіія ўспаміну Смерці і Уваскрасення Пана праз складанне ў постацях хлеба і віна ахвяры Яго Цела і Крыві. 
 
Напрыканцы Пасхальнай Вігіліі настаў час віншаванняў і пажаданняў. 

Першую кагорту пажаданняў склаў прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы, кіраўнік аддзела адукацыі і катэхізацыі Мінскай епархіі протаіерэй Аляксандр Шымбалёў. “Мы радуемся, што Хрыстос Уваскрос, які ўваскрасіць кожнага чалавека і давядзе да вечнага жыцця!” – радасна зазначыў прысутны прадстаўнік Праваслаўнай царквы.

Потым меў слова Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці. 

Спачатку арцыбіскуп звярнуўся з пажаданнем да духавенства, каб заўсёды былі годныя ў сваім служэнні. А потым, звяртаючыся ўжо да вернікаў, сказаў, што яны з’яўляюцца гонарам, радасцю, надзеяй і Целам Хрыста Уваскрослага. Іерарх пажадаў, каб, вяртаючыся на свае працоўныя месцы, кожны змог несці туды Хрыста Уваскрослага.
 
А таксама перадаў віншаванні ад Папы Францішка, якія, як іерарх адзначыў, вельмі простыя: “Калі вы былі ўважлівымі ўдзельнікамі, то заўважылі, што ў сённяшняй літургіі цэнтральнае месца займае здзіўленне. Здзіўленне цемры таму святлу, якое ўваходзіць, як знак Хрыста Уваскрослага. Як здзіўленне чалавека, які назірае, калі хаос ператвараецца ў гармонію; здзіўленне нявольнікаў у Егіпце, якія знайшлі свабоду; здзіўленне Абрагама, які стаў выбраны Богам; здзіўленне жанчын, якія ўбачылі, што ў грабніцы няма цела Хрыста...”
 
Апостальскі Нунцый дадаў, што мы, вернікі, як тыя жанчыны пры пустым гробе, кажам пра Хрыстовае Уваскрасенне, але ёсць і тыя, каму заплацілі, і якія будуць казаць, што цела Хрыста ўкралі.
 
І менавіта тады “нам застаецца здзіўляцца з таго, што магчымым з’яўляецца  нават тое, пра што мы і не думалі. Што кожная смерць можа быць Уваскрасеннем...” і што “ў Божай моцы ўжо заўтра распачаць Новае стварэнне!”
 
Віншаваннямі на розных мовах  завяршыў урачыстасць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
 
Акрамя словаў віншаванняў былі выказаны словы падзякі ўсім, хто прычыніўся да падрыхтоўкі малітоўнага перажывання дзён Пасхальнага трыдуума.

...“Хрыстос Уваскрос!” – паўтаралі людзі, якія паступова пакідалі святыню, віншуючы адзін аднаго з Вялікім Днём. 

“Сапраўды ўваскрос!” – адказвалі ім гатовыя быць вызнаўцамі новага жыцця.
 
Аксана Ючкавіч
Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.