Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прэзідэнт Беларусі звярнуўся з віншаваннямі на Вялікдзень
Беларусь
19.04.2014 18:10

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуўся з віншаваннямі на Вялікдзень. “Дарагія суайчыннікі! Са светлым Хрыстовым Уваскрасеннем!” – гаворыцца ў віншаванні Прэзідэнта.

“Пасха Хрыстова – не проста свята, гэта сутнасць хрысціянства. Яна ўвасабляе ў сабе важнейшыя чалавечыя цноты – міласэрнасць, узаемаразуменне і ўсепрабачэнне. Уваскрасенне Хрыстова сімвалізуе перамогу праўды і высокіх маральных ідэалаў, надае жыццю вечны сэнс, усяляе веру ў будучыню, - адзначае кіраўнік дзяржавы. - У цудоўныя дні велікодных урачыстасцяў абуджаецца ўсё вакол, у сэрцах людзей пануюць радасць і любоў, умацоўваецца жаданне зноў і зноў чыніць добрыя справы”.

“Глыбока сімвалічна, што ў гэтым годзе Вялікдзень сустракаюць адначасова паслядоўнікі ўсіх хрысціянскіх Цэркваў. Сёння нам, як ніколі раней, неабходныя адзінства духу і з’яднанасць. Толькі сумеснымі намаганнямі ўсіх грамадзян краіны мы зможам зберагчы згоду і мір на роднай зямлі”, - дадае Прэзідэнт.

“Няхай радасць велікоднага свята напоўніць кожны дом, кожную сям’ю святлом, дабром і надзеяй. І няхай ніякія выпрабаванні не разбураць ваш унутраны духоўны лад і знешнюю светабудову, - жадае Аляксандр Лукашэнка. – Моцнага вам здароўя, дабрабыту і вясновага настрою”.

Паводле афіцыйнага інтэрнэт-партала Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.