Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Імша па-беларуску ў Варшаве
Беларусь
16.05.2013 13:27

Ідэя святой Імшы па-беларуску ўзнікла яшчэ ў 2001 годзе ў беларускіх студэнтаў, што вучыліся ў Варшаве. Тады беларусаў у польскай сталіцы было зусім няшмат, і ідэя заставалася ідэяй аж да 2004 года. Тады ва ўніверсітэт кардынала Стэфана Вышынскага прыехаў вучыцца а. Аляксандр Амяльчэня, які пасябраваў з беларускімі студэнтамі і пачаў цэлебраваць Імшу па-беларуску.

Першыя Імшы адбываліся ў капліцы Універсітэта кардынала Стэфана Вышынскага, пазней — у касцёлах, дзе служылі святары з Беларусі: некаторы час у дамініканаў, пазней у варшаўскіх капуцынаў, пасля беларусаў гасцілі варшаўскія базыльяне, пазней палатыны. Ад восені 2012 года сустрэчы абываюцца зноў ў дамініканаў, дзе святую Імшу для беларусаў цэлебруе а. Віталь Сапега OP. Беларуская Імша адбываецца раз на 2-3 тыдні.

У беларускай ментальнасці яшчэ засталася думка, што, калі хтосьці каталік, — значыць паляк. Таму, апынуўшыся ў Польшчы, шмат хто з беларусаў стараецца асімілявацца, і патрэба маліцца па-беларуску, зрэшты як і размаўляць па-беларуску ці падтрымліваць сувязі з суайчыннікамі, дзесьці знікае. У Польшчы шмат магчымасцяў быць актыўным ў касцёле: ёсць душпастарствы для дзяцей, моладзі, малітоўныя групы і супольнасці — кожны можа знайсці нешта для сябе. Але, прымаючы удзел ў парафіяльным жыцці, моладзь рэдка знаходзіць час на супольную малітву па-беларуску.

У Варшаве адбываюцца літургіі на розных мовах свету, на жаль, на беларускую Імшу збіраецца толькі каля 20-30 чалавек.
Ужо сталі традыцыйнымі сустрэчы пры гарбаце пасля святой Імшы. Гэта час на размовы і дыскусіі. Часам, што праўда, размовы сыходзяць з духоўных тэмаў на іншыя, хоць арганізатары стараюцца гэтага пазбягаць: усё ж такі збіраемся на малітву. На сустрэчы прыходзяць не толькі католікі, але і прадстаўнікі іншых канфесій, няверуючыя. Часамі завітваюць сябры —палякі, якія хочуць разам з намі маліцца па-беларуску.

Запрашаем беларусаў, якія госцяць, жывуць або вучацца ў Варшаве на святую Імшу ў нядзелю 19 мая ў 14.30. Адрас: Freta 8/10.

Усе жадаючыя могуць далучыцца да нашай групы на Facebook facebook.com

Ірына Губская

 

ФотаТомаша Бладынца

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.