Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Habemus Papam! Канклаў абраў новага Папу
Беларусь
13.03.2013 21:08

Пасля вячэрняй сесіі канклаву 13 сакавіка ў 19.06 па італьянскім часе з коміну над Сікстынскай капэлай пайшоў белы дым. Пра абранне новага Пантыфіка абвясцілі таксама званы базылікі святога Пятра. У хуткім часе з балкона базылікі пачуюцца словы «Habemus Papam!», якімі кардынал-протадыякан Жан-Луі Таран абвесціць паўсюднаму Касцёлу і свету пра абранне новага Біскупа Рыма.

Канклаў пачаўся вечарам 12 сакавіка. У першы дзень прайшоў адзін выбарчы тур. Сёння раніцай кардыналы ўдзельнічалі ў святой Імшы ў капліцы св. Паўла, а затым у Сікстынскай капэле адбыліся два ранішнія туры галасавання. У іх выніку прыкладна ў 11.38 па італьянскім часе з коміну над Сікстынскай капэлай пайшоў чорны дым. Чарговая выбарчая сесія, у выніку якой быў абраны новы Пантыфік, адбывалася паміж 17.00 і 19.00 па італьянскім часе.

У пасяджэннях канклаву ўдзельнічалі 115 кардыналаў.

У гэты час новаабраны Папа накіраваўся ў “пакой слёз”, каб пераапрануцца і памаліцца. Затым ён вернецца ў Сікстынскую капэлу, дзе кожны з пурпуратаў будзе абяцаць яму павагу і паслухмянасць. Пасля гэтага Пантыфік накіруецца на цэнтральную лоджыю ватыканскай базылікі, адкуль удзеліць вернікам сваё першае благаслаўленне “Urbi et Orbi”. Па дарозе ён спыніцца для малітвы ў капліцы святога Паўла. У гэты час кардынал-протадыякан абвесціць яго імя народу. 

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.