Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Архіўныя матэрыялы пра архімандрыта А. Цікоту і кс. А. Станкевіча перададзены ў Рым
Беларусь
12.07.2012 11:56

На пачатку ліпеня 2012 года ў Варшаве адбылася сустрэча беларускага гісторыка і літаратуразнаўцы др. Юрася Гарбінскага з Генеральным настаяцелем Закона ксяндзоў марыянаў у Рыме  кс. Андрэем Пакулам МІС.

Сустрэча была прысвечана вынікам экспедыцыі беларускага даследчыка ў Іркуцкую вобласць, што праходзіла з 10 па 25 траўня гэтага года і  мела на мэце пошук архіўных матэрыялаў пра вязняў савецкага ГУЛАГу — а. архімандрыта Андрэя Цікоту і кс. Адама Станкевіча, а таксама  высвятленне месцаў і акалічнасцяў іх смерці.

Падчас сустрэчы вышэйшым уладам марыянаў былі перададзены копіі асабістых спраў вязняў «Возерлагу» — архімандрыта А. Цікоты і  кс. А. Станкевіча, а таксама багатая калекцыя фота- і відэаматэрыялаў.

Беларускі даследчык выказаў глыбокую ўдзячнасць супольнасці марыянаў у асобе айца генерала, а таксама Апостальскаму візітатару для грэка-католікаў Беларусі архімандрыту Сяргею Гаеку і айцу правінцыялу марыянаў у Польшчы кс. Паўлу Наўмовічу за дзейсную падтрымку і спрыянне ў рэалізацыі гэтага праекту. Асаблівым чынам спадар Гарбінскі падзякаваў ксяндзу марыяніну Вячаславу Пялінку МІС, які прыняў удзел ва ўшанаванні памяці беларускіх святараў і адслужыў памінальныя Імшы на месцы іх пахаванняў у Іркуцкай вобласці.

У сваю чаргу айцец генерал Андрэй Пакула шчыра падзякаваў беларускаму навукоўцу за паспяховае завяршэнне праекту і за перададзеныя ў Рым матэрыялы.

Архіўная экспедыцыя доктара гістарычных навук Юрыя Гарбінскага ў Іркуцкую вобласць праходзіла пад патранатам Закона ксяндзоў марыянаў і звязана з беатыфікацыйным працэсам архімандрыта Цікоты і архімандрыта Абрантовіча, які распачаўся ў Ватыкане ў 2003 годзе і віцэ-пастулятарам якога з’яўляецца беларускі святар Вячаслаў Пялінак МІС.

Варта адзначыць, што вышэйшыя ўлады марыянаў у Рыме з вялікай прыхільнасцю і разуменнем аднесліся да прапановы  Гарбінскага, які перад пачаткам экспедыцыі выказаў пажаданне  ўключыць у праект таксама  і справу пошукаў месца пахаваньня пад Тайшэтам заснавальніка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі святара-патрыёта кс. Адама Станкевіча.

Такім чынам былі запоўнены  яшчэ  некалькі  малавядомых  беларускіх  старонак  у  страшэннай гісторыі савецкага ГУЛАГу.

Даведка:

Архімандрыт Андрэй Цікота (1891–1952) быў вядомым святаром Віленскай дыяцэзіі. Пасля ўступлення ў 1920 г. у супольнасць айцоў марыянаў стварыў марыянскі кляштар і навіцыят у Друі, які стаў калыскай беларускай марыянскай супольнасці. Працаваў у Друі таксама як пробашч, грамадскі і культурны дзеяч, быў дырэктарам і выхавацелем у гімназіі, якую заснаваў. Унёс уклад у кіраванне супольнасцю сясцёр эўхарыстак, заснаванай у Друі бл. Юрыем Матулевічам.

У 1933–1939 гг. а. Андрэй Цікота выконваў абавязкі настаяцеля (суперыёра) супольнасці айцоў марыянаў. У 1939 г. папа Пій ХІІ прызначыў а. Цікоту Апостальскім Адміністратарам экзархату візантыйска-славянскага абраду ў Харбіне (Маньчжурыя).

22 снежня 1948 г. кітайская міліцыя арыштавала марыянскіх законнікаў і перадала іх НКУС. Пасля працяглага следчага працэсу законнікі былі асуджаны на 25 гадоў працы ў сібірскіх лагерах. У зняволенні а. Цікота патаемна выконваў святарскае служэнне сярод вязняў. Памёр, змучаны цяжкімі ўмовамі пражывання ў лагерах і хваробамі, 11 лютага 1952 г.

 

 

 


 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме