Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Адказнае бацькоўства»: не трэба баяцца мець дзяцей!
Беларусь
26.10.2010 15:14
Сімпозіум «Адказнае бацькоўства», які адбыўся ў Гродне, не толькі акрэсліў праблемы сучаснага бацькоўства, але і пакінуў пасля сябе глебу для разважання. Сваімі думкамі з намі дзеляцца ўдзельнікі сімпозіума.

Дастаткова быць чалавекам

— Сёння ў свеце ідзе вайна. Вайна з ненароджанымі, — адзначае Пётр Палецкі, тэрцыярый Трэцяга ордэна францішканаў, бацька 7 дзяцей. — Згодна з даследаваннямі, кожную хвіліну ў Еўропе забіваецца 5 дзяцей. Ян Павел ІІ казаў: «Змагайцеся за тое, каб кожнаму ненароджанаму дазволілі нарадзіцца. Не бойцеся цяжкасцяў». Для таго, каб бараніць ненароджаных дзяцей, не абавязкова быць хрысціянінам. Дастаткова быць чалавекам.

Дзеці — люстэрка сям'і

— На сямейную кансультацыю да нас прыходзяць сем’і з праблемамі паразумення паміж мужам і жонкай, — апавядае Аляксандр Ёда, кіраўнік каталіцкай сямейнай кансультацыі ў Гродне. — Людзі саромеюцца прыходзіць з праблемамі тады, калі яны толькі зараджаюцца. Самая вялікая праблема — калі прыходзяць запозна, у сітуацыі, блізкай да разводу. Дапамагчы такім сем’ям можна, галоўнае — зразумець, што калі існуе праблема, трэба звяртацца да тых людзей, якія могуць дапамагчы, а не спрабаваць змагацца з ёй, калі гэтага не ўмееш.

Вобраз той сям’і, які прапагандуецца ў СМІ, шкодны, бо разбурае сям’ю. Мы стараемся прапагандаваць тыя нормы, якія могуць сям’ю з’яднаць. Заўсёды памятайце: сям’я  — гэта любоў, а дзеці — люстэрка сям’і.

Не трэба баяцца дзяцей

Ці ёсць рэцэпт шчаслівай сям’і? Сям’я Бадрусевых з Мінска лічыць, што так. Адзін складнік — давер адно аднаму. Другі і галоўны — адданасць Богу.

— Па-першае, нас яднае Хрыстус, — адзначае Мікола Бадрусеў. — Мы абое верым у Бога, разам молімся кожную раніцу і кожны вечар, і гэта ўжо вельмі добры рэцэпт. Па-другое, трэба навучыцца адно аднаму ўступаць і галоўнае — не трэба баяцца дзяцей!

— Адказная маці — тая, якая не баіцца прыняць дзіця, колькі б Бог не даў, — упэўнена Вікторыя Бадрусева.

Мікола і Вікторыя стаяць поруч, на руках у папы — маленькі Марк, іх сын. Бачачы шмат незнаёмых людзей, Марк не баіцца, ён толькі мацней сціскае тату за шыю, прытуляючыся да яго ўсім целам, і ўважліва сочыць за ўсім.

«Ніколі не кладзіцеся спаць, пакуль адзін у аднаго не папросіце прабачэння», — кажа Мікола напрыканцы. А Вікторыя дадае: «І не бойцеся: Бог прадугледзеў для вас самае лепшае і слухаючы Яго, вы будзеце шчаслівымі».

Маленькі Марк туліцца да таты і радасна ўсміхаецца маме. А ў яе вачах — пяшчота і любоў.

Шчасце існуе — не бойцеся яго прыняць.

Ілья Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.