Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Штогадовая сустрэча легіянераў у Будславе
Беларусь
14.09.2010 13:01

10–11 верасня 2010 г. у будслаўскай святыні сабраліся легіянеры Марыі з усёй Беларусі на сваё штогадовае свята, прысвечанае стварэнню «Легіёна Марыі». Гэта марыйная арганізацыя ўзнікла ў Ірландыі ў 1921 г. у вігілію свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі — 7 верасня.

Сёлета на свята ў Будслаў з’ехалася каля 100 легіянераў. Упершыню было вырашана правесці тут начное чуванне. Апоўначы адбылася святая Імша, якую цэлебраваў а. Цыцыліян Запольскі OFM. Канцэлебраваў літургію духоўны кіраўнік «Легіёна Марыі» ў Беларусі а. Юрый Находка OCD. Мадэратар руху кс. Юзаф Дзеконьскі са святарскай паслугай амаль увесь час знаходзіўся ў канфесіянале. Усю ноч легіянеры маліліся перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Апоўдні адбылася ўрачыстая святая Імша, якую цэлебраваў а. Юрый Находка. Легіянеры таксама з малітвай і спевамі прайшлі ў працэсіі вакол будслаўскага парка.

Завяршылася сустрэча смачным абедам і развітаннем. Легіянеры разам са сваімі духоўнымі кіраўнікамі выказалі айцам бернардынам, якія апякуюцца санктуарыем, падзяку за гасціннасць і духоўную падтрымку.

Галіна Калевіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.