Кардынал Свёнтэк наведаў свой тытулярны касцёл | Друк |
Беларусь
14.12.2009 02:11
У другі дзень візту аd limina біскупаў Беларусі пасля святой Імшы ў рымскай базыліцы Santa Maria Maggiore — святой Марыі Вялікай — іерархі прыбылі ў парафію Святога Джэрардо Маліелля ў новым мікрараёне Рыма, дзе знаходзіцца тытулярны касцёл кардынала Казіміра Свёнтка. Святую Імшу ўзначаліў сам кардынал, найстарэйшы каталіцкі іерарх Беларусі. У гаміліі іерарх падкрэсліў актуальнасць Божага слова, якое заклікае да радасці. Сапраўдная радасць прыходзіць дзякуючы навяртанню, да якога заклікае святы Ян Хрысціцель.

Кардынал распавёў пра свае сёлетнія юбілеі: сваё 95-годдзе, 70 год святарскага служэння і 15-годдзе атрымання кардынальскага берэта. Вернікі з увагай і апладысментамі ўспрымалі словы кардынала.

Пасля святой Імшы пробашч парафіі кс. Дон Карло зрабіў падарунак усім біскупам і кожнаму ўручыў абраз Маці Божай.

Арцыбіскуп Кандрусевіч у сваю чаргу распавёў пра тое, што парафія св. Джэрома Маліелля звязана з Усходняй Еўропай як праз кардынала Казіміра Свёнтка, так і праз Сусветны Дзень Моладзі 2000 года. Менавіта ў гэтым касцёле праходзілі катэхезы для беларускай і расійскай моладзі. Катэхезы ў гэтай святыні праводзілі сам арцыбіскуп і біскуп Антоні Дзям’янка. Мітрапаліт Кандрусевіч пажадаў вернікам плённага Адвэнту і павіншаваў іх з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння і Новым Годам.

 
© 2003-2024 Catholic.by