Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Беспамылковы?
Рубрыка Ватыканскага радыё
02.05.2012 12:43

Шляхі, па якіх Пан кіруе гісторыю, невядомыя чалавеку. У другой палове ХІХ ст. Папа Рымскі пачаў страчваць свецкую ўладу: Рым — горад Пантыфіка — быў акупаваны, сам Папа апынуўся ў палоне, у многіх еўрапейскіх краінах умацаваліся напады на Касцёл і святароў. Лодка св. Пятра сапраўды рызыкавала перавярнуцца і знікнуць у хвалях гісторыі. Тады большасць вернікаў і ў тым ліку ўся іерархія Касцёла бачыла ў гэтым знак Апакаліпсісу, які набліжаўся. Але парадаксальная рэч: Божы Провід пакіраваў так, што ўсе гэтыя падзеі толькі паспрыялі ўмацаванню ўлады Папы. Страціўшы магчымасць абараняцца сілай арміі, адмовіўшыся ад тэрытарыяльных жаданняў, Папа пачаў умацоўваць не сваю свецкую ўладу, а тую, якую даверыў яму праз св. Пятра сам Езус Хрыстус — духоўную. Першым крокам у гэтым накірунку стала прыняцце ў 1870 г. дагмату, які лічыцца самым спрэчным у гісторыі Касцёла — дагмату аб беспамылковасці Папы. Аб ім мы пагаворым у сённяшняй праграме.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Па-першае, важна зрабіць некаторыя ўдакладненні. Калі гаворка ідзе аб беспамылковасці Папы, многія часта разумеюць пад гэтым «безграхоўнасць». Аднак гэта не так. Каталіцкі Касцёл, грунтуючыся на Бібліі, навучае, што Папа, дзякуючы асабліваму дару Святога Духа, не можа рабіць памылак у пытаннях веры і маралі, калі існуюць адпаведныя ўмовы, аб якіх мы пагаворым ніжэй. Аднак ніколі Касцёл не казаў аб тым, што Папа пазбаўлены чалавечых слабасцяў, грахоў і недасканаласцяў. Папы, як і іншыя вернікі, спавядаюцца і просяць у Бога прабачэння за свае правіны, і гэта толькі сведчыць аб іх пакоры. На працягу доўгай гісторыі былі сапраўды святыя Папы, але часам здараліся і такія паводзіны, якія, мякка кажучы, з’яўляліся спрэчнымі, і Касцёл гэтага ніколі не адмаўляў. Такім чынам, разумець пад беспамылковасцю безграхоўнасць — няправільна. Гэта дзве зусім розныя рэчы.

Другое ўдакладненне датычыць беспамылковасці Папы, калі ён зацвярджае, звяртае ўвагу вернікаў ці прапануе праўду адносна веры і маралі. Беспамылковасць рашэння Папы мае на ўвазе выкананне чатырох умоваў. Па-першае, Пантыфік павінен казаць «ex cathedra» — гэта значыць, як найвышэйшы кіраўнік Касцёла. Па-другое, яго рашэнне павінна датычыць усяго Паўсюднага Касцёла, а не нейкай асобнай яго часткі. Па-трэцяе, Папа павінен даць зразумець, што, прымаючы рашэнне, карыстаецца дарам беспамылковасці. І чацвёртая ўмова — беспамылковым з’яўляецца рашэнне Папы толькі ў адносінах веры і маралі, а не навукі, гісторыі ці якой-небудзь іншай сферы.

У многіх прадстаўнікоў іншых канфесій, а таксама і саміх католікаў, часта ўзнікаюць пытанне: адкуль такая ўпэўненасць, што Папа з’яўляецца беспамылковым у пытаннях веры? Фундаментам для прыняцця дагмату аб беспамылковасці з’яўляецца Біблія. Мы ведаем, што Езус Хрыстус заснаваў свой Касцёл на апостале Пятры. У Евангеллі паводле Мацвея чытаем: «Ты — Пётр скала, і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой» (Мц 16, 18). Калі б Пётр мог памыляцца ў пытаннях веры і маралі і не мог навучаць іншых людзей, гэта не адпавядала б таму, што Хрыстус даверыў Касцёл менавіта яму. Таксама і наступнікі св. Пятра, Біскупы Рыма, не могуць памыляцца ў гэтых пытаннях.

Мы ведаем таксама, што Хрыстус даверыў Пятру ўладу ў Касцёле, кажучы: «Што звяжаш на зямлі, тое будзе звязана ў небе, а што развяжаш на зямлі, тое будзе развязана ў небе» (Мц 16, 19). Гэта значыць «звязана» і «развязана» Богам. На біблейскай мове словы «звязаць» і «развязаць» азначаюць «забараніць» і «дазволіць». Бог не можа памыляцца і зацвярджаць памылковых рашэнняў — гэта значыць, што Ён аказвае св. Пятру асаблівую падтрымку ў выкананні яго ўлады.

Узгадаем таксама, што Хрыстус даверыў Пятру заданне «пасці Яго статак» — гэта значыць Касцёл. Хрыстус зрабіў гэта, бо Ён, беспамылковы і сапраўдны Пастыр, узыходзіў на неба і хацеў даверыць свой народ Пятру і яго наступнікам. Паводле жадання Хрыста Касцёл з’яўляецца прыладай збаўлення людзей. Праз Касцёл яны таксама імкнуцца да неба. Таму было б дзіўна, калі б уладу ў ім Бог даручыў пастырам, якія памыляюцца ў пытаннях веры і маральнасці. Такім чынам, Папы атрымалі дар беспамылковасці.

Варта дадаць, што падчас Апошняй Вячэры, размаўляючы з апосталамі, Хрыстус сказаў Пятру: «Сымоне, Сымоне, вось сатана дамагаўся прасеяць вас, як пшаніцу, але Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера. І ты, калі вернешся, умацуй братоў сваіх» (Лк 22, 31–32). Калі Хрыстус маліўся да Айца, той заўсёды выслухоўваў Яго — у гэтым няма сумнення. Такім чынам, малітва аб тым, каб ніколі не знікла вера Пятра, таксама была пачута — гэтая вера засталася ў Пятра і яго наступніках назаўсёды. Дзякуючы гэтай веры пытанні, якія датычаць беспамылковасці Папы, не могуць падвяргацца сумнівам.

Заданне, дадзенае Пятру, — «умацоўваць братоў сваіх» — з’яўляецца нічым іншым, як кіраваннем верай. Зноў жа, было б дзіўна, калі б Езус даручыў уладу кіраваць верай народа Божага чалавеку, які можа памыляцца адносна яе.

Варта дадаць, што падчас Апошняй Вячэры Хрыстус паабяцаў вучням, што на іх сыйдзе Дух Святы — Дух Праўды, які будзе іх вучыць усяму, што трэба казаць і як дзейнічаць. Такім чынам Езус паабяцаў сваім вучням і Касцёлу пастаянную падтрымку Святога Духа, дзякуючы якому Папы і Касцёл не могуць памыляцца ў пытаннях веры і маралі і дзякуючы якому могуць навучаць усе народы.

Такім чынам, мы бачым, што дзякуючы падтрымцы Святога Духа Рымскі Пантыфік мае асаблівы дар беспамылковасці ў пытаннях веры і маралі. Дзякуючы гэтаму дару Папы вядуць народ Божы да неба, пераадольваючы хвалі гісторыі.

 Адкрыць у новым акне Download (7Мб)

Падрыхтаваў Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.