Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
4 рэчы, якім варта павучыцца кожнаму католіку ў аўстралійскай блогеркі
Пераклады
26.01.2017 17:03

19-гадовая Эсэна О’ніл закрыла свае акаўнты ў Youtube i Instagram. У аўстралійкі былі тысячы падпісчыкаў, але дзяўчына ахвяравала вялікім поспехам і грашыма. У развітальным роліку, які дзяўчына выклала ў сеціва, яна дзеліцца матывамі свайго рашэння.

Аналізуючы іх, можна вылучыць чатыры рэчы, якім кожны католік можа павучыцца ў аўстралійскай мадэлі і блогера. Цікава, што ж узрушыла яе? І чаму мы — вернікі — можам навучыцца у 19-гадовай аўстралійкі?

«У мяне было ўсё, чаго толькі можна сабе жадаць. Цяпер жа я бачу, што ўсё гэта было прыдуманае, фальшывае. Паказванне свету майго незвычайнага жыцця, цела, асобы было адным вялікім падманам», — сказала Эсэна.
О’ніл вырашыла, што з гэтага часу будзе працаваць над новым праектам «Let's be Game Changers» (англ. Зменім правілы гульні). Маладая блогерка хоча паказаць, што жыццё можа быць больш шчаслівым, калі пазбавіцца ад «распылення» на інтэрнэт.

Вось 4 рэчы, якія варта ўвесці ў жыццё:

1. Калі хочаш штосьці рабіць, бяры і рабі

Пачатковым пунктам, пра які расказала Эсэна, была фальшывая рэчаіснасць, якую яна будавала. «Мне 19 гадоў і ў мяне нічога няма. Ёсць толькі падпісчыкі, — казала яна ў апошнім знятым матэрыяле на Youtube. — Усё рабіла дзеля лайкаў».


 
Гаворка ідзе не толькі пра няшчырыя позы на фотаздымках і нават не пра тое, што папулярнасць дзяўчыны ў інтэрнэце не мела нічога агульнага з рэчаіснасцю. Гаворка ідзе найперш пра давер іншым.

Людзі вельмі хутка разумеюць, ці прыносіць табе сапраўднае задавальненне тое, што ты робіш, ці не. Бо часта штосьці робіш толькі дзеля грошай, для таго, каб быць прывабным у вачах віртуальных падпісчыкаў, дзеля славы і лайкаў. Пасля гэтага яны перастаюць табе верыць, бо не ўпэўненыя ў тым, што ты не выкарыстоўваеш сяброўства ў сваіх мэтах.

Па-другое, стаўленне да таго, што ты робіш, дае нагоду да з’яўлення абмежаванняў. Што становіцца мэтай тваёй працы? Грошы? Папулярнасць? Што з таго, што атрымаеш свае мільён лайкаў? Ці, можа, дзесяць тысяч такіх лайкаў збавяць цябе?

Эсэна апісала гэта досыць востра (таму не прыводжу яе словы на каталіцкім партале), але нагадала, што варта змагацца за штосьці большае. Пабачыць, што нашыя ўчынкі могуць мець іншую мэту, чым тое, што прапануюць нам сацыяльныя сеткі.

  • Што рабіць?

Пастаў сабе іншую мэту, хаця б тую, што так проста можна знайсці ў Евангеллі (напрыклад Мц 5, 3-9: «Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае (...)»

2. Не абмяжоўвай сваё жыццё толькі інтэрнэтам
 
«Я была цалкам залежная ад таго, што іншыя пра мяне думалі. Верыла, што лічба маіх падпісчыкаў была роўнай таму, колькі чалавек мяне любіць. Нават не разумела, што гэтыя парталы сталі адзінай маёй рэальнасцю...»

А колькі разоў за дзень правяраеш свае лайкі ты? Як часта чакаеш удзячнасці або ацэнкі з боку іншых? Як часта тое, што робіш, залежыць ад адабрэння знаёмых? Ці сапраўды цябе не турбуе тое, што кажуць іншыя?
Камп’ютар і інтэрнэт часта забіраюць наш час адпачынку. І што яшчэ горш, калі падаецца, што жыццё ў інтэрнэце — лепшае. У спалучэнні з залежнасцю ад ацэнкі іншых, няспыннага чакання ўдзячнасці і адабрэння, інтэрнэт — гэта выбуховая сумесь.


Фота з выдаленага інстаграма блогеркі

Варта памятаць, што супольнасць будуецца найперш на даверы. Вы правяраеце паведамленні з Фэйсбука падчас цікавай сустрэчы са знаёмымі? Звычайна так робяць насамрэч самотныя людзі (за выключэннем некаторых выпадкаў).

Часам здараецца, што замест таго, каб ісці ў касцёл, сустрэцца з кімсьці ці выйсці на прагулку, мы хочам застацца дома, бо яшчэ ёсць розная невыкананая хатняя праца. Потым высвятляецца, што час мы выкарысталі неразумна — седзячы ў сацыяльных сетках.

  • Што рабіць?

Папа Францішак калісьці сказаў, што «людзі, якія працуюць, павінны знайсці час для адпачынку. Час для таго, каб быць са сваімі сем’ямі, каб разам радавацца, чытаць, слухаць музыку, займацца спортам». Палічы, колькі разоў ты прапусціў усё гэта праз камп’ютар? Змяні гэта.
 
І памятай: інтэрнэт з’яўляецца сродкам, але ён не павінен быць мэтай. Як казаў папа Францішак: «Тэхналогія — гэта штосьці сапраўды добрае, дар ад Бога. Але яна можа мець і негатыўныя наступствы: “Прагненне забаў у інтэрнэце можа мець такі вынік, што ізалюе нас ад нашых суседзяў і ад нашых блізкіх”».
 
3. За моднай прамысловасцю стаіць шмат злых рэчаў

Колькі асоб, якія працуюць у блогасферы або ў свеце моды, сутыкаюцца з такімі самымі праблемамі, як і мадэль з Аўстраліі? Колькі яшчэ злоўжыванняў папоўніцца ў імя танных і нібыта прыгожых убранняў?

«Як католікі мы павінны, калі штосьці купляем, рабіць гэта свядома», — пісаў у сваёй энцыкліцы Laudato si папа Францішак.

Фота з выдаленага інстаграма блогеркі

Стваральнікі адзення расказваюць нам прывабную гісторыю. Можна нават сказаць, што мы жывём у свеце міфаў аб модзе. Не можам насіць майку з мінулагодняй калекцыі? Абутак? Найлепш выкінуць праз год і набыць новую мадэль. Бялізна за Br 25 рублёў гэта магчымасць хутчэй узяць і не пытацца, хто выставіў за яе такую смешную цану.

Падобны механізм функцыянуе сярод тых, хто рэкламуе моду. Ёсць шмат гісторый пра тое, што адбываецца за кулісамі.

  • Што рабіць?

Найперш — свядома ацэньвай кожную рэкламу, якая трапляецца. Здымак Дэвіда Бэкхэма ў трэндавым піджаку (20 еўра), падпісаны словамі «класічная элегантнасць» не азначае, што ты будзеш у ім добра выглядаць. Цэлая каманда працавала для таго, каб ты ў гэта паверыў.
 
Па-другое, купляй менш. Насамрэч, табе не патрэбна штомесяц новае адзенне. І гаворка тут ідзе не толькі пра ашчаднасць, але пра тое, што «магчымасць кансумавання рассейвае сэрца, робячы немагчымым ацэнку ўсяго і кожнай хвіліны» (Laudato si, 222).

Па-трэцяе, байкатуй тыя маркі, пра якія ведаеш, што выкарыстоўваюць незаконную працу на сваіх фабрыках у Бангладэшы, Камбоджы або Кітаі. Гэта сапраўды мае значэнне. Хіба калі толькі табе не замінае тое, што ходзіш у штанах, якія рабілі дзеці.

4. Можа, гэта і банальна, але грошы не даюць шчасця

Фота з выдаленага інстаграма блогеркі

Прыклад Эсэны О’ніл прымушае задумацца пра ўласныя мэты. У Касцёле часта кажуць пра хцівасць. І яна нават не звязана з грашыма, але пра мэту, якую мы перад сабой ставім. Ці тваёй мэтай з’яўляецца служба іншым або служыш найперш сабе? На гэтым і заснавала хцівасць — на служэнні сабе.

  • Што рабіць?

Паглядзі, што адбудзецца, калі дасягнеш сваёй мэты. Кагосьці зраніш? Выкарыстаеш час сваіх сяброў або сям’і? Ці падзелішся з кімсьці дасягнутай мэтай?

Хцівы чалавек заўсёды адмаўляецца ад сваіх дабротаў перад іншымі. Не ўмее дзяліцца. Не ўмее быць удзячным. І, можа, гэта ізноў банальна, ён не з’яўляецца шчаслівым.

Паводле deon.pl
Пераклад і апрацоўка І. Лапато

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.