5 спосабаў барацьбы з залежнасцю ад парнаграфіі | Друк |
Пераклады
25.01.2017 12:17

Я — муж выдатнай жонкі і бацька трох цудоўных дзяцей. Апошнія 25 гадоў я іду доўгай дарогай залежнасці і барацьбы з парнаграфіяй.

Гэта залежнасць мела такі моцны ўплыў на мяне, што казаць пра «нармальнае» жыццё найперш у ролі хлопца, а пасля мужа і бацькі, было практычна немагчыма.


 
Мая залежнасць у моманце сваёй кульмінацыі заключалася ў настойлівым шуканні парнаграфічнага зместу і мастурбацыі (нярэдка па некалькі разоў на дзень). Я веруючы чалавек і такі стан уводзіў мяне ў вялікае адчуванне віны, сораму і ізаляцыі. Праз гэта сведчанне я хачу засцерагчы ўсіх перад вынішчаючым уплывам залежнасці ад парнаграфіі.

Пра свой вопыт змагання пішу з пункту гледжання мужчыны. Чытаючы некаторыя сведчанні, якія з’яўляюцца ў інтэрнэце, ведаю, што вялікая колькасць нас або была залежнай ад парнаграфіі або з’яўляецца залежнай і па сёння.
 
Чаму? Некаторыя скажуць, што гэта інфантыльна, але ведаю, што сатана ведае наймацнейшыя бакі мужчыны і будзе рабіць усё, каб іх знішчыць. Ведаю, што Бог стварыў нас, мужчын, каб мы былі лідарамі — у сваіх сем’ях,  у грамадскасці.
Мы павінны быць накіраваныя на службу іншым, быць сталымі ў пачуццях і апорай для нашых сем’яў. Але залежнасць нішчыць пад корань усе гэтыя арыенціры.

Залежнасць змяняе
 
На сваім прыкладзе ведаю, што залежнасць змяняе. Зманлівая думка, з якой вельмі часта ўсё пачынаецца: мастурбацыя сам-насам абсалютна нікому не шкодзіць. Мне гэта дае хвілінку «задавальнення» і, напэўна, не мае ўплыву на кагосьці з майго акружэння. Гэта хлусня, на якую можна вельмі хутка трапіцца, уцягнуўшы сябе ў залежнасць. Мастурбацыя становіцца галоўнай формай зняцця стрэсу.

Заўважыў у сабе шмат негатыўных змен, якія сталі вынікам залежнасці. Вось некаторыя з іх:
 

  1. Канцэнтрацыя на сабе

    Замест таго, каб быць чулым да патрэбаў іншых, я з кожным разам станавіўся ўсё большым эгаістам. Мае думкі роіліся часта толькі вакол маіх жаданняў i абдумвання, як іх ажыццявіць. Ведаю, што ў крайніх выпадках залежнасць ад парнаграфіі можа прывесці і да поўнай ізаляцыі. Веру, аднак, што мы былі створаныя для жыцця сярод людзей і для людзей, а такая ізаляцыя ідзе уразрэз з нашай тоеснасцю.

  2. Залежнасць знішчае стасункі

    Зацыкліванне на сабе, якое расло, знішчала мае адносіны з іншымі. Найбольш пакутавалі ад гэтага самыя блізкія. Калісьці пачуў такую думку: калі ты маеш залежнасць, то залежнай з’яўляецца таксама і твая сям’я.

    Спачатку думаў, што гэта лухта, але пасля балюча адчуў на сабе гэту горкую праўду. Я бачыў, як мая сям’я становіцца залежнай ад майго настрою.
    Пасля мастурбацыі і часовым супакаенні ўсё вярталася зноў «у норму». Праз хвіліну мы ўжо жылі ў такім сімбіёзе, але гэта было жыццё на бомбе. Калі прыходзіў «парнаграфічны голад», усё вярталася, як кашмар.



  3. Залежнасць ад парнаграфіі змяняе спосаб успрымання жанчыны

    Гляджу з пункту гледжання мужчыны, таму пішу пра жанчын. Жанчыны сталі для мяне аб’ектам жадання толькі ў візуальнай сферы. Парнаграфія — гэта чыстае «апрадмечванне» іншага чалавека. Яна служыць толькі для заспакойвання маіх жаданняў.

  4. Эмацыйная нестабільнасць

    Залежны мужчына — гэта чалавек эмацыйна нестабільны. Я жыў паміж момантамі заспакаення сваіх жаданняў. Гэта было цалкам разбурэнне і адмаўленне маёй мужчынскасці. Народжаны як мужчына, я павінен быць апорай і падтрымкай ва ўласным доме.
    Сталасць мужчыны — гэта адна з важнейшых мужчынскіх рысаў, якая дазваляе жонцы і дзецям адчуваць сябе бяспечна, а я сваімі паводзінамі цалкам гэтаму пярэчыў
  5. Ірацыянальнае мысленне

    Залежнасць на дазваляе прымаць рацыянальныя рашэнні. Маімі ўчынкамі кіравалі эмоцыі і імпульсіўнасць. У рэшце рэшт гэта датычыла кожнай сферы жыцця. Таму я прыняў некалькі неадпаведных фінансавых рашэнняў, якія затым яшчэ доўга «адгукаліся» ў сямейным бюджэце.

    З упэўненасцю магу сказаць, што мужчына, які думае ірацыянальна, не здольны кіраваць сваёй сям’ёй (а для гэтага мы, мужчыны, таксама створаны) і можа быць вельмі небяспечны ў кантэксце прыняцця рашэнняў.

 
Сапраўдны матыў залежнасці

Залежнасць (прычым любая) можа быць таксама і прыкрыццём для іншай, больш глыбокай залежнасці. Але ўбачыў гэта я толькі тады, калі распачаў барацьбу, адмаўляючы ў рэалізацыі розных жаданняў. Невыкананае жаданне валодання можа адгукнуцца сваімі наступствамі — напрыклад, праз чарговую залежнасць.



Але ўсведамленне гэтага і панаванне над сваімі жаданнямі можа вывесці з чарговага крызісу. А дапамагчы ў гэтым можа амбіцыя, адвага або рацыяналізм у прыняцці рашэнняў, якія прыводзяць да дасягнення мэтаў, якія ставім перад сабой.
 
Калі сам рады не дасі

Пакуль я не ўсвядоміў, што аднаму мне залежнасць не перамагчы, шансу на вызваленне не было. На раннім этапе залежнасці пасля кожнага ўпадку мяне ахінаў вялізны сорам і жаданне змяніцца. Таму я бег да споведзі, лічачы, што Бог цудоўным чынам будзе захоўваць мяне ў чыстасці.

Я дзейнічаў імпульсіўна: грэх пад уплывам эмоцыі, праз хвіліну — споведзь пад уплывам граху.  Гэта вельмі стамляла псіхічна. Штораз я трапляў ва ўсё большую прыгнечанасць. Замест таго, каб проста жыць, я знаходзіўся ў стане працяглай вайны з самім сабою. У канцы не вытрымаў — сеў перад Богам і сказаў: гэта канец, Божа, — не дам рады. Сам ублытаўся ў гэты бруд, але сам выйсці з яго не магу. Дапамажы!

Ілюстратыўнае фота

І Ён дапамог. Але не так, як я хацеў, не раптоўным «цудам з неба», а павольным працэсам. Толькі пазней я зразумеў, што Ён хацеў мяне навучыць майстэрству тактычнай барацьбы і паказаць метады дзеяння ворага, як праўдзівы бацька, а не замяняць у працы над сабой.

Што хочаш, каб Табе ўчыніў?

Усёй сям’ёй мы паехалі ў Лагеўнікі. Я ўкленчыў перад абразом Езуса Міласэрнага і маліўся: «Езу, вызвалі мяне, бо не хачу так жыць далей. Не хачу нішчыць сябе і сваю сям’ю!» Хачу быць вольны для Цябе і для іх. Тады я пачуў слова з Евангелля пра аздараўленне невідушчага: што хочаш, каб табе ўчыніў?

«Што да чаго? — падумаў тады я. — Я кручуся, як вар’ят, а Ты пытаешся, чаго хачу?» І тады я зразумеў, што павінен паспавядацца. Прычым зараз жа!



Штосьці, пра што я ведаў даўно, але кожны час ад гэтага ўцякаў. Ад страху. Езус хацеў, каб я перамог свой найбольшы страх — страх перад асуджэннем найперш блізкіх мне людзей. Я зразумеў, што без таго далей не паеду. І раптоўнага цуду аздараўлення, які стаяў у мяне перад вачыма, не будзе.

Будзе. Але на Яго ўмовах — як цалкам празрысты працэс, у якім я павінен пачаць падымацца з самага дна свайго ўпадку.
 
Мастацтва барацьбы

Я быў раззлаваны на Яго, калі зразумеў, што маё аздараўленне не будзе цудам, а «проста» нябачным аздараўленнем. З іншага боку, да мяне дайшло разуменне чагосьці іншага. Ён хоча абысціся са мной, як бацька, — паказаць метады дзейнасці ворага і навучыць тактычнай барацьбе (а не імпульсійным дзеянням).
 
І паказаў мне пяць метадаў:

1. Рэгулярная малітва і споведзь

Я запланаваў рэгулярны час на малітву. Час, калі нішто не адцягвае маю ўвагу. Для мяне гэта была раніца, калі яшчэ ўся сям’я спіць. Тады чэрпаю сілы на ўвесь дзень і давяраю Богу сябе і ўсю сям’ю. Яшчэ гэта рэгулярная споведзь і, наколькі гэта магчыма, у пастаяннага спаведніка.
 
2. Характар малітвы

Калісьці мая малітва мела галоўным чынам характар падзякі і просьбы (з ухілам на просьбы). Я змяніў яе на малітву, галоўнымі элементамі якой сталі ўшанаванне і праслаўленне. З таго моманту я пазбавіўся ціску, што я штосьці мушу. Калі я штодзённа зранку кажу: «Божа, давяраю Табе гэты дзень, сябе і ўсю маю сям’ю. Ты дзейнічай праз мяне. Хачу быць прыладай у Тваіх руках» — Ён дзейнічае. Часам толькі Яму вядомым спосабам.

Такая малітва мае яшчэ адну важную перавагу — дазваляе адцягнуць увагу ад мяне і скіраваць яе на Субяседніка. Падчас барацьбы з залежнасцю, у якой кармлю сваё эга, гэта важны элемент.

3. Пост

Я дацаніў значэнне посту. Адмаўленне сабе ў розных рэчах дапамагае будаванню мыслення «я магу без гэтага жыць» або «магу сказаць “не”, калі гэтага захачу». Пост з’яўляецца вялікім дарам і ласкай для таго, хто просіць. Так як малітва праслаўлення дазваляе адцягнуць увагу ад сябе і скіраваць яе на іншыя, больш важныя справы.
 
4. Пазбягай спакусаў і дзейнічай радыкальна

Я ўсвядоміў сабе, што захаванне чыстасці — гэта, з аднаго боку, уменне пазбягаць сітуацый, якія могуць прывесці да ўпадку, а з іншага боку, калі ўжо да такой сітуацыі можа дайсці, уменне змагацца.

Я да мінімуму абмежаваў тэлебачанне, пераставіў у іншае месца камп’ютар, каб кожны член сям’і мог бачыць, што адбываецца на маніторы. Не ўваходжу ў канфрантацыю з сітуацыямі, якія нясуць небяспеку, бо ведаю, што магу спатыкнуцца.
Я ўсвядоміў, што гэта не баязлівасць, а элемент мудрай стратэгіі. Бо калі бачу, што набліжаецца небяспека, вельмі часта адзіным шансам у такой сітуацыі з’яўляецца малітва. Малюся, пакуль не прыйдзе спакой. Дапамагае.
 
5. Знайдзі іншы спосаб здымаць стрэс
 
Залежнасць ад мастурбацыі — гэта ў большай ступені спосаб здымаць напружванне і стрэс, якія мы штодня ў сабе збіраем. Усвядоміўшы гэта, я запланаваў нейкую актыўнасць для сябе, якая дапамагла б мне інакш здымаць напружанне. Найлепшым у маім выпадку стаў спорт і змучанасць, пасля якой найбольш жаданым было адразу легчы спаць.

Маё вызваленне ад парнаграфіі працэс павольны. Павольны, бо залежыць ад майго жадання і барацьбы. Імкненне пазбавіцца ад яго — гэта адзіны момант, які залежыць толькі ад мяне з погляду на маю вольную волю, якою мяне адарыў сам Бог. Рэшту робіць Ён, бо я сапраўды важны для Яго.
 
Хвала Пану!

Паводле deon.pl
Пераклад з польскай і апрацоўка І. Лапато


 
© 2003-2024 Catholic.by