Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Неўмеркаваны аптымізм
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
22.06.2016 00:00

Памылкі ў планаванні знаёмыя многім людзям. Мы прапускаем вызначаныя тэрміны, выдаткоўваем больш грошай, чым меліся, завальваем праекты і змагаемся з непрадбачанымі цяжкасцямі. Часам людзі кажуць: «На сённяшні розум я б так не зрабіў, але тады я і не думаў, што можа стацца».

Адна з прычын «заваленых» жыццёвых экзаменаў — празмерна аптымістычнае стаўленне да рэчаіснасці. Сам па сабе аптымізм прыносіць шмат карысці як уладальніку гэтай якасці, так і свету. Менавіта аптымісты прымаюць смелыя рашэнні, займаюцца бізнесам, працягваюць даследванні, кіруюць, рызыкуюць, натхняюць іншых.

Аднак памылкі ў ацэньванні рызыкі могуць дорага каштаваць, асабліва ў «гульні з высокімі стаўкамі». Тым больш, калі гэтай стаўкай можа аказацца жыццё чалавека. Нядаўна я прачытала пра методыку Гэры Кляйна, якая называецца «прыжыццёвы эпікрыз». Яна не мае нічога супольнага з медыцынай і прызначаецца для арганізацый на парозе важных рашэнняў. Вось збіраюць усіх распрацоўшчыкаў праекта ў адным пакоі і прапануюць уявіць, што рэалізацыя плана прывяла да катастрафічных наступстваў, а таксама просяць сфармуляваць прычыны такога выніку. Змяніўшы ракурс, людзі часта здольныя заўважыць пагрозы, якіх не бачылі на стадыі планавання і агульнай веры ў перамогу.

Такім чынам, без аптымістычнага настрою ты нічога не распачнеш, але без сувязі з рэальнасцю лепш не ўвязвацца або своечасова адмаўляцца ад выбранага шляху.

Смакоўніца, якая не прыносіла пладоў, але ахінула сябе густым лісцем, нагадала мне пра методыку Гэры Кляйна. Хто б расказаў дрэву загадзя, чым усё можа скончыцца?.. І якой мовай трэба было з ім гаварыць?


У іншым месцы Евангелля Езус папярэджвае вельмі ясна: «Выйшаўшы, Езус пайшоў ад святыні. І падышлі вучні Яго, каб паказаць Яму будынкі святыні. А Ён сказаў ім: “Ці бачыце ўсё гэта? Сапраўды кажу вам: не застанецца тут каменя на камені, які б не быў зруйнаваны”» (Мц 24, 1-2).

Можа, гэтае прароцтва нельга было змяніць? Думаецца, гэта быў якраз такі «прыжыццёвы эпікрыз»: «Тое, як вы паступаеце, прывядзе да катастрофы, калі нічога не змяніць у вашым плане». Побач з гмахам святыні, упрыгожанай каштоўнасцямі, поўнай людзей, ахвяраванняў і малітваў, дапусціць яе знішчэнне мог толькі... Хто?

Зноў тое ж пытанне: «За каго вы Мяне лічыце?» Калі за небяспечнага блюзнерцу, якога трэба абясшкодзіць, то і слухаць няма чаго — рабіць далей, што робіш, і з аптымізмам глядзець наперад. Калі за Месію, Сына Божага, то ўспрымаць Яго словы ўсур'ёз, разглядаючы свае рашэнні і праекты з розных ракурсаў, у тым ліку з правальных, каб запланаванае не скончылася руінамі і спусташэннем. Асабліва калі гаворка ідзе пра жыццё вечнае.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.