Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Шчаслівай дарогі!
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
29.12.2015 00:00

«Пастухі знайшлі Марыю і Юзафа, і Немаўля»

Так шмат мы чакаем ад Калядаў. Каб надвор’е было спрыяльным і снежным, каб падарункі абавязкова спадабаліся блізкім, каб стравы на стале ўдаліся як найлепей, каб грошай хапіла і яшчэ засталося, каб кожны ўсміхаўся, каб госці прыйшлі і пайшлі задаволеныя, каб было ўсё лёгка, весела, смачна і бесклапотна, і гэта толькі пачатак. Многія з нас гатовыя на значны высілак, амаль на мяжы сваіх сіл, каб здзейсніць як найбольш сваіх чаканняў. Вынік, мякка кажучы, не заўсёды адпавядае...



А некаторыя чакаюць толькі аднаго, нічога больш – толькі аднаго – цуду. Каб нехта жыў. Каб быў побач. Каб вылечыўся. Некаторым трэба толькі праменьчык надзеі, трошкі цяпла, крышынку дабрыні і ўвагі...

Што нашы чаканні і спадзяванні? Бараны ды авечкі. Пасём, гадуем, нешта з іх маем. Куды мы, туды й яны. Трэба вучыцца разнявольвацца, каб перастаць заціскаць вушы ад анёльскіх спеваў. Часцей глядзець на зоркі, каб не прапусціць ціхае ззянне над Бэтлеемам. Старацца глядзець сэрцам, а не вачыма, каб аднойчы выправіцца на пошукі Немаўляці. З усімі тымі баранамі і авечкамі, нават самымі няўклюднымі, з пустатой і сумненнямі, з недарэчнымі сваімі падарункамі і дзіўнымі манерамі – знайсці і пакланіцца. А што далей: размовы ці маўчанне, гучнае «Славім Яго!» ці слёзы сустрэчы, ці ўсё разам – не буду гаварыць, бо пахаваліся каля стаенкі ўсе словы.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.