Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Прачніся
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
19.11.2015 00:00

І настала цемра...
Глядзелі на Таго, якога ўкрыжавалі.

У Гeтсіманіі вучняў змарыў сон. Як ні намагаліся не спаць, павекі закрываліся, і адразу ж навальваліся вобразы, выявы, і нейкі такі цяжар, нібы дурман, які, аднак, не ўдавалася прагнаць ніякім высілкам. Можа, таму, што ўвесь час думаеш, што не спіш, чуваеш, нават молішся, а насамрэч ускідваешся ад сну, калі з табой загавораць.

Езус прасіў маліцца. Настаўнік, якога любілі вучні ўсім сэрцам. Што дрэннага можа здарыцца, калі Божы Сын побач з табой? Ніхто не адважыўся спытацца: “Чаму Ты такі сумны, Пане?” Скрозь сон кепска фармулююцца пытанні, толькі адно жаданне – каб не чапалі і далі спакой яшчэ хоць на 5 хвілінак...

“Уставайце! Ідуць за Мной”. У тое, што адбылося потым, ніхто не мог паверыць. Можа, акрамя Маці.

Езуса схапілі. Што рабіць? Што ўночы парадзіш, трэба пачакаць, пакуль развіднее, пачакаць звестак. Можа, яшчэ адпусцяць: паслухаюць Яго, адумаюцца і адпусцяць... А нейкі голас унутры, што не дае спакою: “А калі не? Потым яны прыйдуць за табой, ты ж быў з Ім. Ты йдзеш толькі спытацца, а там цябе і чакаюць...”

Анна, Каяфа, цямніца. Бясконцая ноч... Здрада, пякучы боль, шкадаванне аб усім і поўнае бяссілле што-небудзь рабіць. Напэўна, гэта сон. Зараз мы ўсе прачнемся, і нічога з гэтага не было. Не магла ж насамрэч Высокая Рада асудзіць Езуса, Нявіннага. Але гэта яшчэ быў не канец. І многія здрыгануцца ад крыку натоўпу: “Укрыжуй Яго!” Пераможны, жывёльны, сляпы крык.

Езуса выводзяць. Сотні вачэй глядзяць на Яго. Як Ён адрэагуе, які Ён стане на парозе смерці, калі ніводнага шансу на выратаванне не засталося – раздаўлены, мізэрны, зруйнаваны? Шкадуе, нарэшце, што не слухаў мудрэйшых за Сябе? Зразумеў, хто тут мае ўладу?

А Езус не глядзіць на іх, але і не хавае вачэй. Апошні Яго позірк – проста табе ў вочы: “Ты маўчыш? Я адыходжу зняважаны, збіты, асуджаны несправядліва – ты маўчыш?”

Столькі нявінных прайшло праз суды. Ці пашкадавалі мы хоць аб адным? Ці заўважылі, як іх суддзі вымываюць рукі?

Здзекі, бічаванне, катаванне, якога не павінен спазнаваць ніводзін чалавек на зямлі. Але гора, бруд і грэх усяго чалавецтва ўсклаў на сябе Хрыстус. Стаіш побач і не верыш. Не-не-не, не можа так стацца з Табой, Пане! Зараз, у апошнюю хвіліну, Бог не дапусціць!


Прысуд выконваецца, прафесійна, крок за крокам, няўмольна. Езус не спыняе нікога, не пярэчыць, не скардзіцца. Ён толькі не мае сіл, каб ісці з той хуткасцю, якой трэба катам. Каму ж гэта спадабаецца. Затрымка. Хтосьці з натоўпу, напрыклад, вось ты, здаровы, моцны. Хадзі сюды, рабі, што сказана – нясі за Асуджаным. А здаровы і моцны хацеў бы выкруціцца, але не можа, толькі пазайздросціць тым, хто паспеў схавацца ў завулках. Тым нават вучням, што заклінаюць зараз сваё “Не, не можа быць!” Бо мусіць увайсці ў гэты крывавы пот і бруд, у гэтае бясконцае цярпенне, цяжкі шлях. Жахлівы выгляд Езуса... Не дзіва, што над Ім плачуць жанчыны. Дзіва, што некаторыя з іх не баяцца. Вось адна праціснулася з белай хустай, каб Ён мог абцерці свой твар.

Евангеллі маўчаць: дзе падзеліся ўсе вучні? Можа, дагэтуль спадзяюцца, што ўсё гэта сон? “Зараз-зараз, я пайду за Ім, яшчэ хвілінку...”

На словах: “Калі Яго ўкрыжавалі...” ты прачынаешся. Раптам і канчаткова. У галаве становіцца абсалютна ясна. Хоць сонца знікла і настала цемра, ты прачынаешся, і цябе працінае халодны жах. Усё сталася так хутка... Езус адыходзіць. Увесь твой лямант, спробы, страхі, выкрутасы, як пыл, асядаюць на скалістай дарозе.

Ён адыходзіць. Не так, як табе марылася – у акружэнні сяброў, на схіле доўгага жыцця, пакідаючы ў спадчыну Валадарства, дзе пануе дабро і справядлівасць. Няма ўдзячнага народа, кветак і сумных працэсій, не спяваюць пахавальных спеваў...

Рэальнасць іншая.

Ідзі да Яго зараз. Стань пад крыжам. Глядзі. На кожную рысачку, заўважай кожны ўздых, кожны балючы рух, якому ты ўжо не можаш дапамагчы. Езус памірае, каб дапамагчы табе.

Хіба я патрабую дапамогі? Як?

Прыгледзься да сваіх рук, дзіця. Ад моманту прысуду да прыбівання на крыж твае рукі ў крыві Баранка. Гэта ў тваіх руках былі бічы і цвікі, гэта з тваіх вуснаў ляцелі знявагі і лаянка. І ніякая ўнутраная ці знешняя сіла не перавядзе цябе на бок тых, хто плакаў аб Хрысце, хто спачуваў Яму, хто не адрокся, хто шкадаваў і намагаўся прынесці палёгку. Толькі сам Езус са злачынцы і грэшніка можа зняць правіны і павесці за сабой. Іншай сілы няма. Іншай дапамогі і іншай абароны.

Захінуў Ён цябе ад бяды сабою і крыж панёс за цябе. Дзе ж больш бяспечнае на зямлі месца, чым шлях, якім Ён прайшоў?


Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.