Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Фотарэкалекцыі ў Баранавічах: справаздача з лірычнымі адступленнямі
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
01.09.2015 10:12

17–21 жніўня ў кляштары сясцёр місіянерак Святой Сям’і ў Баранавічах прайшлі фотарэкалекцыі. Анонс абяцаў пяць дзён практыкаванняў, сумеснай і індывідуальнай малітвы, фатаграфавання і адказаў на пытанні. Асабіста мяне заахвоціла да ўдзелу заўвага: "прымаюцца ўдзельнікі любога ўзроўню ўмення фатаграфаваць".

А я ні разу не фатограф, але ўжо двойчы была на "ціхіх" ігнацыянскіх рэкалекцыях і ведала, што... добра, падазравала, што ўменняў ніякіх не спатрэбіцца. Канешне, хвалявалася, ці не апынуся адна няўмека сярод прафесіяналаў. Зноў жа, чаму будзе "сумесны прагляд" фотаздымкаў, а не не індывідуальны?..

На першай сустрэчы высветлілася, што сярод шаснаццаці ўдзельнікаў станоўча пераважаюць аматары фатаграфіі з простымі лічбавымі фотаапаратамі. Пасля кароткага знаёмства нам раздалі карткі з пытаннямі, каб кожны для сябе занатаваў свае думкі наконт таго, "Хто я? Што для мяне важна ў жыцці? Хто Бог? Ці дапаможа мне фатаграфія "жыць лепш" і якім чынам?"

З аднаго боку, нейкая правакацыя, таму што на гэтыя пытанні складана пісаць коратка і хутка, а з іншага боку, ёсць шанец захаваць эскіз самога сябе на парозе рэкалекцый, пасля якіх, магчыма, ты станеш іншым чалавекам. На ігнацыянскіх рэкалекцыях такое часта здараецца. У адказ на апошняе пытанне я напісала, што спадзяюся знайсці іншы спосаб "чуць" Божы голас, не толькі ў словах, але і ў вобразах, навучыцца не абмінаць Яго знакі.



Пасля заканчэння ўступнай сустрэчы запанавала цішыня. Яе захаванне было ледзь не адзіным патрабаваннем. У многіх рэчах можна было пачувацца вольным, але цішыня была не толькі ўмовай добрых і плённых рэкалекцый для сваёй душы, але таксама дарам для іншых удзельнікаў. Важна, што цішыні спрыяла сама атмасфера кляштара сясцёр-місіянерак. Ён нагадваў мне цяністы сад сярод гарачай пустыні. Сёстры, амаль нябачныя і нячутныя, з павагай да нашага маўчання, клапаціліся аб смачных стравах, аб тым, каб у нас было ўсё неабходнае, падтрымлівалі нас сваімі малітвамі.

Мне добра запомніўся адзін момант першага вечара, калі мы разыйшліся па сваіх пакоях, дзе праз мансардныя вокны неба бачна над галавой і ўдзень, і ўначы.

У змроку на белай сцяне насупраць ложка чарнеў невялікі крыж. "Будзе, як Ты хочаш, але я не веру, што фатаграфія можа мне нечым дапамагчы ў рэкалекцыях", – сказала я. Хвілінка шчырасці на пачатак.

Нараніцы ніхто ні з кім не размаўляў і рэдка вітаўся нават позіркам. І гэта здзіўляла толькі тых, хто ўпершыню на такіх рэкалекцыях. Я кожны раз з палёгкай захінаюся ў гэтую цішыню, каб "вытанчыць свой унутраны слых", і звычайна не наважваюся іншых выцягваць з яе. Тым больш, што душэўныя перажыванні ў кожнага свае і прычым вельмі розныя, таму ні патрабаваць ветлівасці, ні прымушаць сябе ўсміхацца, калі няма на гэта сіл, на рэкалекцыях не варта.

Але так міла потым ўспамінаецца маўклівае харчаванне пад класічную ці інструментальную музыку, калі без слоў згадваліся патрэбы іншых, потым разам ціха мылі посуд, рыхтавалі сталы да абеду ці вячэры.

Неверагодна, якім блізкім і зразумелым можа стаць чалавек, з якім ты проста маўчыш і молішся некалькі дзён...

Знешняя цішыня – важная ўмова, але для малітоўнага разважання над Божым словам (lectio divina) істотна неабходная ўнутраная цішыня. Дапамагаў знаходзіць да яе свой шлях кіраўнік рэкалекцый. Тэарэтычна ўсё вельмі проста, але на практыцы без добрага настаўніка складана навучыцца ціха прабываць тут і зараз. Толькі сцішыўшы свой унутраны шум, можна было адпаведна "падрыхтаваць глебу" сваёй душы для Божага слова.

Мы слухалі ўрывак Святога Пісання адзін раз проста з пачатку да канца, другі-трэці раз адзначаючы для сябе выразы і словы, якія "чапляюць" увагу. Атрымаўшы карткі з гэтым урыўкам, мы чыталі пра сябе яго так, нібы першы раз у жыцці бачым, стараючыся задзейнічаць розум, паразважаць, задумацца над незразумелымі месцамі, задацца пытаннямі. Потым быў пэўны час на медытатыўнае разважанне над Божым словам, заглыбленне ў тыя выразы, якія прагучалі "мацней", чым астатнія.

І затым аж да вечара мы разыходзіліся кожны ў свой бок, каб індывідуальна маліцца і фатаграфаваць, захоўваючы на фоне свядомасці пачутыя словы і вобразы.

"Адпусціце свае намаганні, адчуйце, што вас закранула, і засяродзьцеся на гэтым, пакуль ходзіце і здымаеце, а вечарам спытайцеся ў Бога, якія два здымкі лепшыя, каб даць на прагляд", – запісала я наказ кіраўніка рэкалекцый.

Такім чынам, тры наступныя дні схематычна выглядалі так: шукаем цішыню – молімся – фатаграфуем – дзелімся. Не ведаю, што вам расказаць пра сам працэс, бо на сабе адчула, якімі пустымі могуць быць нават найлепшыя парады і аповеды, калі не паспрабуеш ад тэорыі перайсці да практыкі. Як там пяецца ў адной песні: "Перажыві гэта сам". Адзначу толькі, што фатаграфаванне ў кожнага ўдзельніка сапраўды праходзіла на фоне глыбокай унутранай працы, пра што сведчылі здымкі, якія штовечар прыносіліся на "слайд-шоў". Была магчымасць пракаментаваць свае здымкі, а напрыканцы кожны выбіраў адзін лепшы чужы здымак і, пры магчымасці і жаданні, тлумачыў прычыну свайго выбару.

Такі фармат вечаровых сустрэч, канешне, пакідаў ад маёй цішыні толькі невялічкія кавалкі, але даваў магчымасць зірнуць вачамі іншага чалавека на навакольны свет, на знаёмыя рэчы. Звычайна адны і тыя ж здымкі выклікалі розныя думкі і пачуцці ў розных людзей.

Не аднойчы вобразы, схопленыя іншымі ўдзельнікамі, станавіліся адказам на пытанні, якімі я задавалася, альбо прымушалі задумацца над рэчамі, якія дагэтуль зусім не прыходзілі ў галаву. Гэтыя сумесныя прагляды былі сапраўдным абменам падарункамі.

У дзень заканчэння рэкалекцый ранішняя сумесная сустрэча была прысвечана ўдзячнасці. Мы сабралі яе ўсю, колькі хто мог, каб выказаць спачатку ў групе, а потым скласці на алтары падчас Эўхарыстыі, самай дасканалай Падзякі. Напярэдадні мы зноў атрымалі на картцы дапаможныя пытанні аб пражытых днях: "ці знайшла, што шукала? ці нечаму навучылася адносна сябе, Бога, фатаграфіі? што запомнілася найбольш? што далей хачу практыкаваць у сваім жыцці?" На паперы можна напісаць коратка і спраўна, але гэтыя нататкі вельмі далёкія ад узрушанасці, расчуленасці і радасці таго апошняга дня, калі ўсе пачынаюць гаварыць з усімі, дзякуюць і сумуюць з-за блізкага развітання.

Мае адказы, запісаныя ў апошні вечар, не зусім супадаюць з тым, што я думаю зараз. Некаторыя дары і ласкі, атрыманыя падчас рэкалекцый, прыходзяць толькі з цягам часу. Нягледзячы на сваю недаверлівасць, я на сабе адчула, што спраўдзілася дэклараванае ў анонсе рэкалекцый абяцанне дапамагчы даведацца, "як фатаграфія можа стаць Божым дарам для таго, каб маліцца і ўсведамляць блізкасць Бога ў сабе і навакольным свеце." На заканчэнне дазвольце падзяліцца двума здымкамі з апошняй сустрэчы: сваім і чужым.

Глядзі, ці бяспечны мой шлях, вядзі мяне шляхам адвечным (Пс 139 (138))

Перад намі часта ляжыць мноства дарог, не толькі дзве, благая і добрая. Справа нават не толькі ў выбары адной з іх, не толькі ў выбары накірунку – усход ці захад. Езус гаворыць: "Я – Шлях..." Калі ты – з Хрыстом, то не так важна – дзе ты.

І здымак Яны Роўда, які найбольш зачапіў мяне на праглядзе, хоць і спадабаліся некалькі іншых.


Дзеля любові можна ўлезці туды, куды не варта. Хрыста таксама папярэджвалі...

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.