Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Турботы і пошукі
Малое для большага. Старонка Тэрэсы Клімовіч
16.09.2014 10:53

У англійскай мове ёсць дзеяслоў «disturb» (у перакладзе «перашкаджаць нармальнаму функцыянаванню»), вельмі сугучны беларускаму «турбаваць».  Адны і тыя ж турботы яднаюць людзей, замінаюць нармальнаму існаванню: як пракарміцца, што апрануць, дзе знайсці бяспечнае месца...

Празмерны клопат пра гэтыя рэчы можа зрабіць чалавека нявольнікам матэрыяльнага свету, адабраць радасць і пачуццё меры. «Сцеражыцеся прагнасці... Шукайце найперш Валадарства Божага», — гаворыць Хрыстус. А паміж гэтымі выразамі — прыпавесць пра багацея, таго самага, які сказаў сам сабе: «Еш, пі і весяліся» (Лк 12, 19). Які ж добры ён наш знаёмы, нібы родны...

Калі нечакана поле дало шчодры ўраджай, ён ужо быў чалавекам не бедным і ўспрыняў гэты прыбытак як заслужаную ўзнагароду за свой жыццёвы клопат. Мне здаецца, ён быў з такіх людзей, якіх сёння называюць «сэлф-мэйд-мэн» — чалавек, які зрабіў сябе сам. Не так істотна, атрымаў ён поле ў спадчыну ці набыў — рухавіком дзейнасці былі тыя ж самыя турботы, што і ў нас зараз: не галадаць (што з цягам часу ператвараецца ў «смачней з’есці»), мець добрае адзенне, быць паважаным чалавекам.

Усё гэта не далося ў рукі само, калі ж змарнаваць лягчэй, чым захаваць і памножыць. Як бачым, ён меў поле, работнікаў, нейкага эканома, напэўна, а таксама прылады працы, жывёлу ды свірны з засекамі, каб захоўваць  дабро. І кожны год ён рупіўся своечасова засеяць, дагледзець, зжаць і разумна размеркаваць ураджай, каб атрымаць прыбытак. Сякі-такі даход поле прыносіла, лічыўся ж багацеем, але, седзячы за сваімі разлікамі, ён бачыў, што не можа дазволіць сабе адпачыць, склаўшы рукі, выдаваць грошай больш, чым у мінулым годзе, і нават даць вялікую вячэру, як, напрыклад, начальнік мытнікаў... А гэта непрыемна, згадзіцеся. Ён ведаў, што не галадуе, і, напэўна, дзякаваў Богу, што ён не такі, як тыя жабракі пад ягонай брамай, але хацелася большага...

І вось па невядомых прычынах ўраджай сабралі з поля ашамляльна вялікі. «Ці то пасеялі ў добры час? Ці надвор’е спрыяла?» — задаваўся пытаннямі ўладальнік. Эканом, спадзеючыся на павышэнне заробку, напэўна, даводзіў, што гэта сталася вынікам толькі ягонай рупліваці і розуму... Але багацей усведамляў, што гэта — удача. Нарэшце, пашанцавала. Ужо махнуў рукой і скарыўся лёсу, а стаўся цуд. Поле як поле, год як год, а прыйдзецца свірны зруйнаваць, пабудаваць новыя, наняць людзей, заплаціць за ўсё, і пшаніцы яшчэ застанецца на шмат бесклапотных гадоў!..

Здавалася б — што не так? Усё спраўна падлічана і спланавана наперад. Пі, еш, гуляй на ўсе. Сумленне? Не, не чуў. Вось парадокс: стурбаваны насцярожаны чалавек — спіць. Не фізічна, але духоўна. Сумленне нават не адазвалася ў багацея. Ці ты голы і босы, што табе прызначана гэтае багацце? Ці ты не даядаеш? За многія гады напружанай працы ты навучыўся кіраваць і распараджацца дабротамі, мудра выкарыстоўваць час і сродкі, эканомна выдаваць грошы — і слушна табе дадзена гэтае дабро. Але дадзена дзеля тых, каго Бог хоча таксама накарміць, апрануць, сагрэць, навучыць. Вялікі ўраджай быў запрашэннем увайсці ў Божы клопат. Сапраўдны шанец вызваліцца з жывёльнага страху, што заўтра Бог не накорміць, адарваць вочы ад разлікаў (і манітораў) і паглядзець на птушак нябесных, на кветкі палявыя, на сваіх бліжніх. Гэта магчымасць выйсці з ізаляцыі багацця, а не будаваць большы свіран і вышэйшы плот.

З якім трэскам закрыў наш знаёмы ўсе гэтыя дзверы, адчыненыя Богам, і пайшоў за сваёй хцівасцю, за вобразамі будучых гулянак і вечарынак. На ягонае «от, цяпер зажыву» Езус кажа: «Не тым жыве чалавек, што мае». І, аказваецца, ад Бога быў бы той чалавек, які прыйшоў бы і сказаў багацею: «Дурань! А што, калі заўтра ты станеш на парозе неба, а там ты не сабраў анічога?» Мы ж ведаем, што ўжо сыпяцца ягоныя апошнія зямныя хвілінкі, як пясочак скрозь пальцы. А ён у сваёй галаве свірны ды каморы будуе...

Як жа лёгка заўважыць, што не так у людзей, якіх мы лічым багатымі, і як непрыемна пачуць пра ўласную неразумнасць і малавернасць. Але трэба слухаць, разважаць, трэба шукаць і стукацца ў неба, пакуль ёсць час.

Тэрэса Клімовіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.