Цяжкія старонкі Святога Пісання: па-габрэйску ці па-грэчаску чытаў Езус у сінагозе ў Назарэце? | Друк |
Цяжкія старонкі Святога Пісання
07.05.2017 07:28

Сінаптычныя Евангеллі (агульная назва трох Евангелляў ад Мацвея, Марка і Лукі) расказваюць пра візіт Езуса Хрыста ў сінагогу Назарэта (Мц 13, 53-58; Мк 6, 1-6; Лк 4, 16-30). Паколькі гэтая тэрыторыя належала да т. зв. «Галілеі язычнікаў», у якой была распаўсюджана грэчаская культура, то некаторыя даследчыкі лічаць, што Езус у сінагозе чытаў менавіта грэчаскі тэкст з Кнігі прарока Ісаі. Іншымі словамі, існуе меркаванне, што ў часы Хрыста на Святой Зямлі ў некаторых сінагогах выкарыстоўвалася Септуагінта. 

Сапраўды, верніку важна ведаць, на якой мове Езус цытаваў Святое Пісанне падчас свайго зямнога жыцця. Аднак ці слушна сцвярджаць, што Езус выкарыстоўваў грэчаскі тэкст Бібліі, зыходзячы толькі з гістарычнага кантэксту, асяроддзя, звычаяў і асаблівасцяў рэлігійнага жыцця? Насамрэч нельга выключаць верагоднасці гэтага факту.

Пытанне даволі складанае. Шматвекавая дыскусія вучоных-біблістаў на тэму Септуагінты — гэта толькі пераклад ці штосьці большае — адкрыта.

На сёння існуючыя крыніцы і інфармацыя пра сінагагальную практыку І стагоддзя (набажэнствы ў сінагозе — Рэд.) не даюць ніякіх звестак па гэтым пытанні. Таму адзінае, што можна сказаць: чытанне Езусам Септуагінты — гэта толькі гіпотэза.

Звернем увагу на змест Евангелля паводле Лукі.

Лк 4, 16-30

Езус прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў сінагогу, і ўстаў, каб чытаць. І падалі Яму кнігу прарока Ісаі. Ён, разгарнуўшы кнігу, трапіў на месца, дзе было напісана:

Дух Пана на Мне;
бо Ён намасціў Мяне
абвяшчаць добрую навіну ўбогім,
паслаў Мяне абвяшчаць вызваленне палонным,
і сляпым вяртаць зрок,
каб выпусціць спакутаваных на свабоду,
каб абвясціць год ласкі Пана.

Закрыўшы кнігу, Ён аддаў яе слузе і сеў. А вочы ўсіх у сінагозе былі скіраваныя на Яго. І Ён пачаў гаварыць ім: Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання, якія вы чулі. І ўсе сведчылі Яму і здзіўляліся словам ласкі, якія выходзілі з вуснаў Ягоных і казалі: Ці не сын Юзафа гэта?

І Ён сказаў ім: Напэўна, скажаце мне такую прыказку: Лекар, вылечы самога сябе; зрабі і тут, у тваёй бацькаўшчыне тое, што, як мы чулі, сталася ў Кафарнауме. І сказаў: Сапраўды кажу вам: ніводзін прарок не з’яўляецца пажаданым на сваёй бацькаўшчыне. Па праўдзе кажу вам: шмат ўдоваў было ў Ізраэлі ў дні Іллі, калі неба было замкнёным тры гады і шэсць месяцаў, так што быў вялікі голад па ўсёй зямлі. І да ніводнай з іх не быў пасланы Ілля, а толькі да аўдавелай жанчыны ў Сарэпту Сідонскую.

Шмат таксама было пракажоных у Ізраэлі ў часы прарока Елісея, і ніводзін з іх не быў ачышчаны, апрача Наамана сірыйца.

Пачуўшы гэта, усе ў сінагозе напоўніліся гневам і, устаўшы, выгналі Яго прэч з горада, і павялі на вяршыню гары, на якой быў пабудаваны іх горад, каб скінуць Яго.

Але Ён, прайшоўшы паміж іх, адышоў.

Дадзены фрагмент Евангелля паказвае служэнне Езуса ў Галілеі ў вельмі спецыфічнай форме: землякі Яго не прымалі. Аднак нас цікавіць тое, што магло б праліць хоць нейкае святло на тэму мовы Кнігі прарока Ісаі, якую чытаў Езус.

«Устаў, каб чытаць»: практыка чытання святога тэксту была паўсюднай, акрамя свята Пурым, калі падчас чытання Кнігі Эстэр чытач павінен быў сядзець. Тое, што Пан устаў чытаць, кажа пра папярэднюю просьбу да Яго аб гэтым. Звычайна (а няма падставаў меркаваць пра нейкую выключнасць сінагогі ў Назарэце) амбона знаходзілася побач з месцамі для сядзення.

Напачатку чыталася Тора і толькі потым чыталася кніга кагосьці з Прарокаў. Тэкст чытаўся па-габрэйску, пасля чаго адбывалася яго інтэрпрэтацыя па-арамейску (гл. Нм 8, 8) альбо чытаўся па-грэчаску ў тых мясцінах, дзе грэчаская мова была размоўнай. Фрагмент з Торы чыталі без перапынку, пасля чаго тлумачылі прачытанае, а вось Прарокаў тлумачылі пасля трох прачытаных вершаў. Евангеліст Лука піша, што Езус зрабіў каментар пасля двух вершаў з Ісаі (Іс 61, 1–2).

Чытачом, інтэрпрэтатарам (перакладчыкам) і прапаведнікам магла быць адна асоба альбо тры чалавекі. Езус узяў на сябе ролю чытача і прапаведніка. Евангеліст Лука ў гэтым урыўку нічога не кажа пра інтэрпрэтатара. Менавіта гэта для некаторых і стала прамым доказам таго, што Езус чытаў кнігу прарока на грэчаскай мове. Аднак такія высновы, улічваючы тэалагічную мэту стварэння Евангелля (евангелісты не ставілі мэты зрабіць гістарычную хроніку), небяспечныя.

На жаль, невядома, як выглядаў цыкл чытанняў прарокаў. Аднак паколькі Езусу падалі менавіта скрутак з тэкстам Кнігі прарока Ісаі (Ён аб гэтым не прасіў), то, праўдападобна, у гэты дзень чытаўся менавіта дадзены фрагмент. Адсюль словы «разгарнуўшы кнігу, трапіў на месца, дзе было напісана» (Лк 4, 17), не азначаюць, што Езус сам выбіраў тэкст, Ён быў паслухмяны прадпісанням — чытаў тое, што было вызначана на дадзены дзень.

Евангеліст Лука ўкладвае ў вусны Езуса недакладную цытату з Септуагінты, хутчэй за ўсё робячы гэта па памяці і на падставе іншых фрагментаў Пісання. Прарок Ісая ў сваім тэксце скіроўвае пасланне да палонных, абяцаючы ім вызваленне і вяртанне да адноўленага Ерузалема, радасць ад чаго будзе падобнай да радасці зняволеных, якіх вызвалялі ў юбілейны год. Гэтыя два вобразы вызваленых людзей цудоўным чынам рэалізуюцца ў Хрыстовай справе збаўлення, пра што Ён сам кажа: «Сёння споўніліся гэтыя словы Пісання» (Лк 4, 21).

Такім чынам, мы не можам сцвярджаць або цалкам выключаць версію пра чытанне Езусам Септуагінты. Пытанне застаецца адкрытым. Застаецца спадзявацца, што будуць знойдзены новыя гістарычныя артэфакты, без якіх кожнае сцвярджэнне, што Езус чытаў Септуагінту, застаецца хоць і верагоднай, але толькі тэорыяй.

Кс. Валерый Марціноўскі

fКсёндз Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript . У тэме ліста пазначце: «Цяжкія старонкі Бібліі».

 

 
© 2003-2024 Catholic.by