Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цяжкія старонкі Святога Пісання: дзе знаходзіцца Эмаўс?
Цяжкія старонкі Святога Пісання
02.11.2016 12:02

Антон з Канстанцінава задае пытанне: Ніяк не магу зразумець, дзе знаходзіцца Эмаўс, у які ішлі вучні пасля ўваскрасення Езуса, і дзе яны пазналі Яго «пры ламанні хлеба»?

Дзе знаходзіцца Эмаўс?

Фрагмент з Евангелля паводле святога Лукі 24, 13–35 заўсёды звяртаў увагу даследчыкаў на няяснасць адносна месцазнаходжання ўзгаданай вёскі Эмаўс і ідэнтыфікацыі вучняў, якія прымалі ўдзел у гэтай падзеі. Паколькі прадметам Вашага пытання з’яўляецца геаграфія вёскі Эмаўс, то засяродзімся менавіта на гэтым.

Аўтарытэтнае выданне «A Greek-English Lexicon of the New Testament» Джозафа Тайера (Joseph Thayer), акрэсліваючы значэнне «Эмаўс», падае наступныя тры магчымасці месцазнаходжання гэтай мясцовасці.

Па-першае, гэта сучасны Kulonieh (такога меркавання прытрымліваецца Юзаф Флавій у De Bello Judaico 7, 6, 6). Падставай такога меркавання з’яўляецца адлегласць 30 стадый ад Ерузалема (хоць св. Лука кажа ў тэксце пра 60 стадый). Заўважым, што «стадыя» — гэта мера адлегласці, якая адпавядае прыкладна 200 ярдам, ці 190 метрам. Адсюль вынікае, што вышэйзгаданая вёска размяшчалася на адлегласці 11 400 метраў ад Ерузалема, паводле Лукі, ці 5 700 метраў — паводле Флавія.

Другім магчымым месцам знаходжання Эмаўса можа быць горад з такой самай назвай у 175 стадыях ад Ерузалема, вядомы сваімі гарачымі крыніцамі і ўзгаданы пры паразе сірыйцаў ад рук Юды Макабэя (гл. 1 Мак 3, 40.57; 1 Мак 4, 3; 1 Мак 9, 50). Цяпер ён мае назву Нікаполіс.

Трэцім варыянтам некаторыя называюць пэўнае месца каля Тыберыяды (Тыберыядскае возера), вядомае сваімі гаючымі крыніцамі.

Але пры пошуку геаграфічнага Эмаўса немагчыма не звярнуцца да грэчаскага тэксту, да паралельных вершаў у іншых кнігах Святога Пісання і да крытыкі тэксту (г.з. да розных версій запісаў, якія дайшлі да нашых дзён).

Апошняе выданне Новага Запавету Nestle-Aland (NA28), якое з’яўляецца вялікім біблійным аўтарытэтам, называе вёску, куды накіроўваліся вучні, Ἐμμαοῦς (Лк 24, 13). Такое слова сустракаецца толькі адзін раз ва ўсім Святым Пісанні. Крытычны апарат падае, што на лацінскую мову гэтае слова часта перакладалася як Ammaus. Гэта дало магчымасць знайсці ў тэксце Септуагінты (грэчаскае тлумачэнне Старога Запавету) Αμμαους (гл. 1 Мак 3,40.57; 1 Мак 4,3; 1 Мак 9,50), што адпавядае нашаму другому акрэсленню месцазнаходжання Эмаўса.

Крытычны апарат падае таксама, што ў манускрыпце Codex Bezae Cantabrigensis з V ст. напісана слова oulammaous, якое мы не знаходзім у Септуагінце. Аднак “Lexicon of the greek New Testament” Уілбара Гінгрыча (F. Wilbur Gingrich) магчымым варыянтам oulammaous у Септуагінце падае oulamlous, а гэта слова мы ўжо знойдзем у грэчаскім перакладзе ў кнізе Быцця (Быц 28, 19). І вось тут мы сустракаемся з розніцай яўрэйскага тэксту і грэчаскага перакладу. Яўрэйскі тэкст, узгадваючы пра мясцовасць Бэт-Эль («Дом Бога»), кажа, што «а насамрэч Луз імя горада» — וְאוּלָ֛ם ל֥וּז שֵׁם־הָעִ֖יר — (пар. Быц 28, 19). Ulamlus — так чытаем у транскрыпцыі. І грэчаскі перакладчык у гэтым месцы робіць памылку, кажучы: «І Уламлус было імя горада» «καὶ Ουλαμλους ἦν ὄνομα τῇ πόλει» (пар. Быц 28, 19). Мы бачым, што два яўрэйскія словы ў памылковым грэчаскім тлумачэнні зліліся ў адно.

Святы Лука, будучы адзіным, хто запісаў гісторыю пра Эмаўс, магчыма, меў пад рукой грэчаскі тэкст Септуагінты (бо пісаў па-грэчаску). Тады можна дапусціць, што Эмаўс для Лукі — гэта Бэт-Эль (па-руску Вефи́ль) — месца, названае Патрыярхам Якубам пасля візіі драбіны ў неба «Домам Божым» (пар. Быц 28). Такім чынам, гэта месца спаткання з Панам у Старым Запавеце і месца спаткання вучняў з Уваскрослым у Новым. Такое супастаўленне адкрывала б новыя гарызонты для тэалагічных, экзістэнцыйных і духоўных разважанняў.

Падсумоўваючы, варта працытаваць словы з кнігі А. Драгулы «Emaus. Tajemnice dnia ósmego»: «Эмаўс — гэта не столькі месца, колькі стан розуму і сэрца».

Ксёндз Валерый Марціноўскі

a Ксёндз Валерый Марціноўскі, святар Віцебскай дыяцэзіі, дактарант Інстытута Біблейскіх Навук Люблінскага Каталіцкага ўніверсітэта св. Яна Паўла ІІ.

Калі ў вас ёсць пытанні, якія датычаць Святога Пісання, дасылайце іх на адрас Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript , пазначыўшы ў тэме ліста "Цяжкія старонкі Бібліі". 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Цяжкія старонкі Святога Пісання

23.06 12:40Цяжкія старонкі Святога Пісання: Айцом называйце толькі Бога
24.05 16:24Правіны ці грахі: што маецца на ўвазе пад словамі «...і адпусці нам правіны нашыя» ў малітве «Ойча наш»?
07.05 07:28Цяжкія старонкі Святога Пісання: па-габрэйску ці па-грэчаску чытаў Езус у сінагозе ў Назарэце?
05.04 11:39Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму Бог ахвяру ад Абэля прыняў, а ад Каіна — не?
25.03 09:56Цяжкія старонкі Святога Пісання: у чым розніца «народа ізраэльскага» ад «народа габрэйскага»?
10.03 12:35Цяжкія старонкі Святога Пісання: хто і калі павінен пакрываць галаву ў Касцёле?
03.03 09:00Цяжкія старонкі Святога Пісання: калі прыйдзе Валадарства Божае?
30.01 14:51Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму Бог рабіў жорсткім сэрца фараона?
21.01 11:00Цяжкія старонкі Святога Пісання: грэх супраць Духа Святога не будзе адпушчаны ні ў гэтым веку, ні ў будучым?
17.01 08:54Цяжкія старонкі Святога Пісання: чаму, калі жаніх спазняўся, то паснулі ўсе — і мудрыя, і неразумныя?