Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хэлоўін ці Урачыстасць Усіх Святых?
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
01.11.2008 00:35

Што такое Хэлоўін? Для адных —  гэта маргінальная з’ява ў беларускай культуры, не вартая ўвагі. Для іншых — гэта нагода «проста» забавіцца і пагуляць. Але ці добрая гэта нагода для забавы, і ў чым прымаюць удзел некаторыя хрысціяне, «святкуючы» Хэлоўін?

Як вядома, маскараднае «святкаванне» апошняга дня кастрычніка прыйшло да нас пад уплывам сучаснай амерыканскай культуры. Назва гуляння — «Halloween» — паходзіць ад скарачэння двух выразаў: «All Hallow Day» (Дзень Усіх Святых) i «All Hallow Evening» (Вечар Усіх Святых).

Урачыстасць Усіх Святых, якую Касцёл адзначае 1 лістапада, была перанесена ў ІХ ст. на гэты дзень дзеля таго, каб перамагчы ў свядомасці людзей страх перад язычніцкім павер’ем аб магутнасці цемры і яе перамозе над сіламі святла ў ноч на 1 лістапада.

Паводле старажытнакельцкіх павер’яў, 31 кастрычніка памірае бог Святла і надыходзіць валадарства бога Цемры. Вечарам таго ж дня пачынаецца валадаранне Цемры, з Апраметнай выходзяць цёмныя духі. Каб выпрасіць літасці ў бога Цемры, кельты палілі вогнішчы, прыносілі яму ахвяры. А самі яны пераапраналіся ў пачварныя касцюмы, каб злыя духі прынялі іх за сваіх і не чапалі. З рытуальнага вогнішча язычнікі бралі з сабой вугалькі і неслі іх дадому ў адмысловым «кошыку» з гарбуза, каб вугалькі, прысвечаныя богу Цемры, не згаслі і сталі крыніцай вогнішча ў хатнім ачагу. Бездапаможнасць старажытных людзей перад сіламі цемры змушала іх да практык выпрошвання літасці дэманаў, складання ім ахвяраванняў, заключэння з імі своеасаблівых дамоўленасцяў.

Вышэйзгаданы язычніцкі культ быў пераможаны жывым сведчаннем хрысціянства. Нягледзячы на спробы адраджэння гэтых старажытнакельцкіх культаў, сама назва «святкавання» (Halloween) усё ж звязалася з Урачыстасцю Усіх Святых. Аднак адрознасць хрысціянскай формы і язычніцкага зместу яшчэ больш заблытала звычайных людзей. Тыя, хто зацікаўлены традыцыямі старажытных кельтаў, іх павер’ямі, прыкладаюць вялікія намаганні да прапагандавання неаязычніцтва ў сучаснай масавай культуры. Духоўны вакуум, які ўзнік у працэсе дэхрысціянізацыі, стаўся ідэальным асяродддзем для прапаганды язычніцкіх культаў і сатанізму.

Сучасны чалавек, які лічыць сябе прагматыкам і бізнэсмэнам, прывык усё перакладаць на грашовыя велічыні. Хэлоўін разглядаецца такімі людзьмі як нагода да добрага заробку (або правільнага ўкладання грошаў) ад арганізацыі яшчэ адной забаўляльнай акцыі. Арганізатары зарабляюць, а народ бавіцца. Але за гэтымі нявіннымі забавамі крыецца глыбока адмоўная рэчаіснасць. Нават знешняя атрыбутыка Хэлоўіна скіравана на культ смерці, страху, магіі. Ствараюцца ідэальныя ўмовы для прапаганды акультызму, сатаністычных практык. Гульня ў жартаўлівую жудаснасць стварае спрыяльныя ўмовы для таго, каб баналізаваць зло, смерць, злых духаў. У свядомасці людзей ствараецца ўражанне, што зло зусім не злое, але добрае, што дэманічны свет — гэта толькі чалавечыя страхі, а акультызм — усяго толькі вясёлая гульня. Практыка краінаў Захаду, дзе Хэлоўін адзначаецца даволі гучна і шырока, паказвае рэзкі ўсплёск злачыннасці на рэлігійнай глебе ў перыяд гэтага «святкавання». Святое Пісанне вучыць, што кожная справа пазнаецца па яе пладах. Якія плады Хэлоўіна? Адказ, здаецца, больш чым відавочны.

Ці можа хрысціянін удзельнічаць у неаязычніцкіх гуляннях? Як гэта не парадаксальна, але ў ХХІ ст. мы вяртаемся да таго самага пытання, якое задавалі апосталам і іх наступнікам першыя пакаленні вучняў Хрыста. Адказ быў адназначны: «не». І гэта «не», якое не абмяжоўвае, але вызваляе. Справа не ў саміх забавах, але ў тым, у што мы гуляем і як гуляем. Сапраўдны хрысціянін ведае, што зло — гэта не цацка, што выкліканне злых духаў і ўдзел у дэманічных маскарадах — гэта не гульня. Аргумент пра «несвядомасць» чалавека не больш як пусты гук для дэмана. Гэты адвечны вораг чалавека робіць усё для таго, каб выдаваць сябе за добрага сябра, каб зло называць дабром, а спакушэнне — гульнёй. Калі некаторыя робяць выгляд, што ўсё добра, то гэта зусім не значыць, што так ёсць на самай справе.

Урачыстасць Усіх Святых — гэта не неаязычніцкі Хэлоўін (дзень смерці сонечнага бога), але святкаванне рэальнай перамогі рэальнага і жывога Бога над сіламі зла, граху і цемры. І доказам гэтаму — не нейкія міфы, але жывое сведчанне канкрэтных людзей, якія жылі ў канкрэтны час і перамаглі сілай Божай ласкі, дадзенай Уваскрослым Хрыстом, Панам неба і зямлі. Для нас важны не толькі іх досвед жыцця, прыклад святасці, але таксама іх рэальная і дзейсная дапамога. Гэта адзін з найцудоўнейшых падарункаў Бога для чалавека, калі людзі могуць успамагаць адно аднаго на шляху да Неба. Ці не святкаваннем гэтай таямніцы яднання вернікаў зямлі і неба павінен быць хрысціянскі Хэлоўін? Ці не варта было б замест жахлівых маскарадаў трупаў, пачвар і застрашвання, адкрыць секулярнаму свету Хэлоўін (Вечар Усіх Святых) не толькі па назве, але і па хрысціянскім змесце?

Кс. Андрэй Рылка 

» Каментарыі (16)
1Каментарый
  31.10.2008 г. 10:37Аўтар: Кастусь Шыталь
На маю думку, неаязычніцтва ў Беларусі становіцца даволі значнай пагрозай. Хэлоўін — малпаванне заходніх забавак — дзіцячая гульня ў параўнанні з рухам аматараў-этнографаў, якія хочуць адрадзіць язычніцкую культуру, што існавала на Беларусі да прыходу хрысціянства. А такіх нямала: мне на гістарычных факультэтах Полацкага універсітэта і БДУ даводзілася бачыць шмат такіх людзей, якія сваю рэлігійную прыналежнасць вызначаюць як «язычнік». На хрысціянаў яны «кацяць бочкі» за нібыта знішчэнне традыцыйнай беларускай культуры і сістэмы каштоўнасцяў.  
На маю думку, распаўсюджанне язычніцтва павінна стаць сур'ёзнай прычынай для роздуму для хрысціянскай моладзі. Дрэнныя тыя, хто сыходзіць у дрыгву язычніцтва, або дрэнныя хрысціяне, якія не могуць абвяшчаць Евангелле ў сваім асяроддзі і якія не з'яўляюцца добрым прыкладам для іншых? І ці правільна тое, што хрысціянская моладзь адмяжоўваецца ад развіцця беларускай культуры, саступаючы месца на гэтым полі прыхільнікам язычніцтва?
2"Дзякуй"
  31.10.2008 г. 11:24Аўтар: бр. Алесь
Кс. Андрэй, шчыра дзякую за пэўнае праясненне справы Хэлоўіна. Дзякую таксама арганізатарам старонкі Catholic.by за магчымасць зваротнай сувязі ў выглядзе блогаў. Гэта тое, чаго так доўга не хапала «віртуальнай» каталіцкай супольнасці.
3"Сапраўды"
  31.10.2008 г. 13:02Аўтар: Кірыл Pinsk
Сапраўды, Хэлоўін лёгка можа стацца гульнёй у нешта таямнічае, невядомае. Тады ўрачыстасць усіх святых страціць свой глыбокі змест, так як гэта сталася з іншымі хрысціянскімі святамі. Пагрозу пашырэння цёмных культаў не лічу значнай, але ад свята можа застацца толькі прывабная форма ў стылі шоў, у якую будзе ўкладзены такі ж прывабны, але прымітыўны змест.
4Каментарый
  31.10.2008 г. 14:47Аўтар: Снежана
Вялікі дзякуй за артыкул. На жаль, толькі невялікая колькасць моладзі цікавіцца хрысціянскім жыццём. Іншыя плывуць па цячэнню.
5Каментарый
  03.11.2008 г. 10:15Аўтар: Наталья
Спасибо, кс. Андрей, за эту статью и отдельное спасибо организаторам странички Catholic.by. 
«Хэлоўін ці Урачыстасць Усіх Святых?» — этим вопросом затронута серьёзная тема, т.к. в праздновании Хеллоуина чаще всего принимают участие дети и молодые люди. Участие в такого рода праздниках провоцирует психические расстройства и подогревает интерес к сатанизму.  
Во многих своих посланиях Богородица напоминает нам о сатане. В Фатиме Богородица призывала нас: «Молитесь, молитесь больше и жертвуйте ради ближних, так как многие души идут в ад, потому, что никто не молится за них». Она не хочет пугать нас, но только предупредить. Сатана силён и без устали пытается разрушить в нас, в Церкви и во всём мире работу Бога, однако молитвой и любовью можно всё обратить во благо. 
Не будем позволять себе думать, что ничего не меняется, не получается. Будем твёрдо верить в добро, подражать Богородице в вере, надежде, любви и день за днём приносить молитву за тех, кто не познал Бога.
6Каментарый
  03.11.2008 г. 10:15Аўтар: Аляксандр з Гародні
Дзякуй за артыкул. Цалкам згодны.
7Каментарый
  03.11.2008 г. 10:18Аўтар: Паўлюсь Андрончык
Як я разумею, тут не хапае каментарыяў ад прадстаўнікоў моладзі, дакладней юнацтва. 
Кс. Андрэй падняў пытанне, якое датычыцца не толькі Хэлоўіна, яно датычыцца моладзі ўвогуле. 
На Беларусі жывуць людзі розныя. Ёсць веруючыя (католікі, праваслаўныя, юдэі і іншыя), а ёсць атэісты. Калі сям'я веруючая, то і дзеці веруючыя, калі не — дык і дзеці не. 
Людзі ўсе розныя, але людзі ўсе адно, бо ўсе людзі ад Бога. Таму трэба добра ставіцца адно да аднаго і не судзіць. 
Такі выпадак. Я катаўся з сябрамі на скейтбордзе каля Ратушы ў Мінску і вырашыў зайсці ў катэдральны касцёл. Некаторым вернікам не спадабаліся «дурацкая рэч у маіх руках і адзенне занадта яркае» і «прэкланенне каленаў каля самога алтара, а не на ўваходзе». Дзіўна. 
На Беларусі яшчэ жывуць годныя хлопцы і дзяўчаты. Мы не кепская моладзь — мы проста іншыя. Між тым, будучыня — гэта мы. 
Самае галоўнае: чалавеку патрэбна Божая ласка, а не Яго кара; Богу патрэбна чалавечая любоў да Яго, а не страх перад Ім. Любоў!
8"dobra"
  06.11.2008 г. 09:53Аўтар: gl
Пабольш бы такіх артыкулаў.
9Каментарый
  06.11.2008 г. 15:48Аўтар: Просто Гена
Предложите альтернативу такому празднику. Всем понятно, что, отмечая Хэллоуин, молодежь не задумывается о его смысле, молодёжи просто хочется расслабится, отдохнуть.  
В кафедральном костёле очень редко, но бывает (спасибо настоятелю) вечеринки в народном стиле... А в остальное время что делать вот этой самой молодёжи?
10Каментарый
  10.11.2008 г. 10:03Аўтар: Кс. Андрэй
Дзякую ўсім за шчырыя водгукі. Праблема неаязычніцтва патрабуе асобнай размовы. А што тычыцца «някепскай» моладзі, то ёй варта было б сваёй іншасцю не парушаць права традыцыйных вернікаў на такую ж іншасць. Адным і другім варта памятаць, што гэтыя правы акрэсліваюцца не людзьмі, але прапісаны ў Евангеллі. 
Шаноўны Гена, акрамя звычайных забаваў існуе безліч магчымасцяў плённага перажывання хрысціянскай маладосці. Чалавек шчаслівы тады, калі ў яго атрымліваецца пазітыўна рэалізаваць свой унутраны патэнцыял. Прыгледзься прыкладам маладых хрысціянаў, у якіх гэта атрымалася, і сярод іх напэўна знойдзеш сваё месца творчага перажывання веры. Святар можа даць параду, але выбар і жаданне рабіць дабро залежыць толькі ад цябе.
11Каментарый
  10.11.2008 г. 10:04Аўтар: Зьміцер
Пахвалёны Езус Хрыстус! 
Артыкул багаты фактамі. Яго можна выкарыстоўваць для выступу на тэлебачанні ў адпаведных перадачах. 
Таксама я яго апублікаваў бы ў якой-небудзь масавай газеце. 
Наогул, святар Андрэй Рылка з'ўляецца для мяне ідэалам сучаснай беларускай хрысціянскай (у прыватнасці — рыма-каталіцкай) прамовы. Пасля яго рэкалекцый у нашай парафіі я схадзіў да споведзі і шмат чаго зразумеў.  
Дзякуй вам за даступнасць вашай думкі.
12Каментарый
  15.11.2008 г. 10:00Аўтар: Rybka
Мне очень понравилась статья, во многом согласна с автором. 7 лет назад в старших классах в школе был организован Хэлоуин. Было сделано всё в добровольно-принудительном порядке. Чтобы на него не пойти, пришлось экстренно «сбежать» к бабушке в деревню, чтобы прибрать могилы родных. По возвращении по всему зданию школы были развешены фотографии переодетых учителей и учеников.  
Я это к тому, что нас воспитывают с детства в языческом духе. Знаю много католических семей, где чуть что — сразу «три раза сплюнь, постучи по дереву» или«"если в доме долго стоят еловые лапки, то это к покойнику», хотя на дворе новый год :) и т.д. Вряд ли проблемы язычества волнуют большинство людей, ведь его можно применить в обычной жизни, оно ближе, реальнее, знакомо больше, чем Бог...
13Каментарый
  01.12.2008 г. 11:06Аўтар: Anna
Слава Иисусу Христу! 
Интересно, как Церковь относится к встрече Нового года в различных костюмах? Это тоже не по-христиански? 
В Америке традиционно на Halloween все подготавливают много конфет или каких-либо сладостей для детей, которые в костюмах заходят в дома, офисы, магазины и т. д, где им раздают эти конфеты. Это так замечательно видеть маленькую кроху в костюме и с авоськой, которая, получив сладость, с радостью в глазах кладет ее в свой мешочек.  
Разве костюм меняет сущность человека? По-моему, нет. Для ребенка — это радость, а для взрослого — это возможность почувствовать себя ребенком. Ведь когда человек счастлив — он добр и полон любви. По-моему, большинство людей не задумываются о названии этого праздника, так же как и о его корнях (многие даже этого не знают), а просто пользуются возможностью, как-то разнообразить свою жизнь, полную будней, не тая в этом никакого злого умысла.
14"Цi ўсё так проста? (1)"
  20.12.2008 г. 15:35Аўтар: Павал
Хачу сказаць, што не згодны з артыкулам. Сам я жыву ў Ірляндыі. Хто не ведае, гэта моцная каталіцкая дзяржава. Happy Hallowing тут святкуюць, але святкуюць толькі маленькія дзеці, якія ў цудоўных касцюмах ходзяць па хатах і збіраюць цукеркі. Паралельна з гэтым ірлянцы, у асноўнай масе, строгія каталікі, але з вельмі багатай кельцкай культурай. Так нарыклад, усе каталіцкія ірлянцкія крыжы у касцёлах, святых месцах, на могілках маюць кельцкі сымбал круг і кельцкі вузор (якія сьвядома, засталіся ад язычнікаў кельтаў, як сымбал сонца). Тым не менш, ірлянцы на працягу стагоддзяў былі і застаюцца моцнымі каталікамі, негледзячы на жудасныя падзеі грамадзянскіх войнаў па прымушэнню з боку Брытаніі стаць пратэстантамі, калі загінулі сотні тысяч вернікаў. Ірляндыя зараз разглядае варыянт па выхаду з Эўрапэйскай Уніі. Калі спытаецеся чаму? Бо для ірлянцкага насельніцтва непрымальны такія чалавечыя "каштоўнасці", як аборт, эфтаназыя, прызнанне прастытуцыіі і наркотыкаў, як частак грам
15"Ці ўсё так проста? (2)"
  20.12.2008 г. 16:29Аўтар: Павал
Таксама калі звярнуць увагу на хрысціянскую пасху, то гэта іўдэйскае сьвяткаванне з другім прызначэннем, трасфармаванае хрысьціянствам. Таму глоўным з'яўляецца не абрадавасць, а сапраўдная вера ў Валадара нашага, Езуса Хрыста і Духа Святога. Калі Езус Хрыстус прыйшоў на нашу зямлю, пасланы Валадаром нашым, ён любіў і любіць кожнага з нас і паганіна і злачынцу, іудзеяў і самарыцян, усіх нас. Ён прынёс Новы Божы Запавет для ўсяго чалавецтва. Але адкажыце на пытанне, ці думаў Езус, што на працягу гадоў з вось такіх прычын абрадавасці яго Добрую Навіну хрысціяне падзеляць на каталіцкую, праваслаўную, пратэстанцкую і інш. 
Таму не згодны з айцом Андрэям: Хэлоўін для маленькіх дзяцей на працягу стагоддзяў не прыменшыў веры каталікаў Ірляндыі, Брытаніі, Злучаных Штатаў, Канады, Аўстраліі. Таму мая дачка як хадзіла на Хэлоўін зьбіраць цукеркі, а таксама ў касцёл, так і будзе гэта рабіць, бо гэта вясёлае свята для дзяцей як ўспамін пра кельтаў якія тут жылі і гэта ніякім чынам не паўплывае на
16"Ці ўсё так проста? (3)"
  20.12.2008 г. 16:43Аўтар: Павал
...і гэта ніякім чынам не паўплывае на хрысціянскае веравызнанне і выхаванне маёй дачкі. А хто будзе слабы Духам, той можа трапіць пад крыла шатана у любы момант, пры любых абставінах. 
Пераканайце, калі магчыма, мяне і ншых каталікаў, якія жывуць тут і ня толькі тут... 
HAVE A BLESSED DAY!!!

 

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.