Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Залежныя» ад Бога — 2. Кляштар
Публіцыстычная старонка кс. Андрэя Рылкі
21.01.2010 14:10

Ці манах — гэта ідэал чалавека? Ці задумаў Бог Адама як манаха? Гэтыя і падобныя пытанні могуць здавацца правакацыяй супраць манаства. У пэўным сэнсе так зразумелі мой папярэдні артыкул пра манаства некаторыя чытачы. Слушна было заўважана, што манаства ў хрысціянстве мае настолькі разнастайныя формы, якія, здаецца, немагчыма сумясціць у адной канфесіі. Узяць хаця б, напрыклад, дзелавітых місіянераў, сканцэнтраваных на дапамозе чалавеку ў патрэбе, і рэзка кантрастуючых з імі закрытых законнікаў, паглыбленых у святую абыякавасць да стварэння і сузіраючых Бога. Парадоксы. Але гэтыя парадоксы толькі знешнія, павярхоўныя. Паглыбленне ж хрысціянскага разумення свету ставіць усё на свае месцы. Адкрываецца геніяльна просты сэнс.


Навошта Бог стварыў чалавека?

Каб зразумець манаства, трэба вярнуцца да глыбіннага сэнсу існавання чалавецтва. Навошта быў створаны чалавек? Каб пазнаць (адкрыць любоў) і палюбіць (адказаць на любоў) Бога. Проста. Бог — гэта «Мы» (Тры Асобы), чалавек — гэта таксама «мы» (людзі). Адносіны паміж асобамі па сутнасці зводзяцца да зносін любові (у глыбока асабовым разуменні). Каб любіць, трэба, каб было «мы» (некалькі асобаў). «Люблю» — гэта «хачу», а «хачу» магчыма толькі як акт свабоднай волі. Каб хацець, трэба мець да гэтага здольнасць (волю). Таму людзей трэба было стварыць свабоднымі. Бо толькі тады яны змогуць рэалізаваць той першапачатковы Божы намер (раздзяліць Яго любоў). Аднак свабода чалавечай волі можа быць выкарыстана і ў адваротным кірунку («не хачу»). Гэта і ёсць грэх — чалавек адварочваецца ад сэнсу свайго існавання. Першародны грэх па сутнасці можна звесці да выразу: «не хачу, як Бог, хачу інакш (як прапаноўвае сатана)». Чалавек зрабіў свой, хоць і няправільны, выбар, скарыстаўшы са здольнасці выбіраць (карыстацца свабодай волі). Бог не жадаў загнаць яго ізноў у Рай, бо няма любові пад прымусам, яна магчыма толькі як вольны акт асобы. Заставалася толькі чакаць, што чалавек адумаецца, і дапамагаць яму пераканацца ў памылковасці грэшнага выбару, дапамагаць вярнуцца да любячага Бога.

Чаму людзі не хочуць Бога?

Ап’янелы ад магчымасці пабыць самому для сябе богам (свабодная воля), самому для сябе вырашаць, што добра і дрэнна, што асэнсавана і правільна, чалавек забыў, што свабода непадзельна звязана з адказнасцю. Што пасеяў, тое і пажнеш. Быць богам — значыць быць самадастатковым, самазабяспечвацца, тварыць, кантраляваць усе працэсы. Уся гісторыя чалавецтва пасля першароднага граху — гэта жахлівая драма выжывання чалавека, які спрабуе даказаць Богу, што ён сам можа быць богам. Не трэба быць вялікім логікам ці прарокам, каб зразумець, чым уся гэтая «гульня» скончыцца.

Некаторыя людзі, зразумеўшы тупіковасць чалавечай гульні ў бога, але адначасова не жадаючы да Яго вяртацца, выбралі варыянт «як не па-мойму, то і не па-Твойму». Гэта шлях свядома патанаючага ў грахах стварэння, якое па сваёй волі асуджае сябе на пагібель. Нават цяжка сабе ўявіць глыбіню пакутаў Бога, на вачах якога свядома ідзе на пагібель душа, якая спяшаецца ўзненавідзець Таго, Каго яшчэ нават не пазнала.

Чаму людзі ўцякаюць ад Бога?

У пакінуўшым Бога чалавецтве на працягу ўсёй гісторыі былі асобы, якія ўсведамлялі, што сэнс важнейшы за сляпую свабоду (волю). Людзі, у сэрцах якіх запальваўся агеньчык пошуку праўды, не маглі цярпець маразму ашалелага ад свавольства чалавецтва. Што рабіць асобе, якая раптам пачала адкрываць рэальны расклад рэчаў у свеце? Працягваць рабіць выгляд, што ўсё нармальна, калі ўсё ненармальна? Рабіць выгляд можна перад кімсьці і толькі на нейкі час. Але не перад сабой і не ўсё жыццё.

Некаторыя з тых, якія, можа, пакуль інтуітыўна пачалі лавіць сапраўдны сэнс рэчаў, спужаліся таго, наколькі радыкальна прыйдзецца змяніць жыццё, якое дагэтуль плыло па грахоўным рэчышчы пагібелі. Прыйдзецца пайсці супраць плыні свавольнага і грэшнага чалавецтва, замест пошуку шчасця на гарызантальным (зямным) узроўні пераключыцца на вертыкальны (нябесны). Належыць змяніць усе катэгорыі мыслення, шкалу каштоўнасцей, жыццёвыя мэты, прыярытэты. Страх і сумненні. «Не спраўлюся. Заплюшчу вочы, можа, атрымаецца заснуць, забыцца, адурманіцца асалодай свавольства і паплыць па цячэнні». Жыццё такіх людзей ператвараецца ў пекла на зямлі. Яны ўсведамляюць бязглуздасць бязбожнага свету, але не маюць адвагі даверыцца Любові Створцы, даверыцца Хрысту. Многія з іх пасля доўгага перыяду ўцёкаў ад Бога ламаюцца ад бяссілля, няздольнасці больш уцякаць, і толькі тады аддаюцца ў Яго рукі. Яны дрыжаць перад Богам, бо пазналі Праўду пра свет, але не пазналі Праўду пра Любоў Бога, уцелаўлёную ў Хрысце.

Чаму ўзнікла манаства?

З’явіліся таксама людзі, якія адкрыліся на пазнанне праўды не толькі пра свет, але і пра Бога. Яны так захапіліся Ім, звышнатуральнай разважлівасцю і любоўю, што іх ужо нічым не магчыма было звабіць. Менавіта такія вернікі ў шэрагах першых хрысціянаў станавіліся манахамі. Яны так захапляліся любячым Богам, што былі гатовыя бегчы на край свету, толькі каб ім ніхто не перашкаджаў быць з Ім — не пасля смерці, але ўжо тут, на зямлі. Дзівіць многіх сучасных хрысціянаў тое, як гэтыя манахі беглі ў пустыню, у горы, не клапаціліся пра свой выгляд. Яны былі настолькі захопленыя Вечным, што не зважалі на часовае. Іх шлях, на жаль, не быў такі ідэальны. Уцёкі ад свету не ратавалі людзей ад скажэння ўласнай натуры, што ўмела выкарыстоўвалі дэманы. Недасведчаны манах-пустэльнік мог прыняць дэмана за анёла святла. Таму пустэльнікі пачалі яднацца ў манаскія супольнасці, каб сумеснымі намаганнямі падтрымліваць адно аднаго ў сузіранні Вечнай Любові Стварыцеля і Збаўцы. З развіццём хрысціянства паўстала магчымасць арганізацыі жыцця такіх людзей. Пачалі ўзнікаць першыя кляштары. Хрысціянскі люд пацягнуўся да манахаў у пошуках мудрасці, парадаў. Пад уплывам патрэбы дапамогі вернікам адбылося натуральнае разгалінаванне манаства на замкнёнае на свет, сканцэнтараванае толькі на адносінах з Богам, і на адкрытае на свет — скіраванае на дапамогу вернікам у іх хрысціянскім жыцці.

З цягам часу крышталізацыя гэтых дзвюх форм манаства, а таксама некаторае іх змяшанне прывяло да фарміравання трох (цяпер ужо прызнаных за класічныя) тыпаў манаства: 1) кантэмпляцыйнае (contemplatio — сузіранне (Бога)), г.зн. сканцэнтраванае на кантакце з Богам; 2) дзейна-кантэмпляцыйнае — скіраванае і на кантакт з Богам, і на дапамогу вернікам; 3) дзейнае — скіраванае на дапамогу вернікам. Усе гэтыя тры формы манаства знайшлі сваё адлюстраванне ў вялікай колькасці манаскіх ордэнаў і супольнасцей, якія ведае гісторыя і сучаснасць хрысціянства. Аднак незалежна ад формы сутнасць застаецца тая самая — паглыбленне пазнання і яднання з Богам, які адкрывае гарызонты дапамогі бліжняму.

Ці манаства — гэта ўцёк ад цяжару рэальнасці?

Тут мы падыходзім да сутнасці пытання аб манастве, якое ў вачах секулярнага (бездухоўнага) чалавека можа падавацца як уцёкі няўдачніка ад няпростай рэальнасці жыцця. Адказ просты. Манаства — гэта не ўцёк, але пераскок асобы ад формы жыцця ў грэшным свеце да нейкай (наколькі гэта магчыма ў зямным вымярэнні) формы вяртання чалавека да Бога. Таму законнік не ўцякае, але змяняе стыль жыцця з гарызантальнай шкалы (зямля — зямля) на вертыкальную (зямля — неба). Але гэта яшчэ далёка да ідэалу (неба — неба). Таму Бог не задумаў Адама як манаха. Манаства — гэта радыкальная спроба чалавека вярнуцца да Бога тут і цяпер. І праўда ў тым, што гэтая спроба не была б магчымай ці ўдалай без цеснага кантакту асобы чалавека з Асобамі Бога.

На фоне гэтых разважанняў, думаю, становіцца зразумелым, што неўратычная асоба (нязгодная, застрашаная пагрозамі рэальнага свету) не зможа схавацца ад сваіх страхаў у кляштары. Нават калі прыйдзе ў кляштар чалавек, які не шукае Бога, але ўцякае ад сябе, то там ён доўга не затрымаецца. Бегчы ад рэальнасці чалавек можа толькі ў свет мрояў, фантазій. Хрысціянства як шлях інтэнсіўнага вяртання стварэння да Стварыцеля цягне чалавечую асобу на глыбіні рэалізму. І драматычны парадокс сучаснасці ў тым, што законнік (нібы ўцякаючы ад «воўчага» свету) жыве большым рэалізмам, чым скептычны меркантыліст, якому здаецца, што ён жыве ў рэальным свеце.

Кс. Андрэй Рылка

tt

Свае каментарыі, а таксама заўвагі і пытанні можна дасылаць на асабістую паштовую скрынку аўтара: Гэты e-mail абаронены ад спам-ботаў. Для яго прагляду ў Вашым браўзеры павінна быць уключана падтрымка Java-script
У наступных артыкулах гэтай рубрыкі аўтар, па магчымасці, будзе старацца адлюстраваць адказы на вашыя лісты.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.