Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
«Не крадзі»: разважанні над 7 запаведдзю
Жыць з Богам. Старонка с. Нунэ Цітаян
19.01.2017 11:37

Мы падышлі да 7-й запаведзі — «Не крадзі». Звярніце ўвагу: не сказаў Пан Бог Майсею, што канкрэтна нельга красці, а забараніў красці ў прынцыпе.

А чалавек быццам не чуе гэтага, так і абдумвае, каб узяць штосьці сабе з таго, што яму не належыць. Але навошта яму здабытае не яго працай? Толькі таму, што ў суседа — больш?

Парадуйцеся за свайго суседа, і сэрца ваша вызваліцца ад зайздрасці, да вас ніколі не прыйдзе думка, каб што-небудзь у яго (або ў іншага) скрасці, а значыць, вы не ўпадзеце ў грэх.

Што схіляе да крадзяжу? Прагнасць, незадаволенасць тым, што ёсць. Але ж усё, што ў нас ёсць, гэта ад Бога: і здольнасці, і таленты, і грошы; усе ўкладанні ў нас — уласнасць Божая. Хрысціянін не можа супраціўляцца Божай волі. Толькі прасіць, а не красці. «Прасіце, і будзе дадзена вам...» (Мц 7, 7).

Аднойчы я сустрэла нашу парафіянку (гэта было ў вёсцы), і пацікавілася, як у яе справы, як гаспадарка. Здзіўленая, яна расказвала пра ўнукаў і праблемы дзяцей, але, калі пытанне зайшло пра гаспадарку і карову, яна падазрона стала азірацца па баках і дала зразумець, што тэма непажаданая.

Я разгубілася і паспрабавала высветліць, адкуль гэтая асцярога. Яна мне па-загаворшчыцку адказала: «Каб не сурочыць». Не гаварыць пра штосьці добрае, каб бліжнія не сурочылі. Задумайцеся, паважаныя чытачы, якую атмасферу ў грамадстве мы ствараем, кіруючыся гэтым прынцыпам.

Чаму мы баімся дзяліцца добрымі навінамі?

Пра што ж нам гаварыць? Заўсёды і толькі аб праблемах, аб тым, у каго жыццёвая ноша цяжэйшая? Аб няўдзячнасці, скандалах, плётках і спрэчках? Чаму мы баімся дзяліцца добрымі падзеямі (навінамі), радасцю? Нас могуць няправільна зразумець? Мы ў стане адрозніць банальнае выхвалянне ад шчырай радасці. Чаму нам прасцей дзяліцца злом, болем і пакутамі, чым дабром, поспехам і радасцю?

Пашкадаваць мы заўсёды зможам, але парадавацца за іншага — цяжэй... Мне прыходзіць на думку дзве прыпавесці Езуса — аб згубленым ягняці і згубленай драхме. Яны заканчваюцца аднолькава: згубленае знойдзена і ўладальнік ягняці, і жанчына, якая згубіла драхму, склікаюць бліжніх і кажуць ім: «Парадуйцеся са мной».

Парадуйцеся за мяне, няхай дабро бліжняга будзе нагодай вашай радасці. Парадуйся са мной, не бойся гэтаму вучыцца. Ніхто не сурочыць твае матэрыяльныя даброты, калі ты не ўсвядоміш, ад Каго ты іх атрымаў, і Каму ты ўдзячны за іх і Каму аддаеш хвалу. Таму, калі штосьці добрае адбываецца ў тваім жыцці, — шчыра, ад усяго сэрца парадуйся і кажы: «Хвала Богу!»

Адудзяч Даўцу, пакладзі твае даброты на захаванне ў Яго «банк». Не думай, што маўчаннем або пляўкамі з безсэнсоўным паўтарэннем «цьфу, цьфу, цьфу, каб не сурочыць», ты выратуеш свой дабрабыт. І сапраўды, як жа недарэчна мывыглядаем збоку, калі плюём ці пастукваем па стале ці па галаве, калі побач няма дрэва. І гэта павінна выратаваць наш дабрабыт?

Чаму мы такія маладушныя і малаверныя?

Можа, прасцей папляваць і пастукаць сабе па галаве, чым памаліцца? Не ведаю, што азначаюць гэтыя, як называюць людзі, «бяскрыўдныя» жэсты? Для мяне гэта звычайнае, банальнае ідалапаклонства — пакланенне Мамоне.

І што гэта за таямнічая «добразычлівая» сіла, у якую мы верым, але з асцярогай ўсё-ткі аплёўваем яе? Неўсвядомленае хрысціянства — горш за атэізм. Цёмны чалавек жывы ў нас, грымучае невуцтва вызначае наш спосаб мыслення і вобраз жыцця. Калі ж мы вырачымся каінавага смутку ў нас і апранемся ў Хрыстовую радасць?

Што павінна адбыцца, чаго ж яшчэ мы павінны пазбавіцца, каб нарэшце шырока адкрыліся нашыя вочы, каб мы зразумелі і прызналі тое, што відавочна і пра што мы ведалі? Чаму нам цяжка кіравацца хрысціянскімі прынцыпамі, калі справа датычыць матэрыяльных дабротаў?

Мы з дзецьмі разважалі над паняццем і словам «багаты» і прыйшлі да высновы, што людзей, якія імкнуцца да таго, каб мець шмат грошай, нельга называць багатымі, іх трэба называць «грашатымі». Бог — вось корань і цэнтр слова «багаты», і Ён вызначае яго сэнс. Багаты — гэта чалавек, у жыцці якога шмат Бога і Яго каштоўнасцяў, а калі ў цэнтры жыцця чалавека грошы, мы назвалі яго «грашатым».


З боку выглядае па-дзіцячы наіўным, але, пагадзіцеся, як шмат сапраўднай і чыстай мудрасці ў гэтым спосабе мыслення. Ці багатыя мы Богам? Ці багатае нашае жыццё хрысціянскімі каштоўнасцямі? Ці можна нас назваць людзьмі Бога? Ці з’яўляецца крыніцай радасці для нас дабрабыт нашых бліжніх? Ці ён толькі нас дражніць і спакушае? Як проста і адназначна адносіліся да матэрыяльных дабротаў першыя хрысціяне.

Калі мы з вучнямі шостага класа абмяркоўвалі жыццё першых хрысціян і параўноўвалі іх з сучаснымі хрысціянамі, усе вучні заўважылі адно адрозненне — у першых хрысціян «... ніхто не называў уласным нічога з маёмасці сваёй, якая належала яму, але ўсё ў іх было супольнае» (Деян 4, 32). «Не было сярод іх нікога, хто б цярпеў нястачу, бо ўсе, хто валодаў зямлёю або дамамі, прадавалі іх і прыносілі грошы ад продажу, і клалі да ног Апосталаў. А раздавалася кожнаму паводле патрэбы ягонай» (Деян 4, 34–35). Боская прамудрасць, наколькі ж яна простая і чыстая.

Матэрыяльныя даброты не назапашваліся бессэнсоўна — яны раздаваліся, размяркоўваліся кожнаму па патрэбе. Сярод першых хрысціян не было нікога патрабуючага! Спыніцеся і задумайцеся над гэтым сказам: усё, што мелі і чым валодалі, аддавалі, дзяліліся адно з адным, на карысць бліжніх.

Першыя хрысціяне ўмелі дзяліцца, былі вольныя ад матэрыяльных дабротаў, таму што знайшлі сапраўдны скарб, пра які Езус вучыў у прыпавесцях: «Валадарства Нябеснае падобнае да скарбу, схаванага ў полі, які знайшоў чалавек і ўтаіў. У радасці ад гэтага ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе гэтае поле. Яшчэ Валадарства Нябеснае падобнае да купца, які шукае прыгожых пярлін. Знайшоўшы адну каштоўную пярліну, ён ідзе і прадае ўсё, што мае, і купляе яе» (Мц 13, 44-46).

Бог, збаўленне, вера, надзея, любоў і дабро бліжняга — вось незлічоныя, схаваныя ад свету сапраўдныя скарбы і, паверце майму вопыту, дзеля іх варта «прадаць усё», каб атрымаць іх.

Валоданне нават самымі неверагоднымі матэрыяльнымі дабротамі не можа чалавека надзяліць хаця б часцінкай той годнасці, якой надзяляе нас Бог праз нашу веру. Матэрыяльныя даброты для мяне заўсёды з’яўляліся толькі магчымасцю, але нічым іншым.

Пра ўменне дапамагаць і вучыцца быць удзячным

Некалькі гадоў таму мне пазваніў з Амерыкі мой вучань, у свой час ён хадзіў на моладзевыя сустрэчы. Ён расказваў пра сябе і цікавіўся маімі планамі на лета. Ён ведаў, што кожнае лета мы праводзім для дзяцей «канікулы з Богам». Я падзялілася з ім сваімі планамі, і ён прапанаваў мне вялікую суму грошай на правядзенне «канікул з Богам». З аднаго боку, я ганарылася ім, захаплялася яго дабрынёй і шчодрасцю, але з іншага я ведала, што грошы яму самому вельмі патрэбныя.

Я спрачалася з ім, пераконваючы не даваць столькі грошай, а ён мне адказаў: «Сястра, калі я вучыўся ў вас і мы ездзілі на “канікулы з Богам“, нехта іншы спансіраваў наш адпачынак, а цяпер я хачу зладзіць дзецям свята». Я ганаруся маім духоўным сынам, дзякую Бога за высакароднасць і дабрыню яго душы, якая не заканчваецца пустымі словамі або абяцаннямі, а мае працяг у канкрэтных учынках, накіраваных на дабро бліжнім, тым, каго ён не ведае і, можа, ніколі, не сустрэнецца з імі. Колькі радасці прынёс яго ўчынак дзецям — гэта вядома Богу, а я з’яўляюся сведкай таго, што адбылося.

Нам трэба вызначыцца з тым, як ставіцца да матэрыяльных дабротаў; нельга іх дэманізаваць і абагаўляць таксама не варта. Навучымся цаніць матэрыяльныя даброты, таму што яны сведчаць і ўказваюць на Даўцу — Бога, Які нічога не шкадуе для нас. Ён усё стварыў з любові да нас і Яго Божы Провід няспынна дбае пра нас.

«І аб вопратцы навошта турбуецеся? Паглядзіце на палявыя лілеі, як яны растуць: ні працуюць, ні прадуць. Кажу вам, што нават Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся так, як адна з іх. Калі ж палявую траву, якая сёння ёсць, а заўтра будзе кінута ў печ, Бог так апранае, ці не намнога больш вас, малаверныя? Таму не турбуйцеся і не кажыце: “Што нам есці ?” або: “Што піць?” або:“У што апрануцца?” Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі.  А ваш Айцец Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым. Шукайце найперш Валадарства Божага і справядлівасці Ягонай, а гэта ўсё дадасца вам» (Мц 6, 28–33).

Не будзем пагарджаць Божымі дарамі, але і не будзем аслепленыя імі настолькі, каб не ўбачыць дабрыню Нябеснага Айца, а ўзнесці годную славу імені Яго.

С. Нунэ Цітаян MSF,
Пераклад з рускай мовы і адаптацыя (IL)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.