Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
«Біблія першых хрысціян — Септуагінта»: 5 фактаў пра Біблію і яе пераклады, якія здзіўляюць
Усяго патроху
17.03.2017 08:15

На якой мове чытаў Стары Запавет у сінагозе Хрыстус? Чаму на Беларусі часцей за ўсё перапісвалі Евангеллі і Псалтыр? З якой мовы перакладаў Біблію Скарына?

У мастацкай галерэі TUT.BY прайшла адкрытая лекцыя бібліста і дактаранта Варшаўскага ўніверсітэта кс. Сяргея Сурыновіча, які распавёў пра асаблівасці перакладаў Бібліі.

Catholic.by выбраў ТОП-5 самых цікавых фактаў, якія прагучалі ў дакладзе.

«Пераклад Бібліі — вельмі складаны працэс. Біблія ўзнікала на адрэзку ў больш за тысячу гадоў, сутыкалася з рознымі культурамі, светапоглядамі, вераваннямі. Не хопіць, напэўна, жыцця, каб дасканала вывучыць усю лексіку і культуру нават 100 гадоў з адрэзку, апісанага ў Бібліі, а мы бяромся перакладаць усю Кнігу Кніг», — адзначае святар.

1. «Біблія» — грэчаскае слова ў множным ліку

Слова «Біблія» — грэчаскае, націск у якім падае на другі склад: βιβλία. Біблія — слова ў множным ліку. Форма ўтворана ад адзіночнага ліку слова «βιβλίον» — кніга.

Фактычна Біблія — гэта збор кніг. У яўрэйскім каноне Старога Запавету налічваецца 39 кніг, у каталіцкім — 46, у праваслаўным — 49.

2. Стары і Новы Запаветы пісаліся на розных мовах

Людзі ў часы Хрыста размаўлялі ў сваім асяродку на арамейскай мове, якой карысталіся ў паўсядзённасці. Арамейская захавалася сёння ў мове асірыйцаў і ўваходзіць у семіцкую моўную сям’ю, да якой адносіцца і арабская.

Кнігі Новага Запавету напісана на дыялекце грэчаскай мовы — койнэ (κοινὴ διάλεκτος). Стары Запавет напісаны на іўрыце (некаторыя невялікія яго часткі на арамейскай) і на грэчаскай мове, а першы пераклад Старога Запавету з IV-III стагоддзяў да н.э. быў здзейснены на грэчаскай койнэ.

Алфавіт габрэйскай мовы складаецца з 22 зычных літар, што ў свой час выклікала цяжкасці з разуменнем некаторых слоў. У залежнасці ад вакалізацыі напісанне «МЛК» (מלך) можа прачытаць як «МэЛеК» (кароль), «МаЛеК» (валадарыць) і г.д.
Пачынаючы з V ст., яўрэйскія вучоныя масарэты збіраюць гэтыя тэксты і дамаўляюцца аб тым, як іх вакалізаваць. Паступова пад словамі з’яўляюцца агаласоўкі. Гебраісту, каб разумець Біблію на іўрыце, дастаткова вывучыць 2,5 тысячы каранёў слоў.

3. Стары Запавет пісаўся на працягу тысячы гадоў, а Новы Запавет узнік амаль за 50 гадоў

Стары Запавет пісаўся на працягу тысячы гадоў, а Новы Запавет узнік амаль за 50 гадоў. 27 кніг Новага Запавету напісаныя з 50 па 100 гады н.э.


Упершыню ўся Біблія на арыгінальных мовах была надрукаваная ў складзе Камплютэнскай Паліглоты (ад назвы месца на лац. Complutum) у шасці тамах па ініцыятыве іспанскага кардынала Францыска Хіменэза дэ Сіснэраса (Francisco Jiméneza de Cisneros) у 1514–1517 гадах.

Знайсці і пазбіраць папірусы, манускулы, лекцыянарыі і скласці іх у адну кнігу было няпроста — кнігі «вандравалі», перапісваліся, іх перадавалі з рук у рукі або накіроўвалі ў якую-небудзь манаскую супольнасць. Да сёння дайшло каля 24 тысяч розных манускрыптаў з Бібліі.

4. Біблія першых хрысціян — Септуагінта

У ІІІ ст. да н.э. габрэі, якія жылі ў Александрыі, пад уплывам грэчаскай культуры, сталі забывацца іўрыт. Лічыцца, што Пталамей ІІ справакаваў габэйскую дыяспару перакласці Біблію на грэчаскую мову. У ІІІ стагоддзі да н.э. габрэі гэта зрабілі, а пераклад атрымаў назву Септуагінта.

Назва паходзіць ад лічбы 70. Па легендзе, менавіта столькі навукоўцаў (магчыма, равінаў) працавала над перакладам. Вядома, што перакладзены былі не ўсе кнігі — верагодна, спачатку толькі першыя пяць кніг Старога Запавету.



Пры ўзнікненні хрысціянства Септуагінта паўсюль выкарыстоўваўся ў святынях. У Новым Запавеце з 350 цытатаў са Старога Запавету 300 адпавядае тэксту Септуагінты.

У сукупнасці з Новым Запаветам Септуагінта стала Бібліяй першых хрысціянаў. Менавіта гэтым перакладам карыстаюцца аўтары Новага Запавету і мноства пісьменнікаў патрыстычнай эпохі. Напрыклад, у Радаводзе Езуса ў Евангеллі ад Лукі згадваецца Каінан, сын Арфаксада, згадкі пра якога няма ў тэксце на іўрыце, але ёсць у Септуагінце.

Вялікая верагоднасць таго, што Езус чытаў у сінагозе якраз Септуагінту — пераклады Старога Запавету на грэчаскую мову.

Септуагінта «асучасніла» арыгінал. Найбольшыя адрозненні бачныя ў лексіцы. Словы, звязаныя з вопраткай, ежай, посудам — грэчаскія і характэрныя для таго перыяду (анахранізмы). У Септуагінце можна знайсці грашовыя адзінкі эпохі перакладу. Гэта калі б перакладчык прымусіў нас чытаць не пра «лепту», а пра «капейку».

5. Лацінскі варыянт Бібліі чакаў свайго прызнання 500 (!) гадоў

У літургіі Каталіцкага Касцёла на Захадзе да V ст. існавалі і выкарыстоўваліся асобныя пераклады Бібліі на лаціну з Септуагінты. Але толькі ў V ст. святы Геранім вырашыў перакласці на лацінскую мову ўсю Біблію цалкам.

Ён пачаў перакладаць кнігу Псалмоў спачатку з Септуагінты. Але працягваў перакладаць ужо з арыгінала — іўрыта. Гэты пераклад атрымаў назву Вульгата.

Пераклад св. Гераніма здзейсніў доўгі шлях ў Каталіцкім Касцёле, каб зацвердзіцца афіцыйна. Вульгата ўвайшла ва ўжытак толькі ў IX-X ст. н.э. і гэта амаль праз 500 (!) гадоў. 

Апрацаваў Ілья Лапато,
фота Віталія Палінеўскага
Працяг будзе.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.