Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Што вядома пра рэліквіярый трох каралёў у Кёльне?
Усяго патроху
06.01.2017 16:47

Катэдра ў Кёльне — сімвал горада, з’яўляецца месцам, якое найбольш часта наведваюць у перыяд Божага Нараджэння. Пры гэтым найбольшую цікавасць у турыстаў выклікае рэліквіярый трох каралёў, які знаходзіцца за галоўным алтаром.

У Кёльне рэліквіі трох каралёў знаходзяцца ўжо больш за 850 гадоў. Гэты найкаштоўнейшы скарб лічыцца адным з найпрыгажэйшых прац сярэднявечных ювеліраў Еўропы.

Рэліквіярый уяўляе сабой міні-скрынку шырынёй у 110 см, вышынёй 153 см і даўжынёй 220 см, упрыгожаную каштоўнымі камянямі ў атачэнні 74 фігур з пазалочанага срэбра.

Пра трох каралёў няма шмат дакладнай інфармацыі — часта пераважаюць легенды. Як невядома да канца і тое, ці сапраўды ў саркафагу захоўваюцца іх рэліквіі. Толькі св. Мацвей у сваім Евангеллі прыгадвае пра безымяннях мудрацоў з Усходу, якія прыбылі ў Бэтлеем, каб пакланіцца Езусу і ахвяраваць яму золата, кадзіла і міру.

Адкуль з'явіліся імёны мудрацоў з Усходу?

Пачынаючы з VI стагоддзя, традыцыя называе мудрацоў «каралямі», а ў далейшыя 300 гадоў з’явіліся і іх імёны: Каспер, Мельхіёр і Балтазар.

Легенда пра трох каралёў стала вельмі папулярнай у многім дзякуючы Яну з Гільдэсхайма — аўтара «Гісторыі трох каралёў». Гэты бестсэлер др. паловы XIV ст. спалучае інфармацыю з Бібліі, апокрыфаў і падарожнай літаратуры.

Паводле гэтай версіі наймалодшы і найменшы Мельхіёр (кароль Нубіі і Арабіі) ахвяраваў Дзіцятку 30 залатых дэнараў і залаты яблык Аляксандра Македонскага. Сярэдні з іх — барадач Балтазар (уладальнік Сабы, сёння — гэта Емен, Эфіопія або Персія) прынёс у дар кадзіла. Старэйшы з трох каралёў і самы высокі з іх — чарнаскуры Каспер (уладальнік пакуль невысветленай мясцовасці побач з партовым горадам Таршыш і невядомага вострава Эгрысула) — ахвяраваў міру.

Рэліквіярый і яго значэнне ва ўзбуйненні Кёльна

Традыцыя трох каралёў звязана з Кёльнам з XII стагоддзя. У 1164 годзе рэліквіі ў гэты горад з Італіі прывёў Райнальд з Дассэля, кіраўнік канцылярыі цэзара Фрыдэрыка І Барбаросы.

Кажуць, што ў Італію рэліквіі трапілі з Ерузалема ў IX ст., дзе іх у IV ст. знайшла св. Алена, маці цэзара Канстанціна.
Райнальд не толькі ахвяраваў Кёльну гэтыя рэліквіі, але таксама прычыніўся да развіцця і пашырэння горада ў палітычным, гаспадарчым і культурным плане. За кароткі час Кёльн стаў адным з найбольшых месцаў пілігрымавання хрысціян.

Першапачаткова рэліквіі трох каралёў знаходзіліася ў старой катэдры часоў Караля Вялікага Фрыдрыха ІІ. У 1248 годзе арцыбіскуп Конрад ван Хохштадэн заклаў краевугольны камень пад будаўніцтва новай катэдры, якая стала адмысловым вялікім каменным рэліквіярыем для саркафагу трох каралёў.

Будаўніцтва святыні, вышыня якой дасягае 160 метраў, доўжылася на працягу больш чым 600 гадоў. У гэтым месцы рэліквіярый захоўваўся ў бяспецы ўсе гэтыя стагоддзі, пакуль у 1794 годзе не быў забраны французскімі войскамі.

Аднак праз 10 гадоў — пашкоджаны — рэліквіярый вярнуўся ў Кёльн. Працы па кансервацыі рэліквіярыя доўжыліся шмат гадоў, іх сённяшні выгляд быў сфарміраваны ў 1961-73 гг.

Значэнне для хрысціян

Даследаванне тканін, у якія была загорнута рэліквія, выявіла, што гэта былі каштоўныя матэрыялы. Таксама было пацверджана, што імі абгортвалі целы людзей высокага паходжання і што тканіны не маглі паходзіць нават з І стагоддзя.

Хоць да гэтага часу ніхто не пацвердзіў праўдзівасць рэліквій, важным з’яўляецца тое, што рэліквіярый мае вялікае значэнне для вернікаў. Пра гэта заўсёды казаў спачылы Вальтэр Шультэ, шматгадовы дырэктар дыяцэзіяльнага музея ў Кёльне.

На яго думку, «каштоўны рэліквіярый і ўкрытае ў ім выклікаюць у вернікаў упэўненасць у тым, што разам з мудрацамі яны таксама вандруюць, каб знайсці і ўбачыць Бога».

Звычай пісаць літары «K+M+B» на дзвярах дамоў і іншых будынкаў паходзіць з XVIII стагоддзя. У нашай традыцыі гэты надпіс найчасцей тлумачыцца, як імёны трох каралёў, аднак лацінская версія (C+M+B) тлумачыць надпіс таксама як благаслаўленне «Christus mansionem benedicat» (Няхай Хрыстус благаславіць гэты дом).

Паводле kai.pl
Пераклад (IL)


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.