Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Адкуль пайшоў звычай ставіць ёлку?
Усяго патроху
20.12.2016 13:56

Звычай ставіць ёлку на Божае Нараджэнне ведае сёння ўвесь хрысціянскі свет. Аднак гэты звычай не мае каранёў у хрысціянскай старажынасці ці ў нейкіх язычніцкіх культах, а ўзнік дастаткова позна. Пра гэта піша Grodnensis.by.

У Заходняй Еўропе ён існуе з канца XV ст., а на нашых землях укараніўся толькі ў ХІХ ст. 

Як вядома, свята Божага Нараджэння з’явілася ў IV ст. на тэрыторыі Блізкага Усходу. І хоць спачатку яму спадарожнічалі пэўныя раслінныя ўпрыгажэнні, як правіла, у выглядзе вянкоў, якімі аздаблялі дамы, што, зрэшты, было характэрным для старажытнасці, але ад гэтага віду дэкарацый не паходзіць звычай ставіць ёлку. Бо звычай дэкаравання брамаў дамоў вянкамі знік з заканчэннем антычнага перыяду.

Сапраўднае паходжанне ёлкі мае характар не этнаграфічны, а чыста тэалагічны. Ужо некаторыя візантыйскія аўтары, напрыклад, св. Яфрэм Сірыйскі ў сваім «Гімне аб Божым Нараджэнні», часта ўзгадвалі постаці са Старога Запавету, у тым ліку Адама і Еву.

Нараджэнне Езуса ўсё часцей інтэрпрэтавалася як вяртанне да страчанага раю. Гэта магло здзейсніцца толькі дзякуючы ўмяшанню самога Бога, які, стаўшы чалавекам, вярнуў людзям магчымасць карыстацца пладамі райскага дрэва жыцця.
Папулярнасць райскіх матываў паспрыяла таму, што ў сярэднявечных календарах пачаў змяшчацца ўспамін аб Адаме і Еве 24 снежня. Яны ўвасабляюць чаканне ўсім чалавецтвам прыйсця Збаўцы. Таму ў сярэднявеччы ў многіх гарадах Еўропы сталі папулярнымі калядныя прадстаўленні, якія называліся драмамі пра Адама і Еву.



А важным элементам сцэнаграфіі пры гэтым сталі райскія дрэвы з пладамі, якія на іх вісяць.

Таму звычай ставіць ёлку паходзіць з сярэднявечнай традыцыі містэрый, якія прадстаўляліся напярэдадні свята Нараджэння Пана і апавядалі гісторыю першых людзей у раі. У гэтых прадстаўленнях сцэнічныя дэкарацыі ўключалі таксама дрэва, плод якога стаў прычынай граху Адама і Евы. А паколькі Біблія не кажа, аб якім гатунку ідзе гаворка, то ў залежнасці ад рэгіёна ён атаясамліваўся з дрэвамі, якія там раслі.

Радзімай каляднай ёлкі з’яўляецца Эльзас канца XV ст., які знаходзіўся на мяжы Францыі і Германіі. Першыя звесткі аб гэтым паходзяць з 1492 г. і датычаць дэкаравання яловымі галінкамі катэдры ў Страсбургу і дзевяці іншых касцёлах той мясцовасці. Затым, у XVI ст., звычай распаўсюдзіўся ў частцы Германіі, а адтуль пачаў пранікаць у іншыя рэгіёны Еўропы.

Дастаткова рана калядная ёлка з’яўляецца ў Расіі. Пачаткі паходзяць з часоў Пятра Вялікага, які, любячы нямецкую культуру, запазычыў гэты звычай.

У Францыі, у Версалі, першая ёлка была пастаўлена ў 1738 г. па жаданні Марыі Ляшчынскай, жонкі караля Людовіка XV.

У Амерыку ёлка прыйшла ўжо ў XVIIІ ст. дзякуючы нямецкім салдатам, якія ўдзельнічалі ў вайне за незалежнасць ЗША. Больш папулярнай яна стала там у наступным стагоддзі.


У той жа час ёлкі з’яўляюцца ў шматлікіх гарадах Еўропы — напрыклад, у Вене, Вроцлаве, Празе і Парыжы.

У пачатку XX ст. ёлка была ўжо неад’емным элементам Божага Нараджэння. Не дзіўна, што яна з’явілася і на фронце ў акопах Першай Сусветнай вайны. Ля яе нават сустракаліся і складалі віншаванні адзін аднаму салдаты варожых армій.

Паўсюдны звычай ставіць ёлку ва Усходняй Еўропе ўкараніўся толькі ў ХІХ ст. Раней у многіх краінах на святы Божага Нараджэння ставілі па снапку збожжа ў кожным куце, а на стале і на падлозе рассцілалі сена на ўспамін аб тым, што Пан Езус нарадзіўся ў стаенцы.

Важным элементам святочнага дэкаравання былі таксама яслі, паходжанне якіх звязвалася з тымі, што паўсталі па ініцыятыве св. Францішка Асізскага.

Grodnensis.by

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.