Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: праз Найсвяцейшую Панну Марыю — найбольш дасканалы шлях да міласэрнага Збаўцы
Усяго патроху
13.05.2016 00:00

«Менавіта праз Найсвяцейшую Дзеву Езус Хрыстус прыйшоў у свет, і менавіта праз Яе Ён павінен у ім валадарыць» (СН, 1), — акцэнтуе ўвагу святы Людовік Марыя дэ Манфор на старонках «Трактата аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Дзевы».

Кожны хрысціянін, які звяртаецца да Бога словамі «Ойча наш», добра ведае, што мы — дзеці Бога, але не ўсе ведаюць пра мацярынства Марыі. Бог, думаюць яны, адначасова Айцец і Маці. Гэта праўда, кажа святы Павел, бо Ён — пачатак кожнага айцоўства і кожнага мацярынства (пар. Эф 3, 15). Але наша духоўнае жыццё з’яўляецца вобразам нашага чалавечага жыцця. І «як у натуральным і цялесным парадку дзіця мае айца і маці, так і ў парадку звышнатуральным ёсць айцец, якім з’яўляецца Бог, і маці — Марыя … а той, хто не мае Марыі за Маці, не мае таксама Бога за Айца», — адзначае святы Людовік дэ Манфор.

Калі б у нашым звышнатуральным жыцці мы мелі толькі Айца, а маці не мелі, мы б прыйшлі да таго дзіўнага парадоксу, што наша духоўнае жыццё не было б досыць чалавечым!

Поўны дар, які мы складаем Марыі з саміх сябе праз наша прысвячэнне, мае сэнс: дазволіць Ёй зрабіць нас на падабенства Сына Божага.

Святая сястра Фаўстына таксама кажа аб тым, што Найсвяцейшая Панна Марыя яе навучыла «глыбока любіць Бога і ва ўсім выконваць Яго святую волю» (Дз. 40).

Яна заўжды, асабліва ў цяжкія хвіліны жыццёвых выпрабаванняў, у пакоры звярталася да Божай Маці, просячы Яе заступніцтва і духоўнай мацярынскай апекі. Часта звярталася ў сваіх малітвах да Бога, выпрошваючы для сябе патрэбныя ласкі, каб стаць жывым адлюстраваннем Найсвяцейшай Дзевы.

На старонках духоўнага Дзённіка святой сястры Фаўстыны можна знайсці вельмі шмат прыгожых малітваў, прысвечаных Дзеве Марыі:

«Марыя, Маці мая і Пані мая, я аддаю Табе маю душу і цела, маё жыццё і смерць, і тое, што пасля яе настане. Усё аддаю ў Твае рукі, о Маці мая, ахіні маю душу сваім дзявочым покрывам і ўдзялі мне ласку чысціні сэрца, душы і цела, і барані мяне сваёю моцаю ад усіх непрыяцеляў, а асабліва ад тых, хто сваю злосць хавае пад маскаю дабрадзейнасці. О прыгожая Лілея, о Маці мая, Ты – люстра маё» (Дз. 79).

«Марыя, Беззаганная Дзева, вазьмі мяне пад сваю асаблівую апеку і ахоўвай чысціню маёй душы, сэрца і цела. Ты — узор і зорка майго жыцця» (Дз. 874).

«Маці наймілейшая, злучы маю душу з Езусам, бо толькі тады я вытрываю усе выпрабаванні і цяжкасці, і толькі ў лучнасці з Езусам мае ахвяркі будуць прыемныя Богу. Маці наймілейшая, вучы мяне ўнутранаму жыццю, няхай меч цярпенняў ніколі мяне не разаб’е. О чыстая Дзева, улі ў маё сэрца мужнасць і сцеражы яго» (Дз. 915).

Святая сястра Фаўстына дзеліцца сваімі духоўнымі перажываннямі: «Аднойчы мяне наведала Маці Божая. Яна была сумная, з вачыма, апушчанымі на зямлю. Яна дала мне зразумець, што павінна мне штосьці сказаць, а з другога боку, дала мне зразумець, што як бы не хоча пра гэта гаварыць. Калі я гэта зразумела, то стала прасіць Маці Божую, каб Яна мне сказала і каб зірнула на мяне. У тое ж імгненне Марыя паглядзела на мяне з сардэчнаю ўсмешкаю і сказала: “Ты будзеш перажываць цярпенні з-за хваробы і дактароў; таксама ты будзеш мець шмат цярпенняў з-за гэтага абраза, але нічога не бойся”.

На другі дзень я захварэла і шмат цярпела, як мне й казала Маці Божая, але мая душа падрыхтаваная да цярпенняў. Цярпенне – мой пастаянны спадарожнік жыцця» (Дз. 316).

Сястра Фаўстына сэрцам звяртаецца да Божай Маці, просячы навучыць яе сапраўднай любові:

«Маці Божая, Твая душа была пагружана ў мора горычы, узглянь на сваё дзіця і навучы цярпець і любіць у цярпенні. Умацуй маю душу, каб боль яе не зламаў. Маці ласкі, навучы мяне жыць з Богам» (Дз. 315).  

Божая Маці — зорка міласэрнасці Божай і скарбніца чыстай любові. Яна — чыстае стварэнне, якое можа нам даць Бога. Марыя ўжо з’яўляецца шляхам чалавечасці праз сваё благаслаўлёнае мацярынства, якое дазваляе Духу Святому «сысці на Яе». «Вы знойдзеце толькі Бога, без стварэнняў, у гэтым цудоўным стварэнні», — кажа нам святы Людовік дэ Манфор.

Святая сястра Фаўстына падкрэслівае: «Я не шукаю шчасця па-за душою, у якой прабывае Бог. Я радуюся ва ўласнай душы. Тут я пастаянна з Ім прабываю, тут мая найбольш цесная сувязь з Ім, тут я з Ім знаходжуся ў бяспецы, сюды не пранікае людскі позірк. Найсвяцейшая Панна заахвочвае мяне да такіх зносінаў з Богам» (Дз. 454).

Прысвячаючы сябе Езусу праз Марыю, згаджаючыся залежаць ад Яе, каб прыняць Яе Сына, які прыходзіць да нас, мы будзем толькі наследаваць Езуса, які пажадаў праз Яе прыйсці да нас. «Наследуйце Бога як дзеці ўмілаваныя», — звяртаецца да нас святы апостал Павел (Эф 5, 1).

Залежачы ад  Марыі, мы ў першую чаргу наследуем Езуса, — гаворыць святы Людовік дэ Манфор, — таму што «гэты добры Настаўнік не пасаромеўся схавацца ва ўлонні Святой Дзевы як палонны і нявольнік любові, а таксама быць Ёй паслухмяным… Ён не захацеў прыйсці ў свет у сталым узросце, незалежным ад іншых, але як беднае маленькае дзіця, залежнае ад клопату Яго святой Маці». Згадзіцца аддаць сябе ў рукі Маці Божай, каб з’яднацца з Езусам, — гэта не што іншае, як удзел у Божым досведзе.

«Найбольш дасканалы шлях», кажа нам айцец дэ Манфор, «таму што найбольш пакорны шлях — не ісці да Бога самім, не ўзяўшы пасрэдніка» (пар. СН, 83). Безумоўна, Езус — наш адзіны Пасрэднік на шляху да Айца. Святы Павел добра нам пра гэта кажа (пар. 1Цім 2, 5), і Езус сам гэта пацвярджае: «Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне» (Ян 14, 6).

Калі Марыя прызначана для таго, каб дазволіць нам наблізіцца да свайго Сына, то гэта таму, што Яна сама пакорная («Узглянуў Ён на пакору сваёй слугі », Лк 1, 48); гэта таму, што Яна Яго Маці: «Менавіта праз Яе Езус Хрыстус прыйшоў, менавіта праз Яе мы павінны ісці да Яго» (СН, 85). Нарэшце, Панна Марыя — Беззаганная. Мы добра ведаем, што праз грэх мы, слабыя людзі, губляем асвячальную Божую ласку — нашую сувязь з міласэрным Богам. Марыя ж была захавана ад першароднага граху.

Трэба з вялікім даверам маліцца і быць упэўненымі, што, нягледзячы на нашу нікчэмнасць, Найсвяцейшая Панна Марыя выпрасіць для нас ласку навяртання.

«Мілай Пану Богу малітвай з’яўляецца просьба да Найсвяцейшай Панны, каб Яна ахвяравала Спрадвечнаму Айцу Яе Боскага Сына, акрываўленага і пакалечанага дзеля навяртання грэшнікаў: гэта найлепшая з усіх малітваў, таму што па сутнасці ўсе малітвы ўзносяцца ў імя і дзеля заслуг Езуса Хрыста… — Як казаў святы Ян Марыя Віянэй: “Дзеці мае, слухайце ўважліва: кожны раз, калі я атрымаў нейкую ласку, папярэдне прасіў яе такім чынам, і гэта заўсёды прыносіла добры вынік”».

Аднойчы вечарам, калі святая сястра Фаўстына малілася, Божая Маці звярнулася да яе з такімі словамі: «Ваша жыццё павінна быць падобным да майго жыцця, ціхім і непрыкметным, вы [павінны] пастаянна яднацца з Богам і прасіць за чалавецтва, і падрыхтаваць свет да другога прышэсця Бога» (Дз. 625).

Іншым разам, на свята Звеставання, 25 сакавіка, падчас разважання сястра Фаўстына ўбачыла Божую Маці, якая сказала ёй: «О, як жа мілая Богу душа, што верна ідзе за павевам Яго ласкі. Я дала свету Збаўцу, а ты павінна гаварыць свету пра Яго вялікую міласэрнасць і падрыхтаваць свет да паўторнага прыйсця Таго, хто прыйдзе не як міласэрны Збаўца, а як справядлівы Суддзя. О, той дзень страшны. Устаноўлены дзень правасуддзя, дзень гневу Божага, дрыжаць перад ім анёлы. Гавары душам пра гэту вялікую міласэрнасць, пакуль час літасці; калі ты маўчыш цяпер, ты будзеш адказваць у той страшны дзень за вялікую колькасць душаў. Нічога не бойся, будзь верная да канца, Я спачуваю табе» (Дз. 635).

Усе свае клопаты, усе свае жыццёвыя турботы сястра Фаўстына заўсёды старалася выказваць Панне Марыі, а Яна яе падтрымлівала ў цяжкія хвіліны і вучыла трываць у ласках Божых.

«Дачка Мая, імкніся да ціхасці і пакоры, каб Езус, які пастаянна жыве ў тваім сэрцы, мог адпачнуць. Ушаноўвай Яго ў сваім сэрцы, не выходзь з унутранай засяроджанасці. Дачка Мая, я ўпрашу для цябе ласку такога ўнутранага жыцця, каб ты, не пакідаючы ўнутранай засяроджанасці, знешне выконвала ўсе свае абавязкі яшчэ больш старанна. Пастаянна прабывай з Ім у сваім сэрцы, Ён будзе тваёю сілаю; са стварэннямі кантактуй настолькі, наколькі гатага патрабуе неабходнасць і вымагаюць твае абавязкі.

Ты — жытло, прыемнае Богу жывому, у якім Ён пастаянна з любоўю і задавальненнем прабывае, а жывая Божая прысутнасць, якую ты так выразна і жыва адчуваеш, умацуе цябе, дачка Мая, у тым, што Я табе сказала. (…) Ён сам табе дасць зразумець, якім чынам ты будзеш з Ім кантактаваць і яднацца» (Дз. 785).

Вось найлепшы шлях да паяднання з Богам з высноў святой сястры Фаўстыны: «Ніколі не гаварыць пра ўласныя перажыванні. У цярпеннях шукаць палёгкі ў малітве, у найменшых сумненнях шукаць рады толькі ў спаведніка. Заўсёды мець адкрытае сэрца, каб прыняць цярпенні іншых, а свае цярпенні тапіць у Божым Сэрцы, каб, наколькі гэта магчыма, знешне яны не былі заўважнымі.

Заўсёды імкнуцца да раўнавагі, як бы бурна ні складваліся абставіны. Не даваць сабе парушаць спакою і ўнутранай цішы. Нішто не можа параўнацца са спакоем душы. Калі  б мяне ў чым-небудзь несправядліва папракалі, не апраўдвацца (…) Мая справа — усё прымаць з унутраным настроем пакоры» (Дз. 792).

Сапраўды, гэта вельмі важныя парады, якім чынам неабходна нам, слабым грэшнікам, імкнуцца да святасці — трэба ісці да Езуса праз Марыю, наследваць Найсвяцейшую Панну Марыю ва ўсіх Яе цнотах, асабліва ў цярплівасці, пакоры і ўнутранай цішыні душы. Гэта якраз тыя цноты, якіх, на жаль, так не хапае сучаснаму чалавеку.

Святая сястра Фаўстына зразумела, што, чым больш яна наследуе Маці Божую, тым глыбей спазнае Бога.  Яна нібыта сэрцам і душою спявае:

«О мілая Маці Божая,
З Цябе бяру я прыклад свайго жыцця,
Ты — мая ясная зорка,
У захапленні патанаю ў Табе я ўся.

О Маці, Беззаганная Панна,
У Табе я бачу промень Бога.
Ты мяне вучыш, як сярод бураў любіць Пана,
Ты — апора мая і абарона ад ворага» (Дз. 1232).

Трэба нагадаць сабе, што адзіная прычына аддаць сябе Марыі — гэта тое, што Яна яднае нас са Сваім Сынам. Найсвяцейшая Панна Марыя нас вучыць сапраўднай любові да Бога і міласэрнасці ў адносінах да бліжніх, адкрывае нам шлях да святасці праз цярплівасць, пакору, праўду, вернасць і прыняцце Божай волі.

Сэрца гэтай добрай Маці ёсць сама любоў і міласэрнасць. А паколькі Яе адзіным жаданнем з’яўляецца наша шчасце, то дастаткова звярнуцца да Яе — і мы будзем выслуханы.

«О Марыя, без граху першароднага зачатая, маліся за нас, хто ў Цябе паратунку шукае, і за тых грэшных, хто Табой пагарджае!»

І як заклікае святы Ян Марыя Віянэй: «Ахвяруйцеся Марыі, маліцеся настойліва да гэтай добрай Маці, аддавайце Ёй пашану ў першую чаргу ў таямніцы Яе Беззаганнага Зачацця». І сапраўды, такі заклік мае рацыю, асабліва цяпер, калі штодзённа ў Каталіцкім Касцёле трываюць маёвыя набажэнствы.

Выкарыстаныя крыніцы:

1. Дзённік св. сястры Фаўстыны «Божая міласэрнасць у маёй душы», пераклад з польскай мовы Крыстыны Лялько, Мінск,«Pro Christo», 2014.
2. «Бог прагне нашага шчасця. Думкі святога Яна Віянэя». Гродзенская дыяцэзія Рымска-каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, 2010.
3. «Трактат аб сапраўдным набажэнстве да Найсвяцейшай Дзевы», святы Людовік Марыя Грыньён дэ Манфор // louisgrignion.pl

Апрацавала Анастасія-Алена Блусянкова

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.