Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Радасць Бога — прабачэнне
Усяго патроху
09.03.2016 00:00

У Балівіі ў турме ў Пальмасоле Папа Францішак сказаў вязням: «Перад вамі стаіць чалавек, якому прабачана шмат грахоў. Бог вельмі мяне любіць, хоча мяне збавіць. Сам я не ў стане гэтага зрабіць. Таму Ён пасылае свайго Сына. Сына, які прыносіць Божую міласэрнасць, ператвораную ў акт любові да мяне».

Мы, аднак, вельмі часта робім усё, каб быццам перагнаць і замяніць Бога ў судзе над светам, над чалавекам. Не раз нам так лёгка перакрэсліць іншага чалавека, адабраць у яго годнасць, добрае імя…

Наш свет апынуўся ў смяротным, замкнёным коле. Зло выклікае зло. Мы шукаем таго, хто першы нас ударыў, не для таго, каб яму прабачыць, а каб удвая яму адпомсціць.

Раптам у гісторыю чалавецтва ўваходзіць Езус, які са словам прабачэння выходзіць на сустрэчу з ворагам. Як больш за два тысячагоддзі таму, так і сёння Езус выходзіць да чалавека, і можна, а нават трэба, Яго сустрэць. Езус-ахвяра прабачае.

«Бог заўсёды хоча ад усіх міласэрнасці, а не асуджэння іншых. Хоча міласэрнага сэрца, бо Ён міласэрны і добра разумее нашы слабасці, нашы цяжкасці і нашы грахі», — сказаў Папа Францішак на агульнай аўдыенцыі у Кастэль Гандольфа (14 ліпеня 2013 г.).

Як жа часта мы робім міласэрнасць Бога залежнай ад спаўнення намі шэрагу ўмоваў, а не прымаем таго, што Бог папросту з’яўляецца міласэрным і не можа быць іншым.

Міласэрнасць застаецца вялікай таямніцай Бога. Яна не ставіць умоваў. Не ведае межаў. Яна дармовая. Бог не толькі прабачае, але і забывае. Найважнейшая прыкмета Бога — міласэрнасць, якая, не перакрэсліваючы справядлівасці, перасягае яе, — як нагадвае святая Фаўстына ў сваім «Дзённіку».


«Бог заўсёды робіць першы крок. Гэта Ён ачышчае, каб мы маглі быць дапушчаны да Яго прысутнасці», — кажа Святы Айцец у пасланні на ХХХ Сусветныя дні моладзі. Толькі той чалавек, які спазнаў сваё асабістае паражэнне і спазнаў дзеянне Збаўцы, якое вырывае яго са слабасці і граху, можа ісці да іншых і казаць ім пра Любоў, якой ёсць Бог. Любоў трэба сёння абвяшчаць словам і сведчаннем асабістага жыцця.

Мы сталі нявольнікамі сістэмы, імя якой «Вы не можаце». На шчасце, апосталы так не думалі. Яны мелі тое, што мы страцілі — радасць веры. Гэтую сілу з вышыні, якая дазваляе пераадолець усе нашы чалавечыя абмежаванні. Узброеныя ёю, апосталы і шмат іншых хрысціян у гісторыі пайшлі і даказалі, што яны могуць. «Будзьце адважнымі: Я перамог свет» (Ян 16, 33).

«У Хрысце, які аддаў за нас на крыжы сваё жыццё, мы заўсёды знаходзім безумоўную любоў, якая лічыць наша жыццё дабром і заўсёды дае нам магчымасць распачаць нанова» (Пасланне Папы Францішка на СДМ-2016 у Кракаве).

«Наколькі цяжка часам прабачаць! Але ж прабачэнне з’яўляецца прыладай, якая знаходзіцца ў нашых слабых руках, каб мы маглі атрымаць спакой сэрца. Вызваленне ад крыўды, злосці, насілля і помсты – гэта неабходная ўмова шчаслівага жыцця» (Була Misericordiae Vultus, 9).

Месцы праваруч і леваруч Езуса першымі занялі два злодзеі. Здавалася б, яны прайгралі жыццё. У той жа час яны яго выйгралі. Таксама і той, якога мы прывыклі называць злым злодзеем. Не нам вырашаць лёс таго, хто апынуўся так блізка ля Божага Сына.

«Не будзем забываць, што Бог усё прабачае і што Бог заўсёды прабачае. Не перастанем прасіць аб прабачэнні» (Папа Францішак падчас пакутнага набажэнства 13 мая 2015 г. у ватыканскай базыліцы).

«Божая любоў мацнейшая за зло, нават за смерць. Гэта значыць, што любоў Бога можа перамяніць наша жыццё, учыніць, што расквітнеюць абшары пустыні, якія ёсць у нашым сэрцы» (Пасланне Папы Францішка на Вялікдзень, 31 сакавіка 2013 г.).

Трэба ісці да Езуса і ўсё Яму расказаць, а Ён аб усім забудзе. Ён мае незвычайную здольнасць забываць, Ён пацалуе і абдыме, і ніколі не асудзіць. Бог ніколі не стамляецца прабачаць нам. Гэта хутчэй нас стамляе прасіць Яго аб прабачэнні.

Трэба зрабіць усё, каб людзі, асабліва згубленыя ў жыцці, вярнуліся як найхутчэй і адчулі міласэрную любоў Айца, гарачае прыняцце сясцёр і братоў у супольным доме, які і для іх стане месцам перад уваходам да неба.


Таму будзем радаснымі сведкамі любові Бога і Яго цудоўнага плану ў дачыненні да нас і да свету. Час Вялікага посту — добрая і спрыяльная нагода для таго, каб быць радасным сведкам любові Бога. Шкада змарнаваць час, трэба прайсці па зямлі, чынячы дабро іншым — гэта наша задача.

Мы павінны адкінуць пыху, быць яшчэ больш пакорнымі. Павінны ісці ў кірунку паяднання разнастайнасці. Павінны адважна ўключыцца ў перажыванне Юбілейнага Года Міласэрнасці, які нарадзіўся пад натхненнем Духа Святога, што паказвае нам адзіны і канчатковы шлях, каб усіх агарнула любоў Усемагутнага Стварыцеля.

Кс. Юрый Марціновіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Усяго патроху

26.07 18:41«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: пашлі, Хрысце, работнікаў на жніво сваё і дай нам святых святароў
21.07 15:17«Ён у кожным чалавеку бачыў надзею»: успаміны пра кардынала Казіміра Свёнтка
16.07 00:00«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: пакліканне хрысціяніна — «гарэць» духам апостальства і абвяшчаць Божую міласэрнасць
13.07 09:00420-я гадавіна Брэсцкай уніі: «Веру ў Адзіную Царкву»
11.07 12:28«Святар-легенда»: успаміны пра кс. Вацлава Пянткоўскага
05.07 14:38«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: Найсвяцейшая Панна Марыя — узор святасці і чысціні
24.06 00:00«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: малітва праслаўлення і падзякі — дыялог любові
18.06 00:00«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: Вяночак да Божай Міласэрнасці — крыніца бязмежных Божых ласкаў
17.06 11:23Значэнне і гісторыя пілігрымавання
13.06 08:41Ці можа католік наведваць «Фестываль фарбаў Холі»?