Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Пустыня сэрца
Усяго патроху
20.02.2016 00:00

Вялікі пост — яшчэ адна нагода зрабіць рэвізію свайго жыцця, каб  прааналізаваць яго і знайсці сферы, не да канца аддадзеныя Богу. У гэтай справе вельмі добра дапамагае малітва ў цішыні і часовая адасобленасць. Гэта адмысловая пустыня сэрца, у якую можна ўвайсці, каб лепей пачуць голас Бога.

Пустыня, пра якую пойдзе гаворка — гэта не месца, гэта своеасаблівы ўнутраны стан. Гэта стан унутранай цішыні, калі ты ў сваім сэрцы застаешся сам-насам з Богам, дзе б ты ні знаходзіўся.

Пустыня ў тваім сэрцы

Пустыня сэрца не патрабуе вызначанага месца. У такім стане можна быць і пасярод шуму горада. Патрэбна толькі пашукаць яе і ўсвядоміць сваю вялікую патрэбу ў ёй.

Гэта будзе маленькая адасобленасць, затока ўнутранага маўчання. Але перажыванні ў такой пустыні могуць быць такімі ж святымі, як і ў пустыні, у якой хадзіў Езус, бо асаблівай адасобленасць, пустыню і маўчанне робіць менавіта Бог.

Першым крокам да адасобленасці з’яўляецца сыход. Адпраўляючыся ў сапраўдную пустыню, вы селі б на самалёт, цягнік або аўтамабіль. Аднак мы часта не заўважаем «маленькіх сыходаў», якімі напоўнены нашыя будні.  

Такія «маленькія адасобленасці» могуць быць непасрэдна за дзвярыма, якія мы адчыняем, ці на рагу вуліцы, дзе мы спыняемся, каб паглядзець на запарушанае снегам дрэва.

«Кропкай адпраўлення» ў пустыню, маўчанне і адасобленасць могуць стаць самыя разнастайныя сітуацыі.

Маўчанне

Без маўчання няма адасобленасці. Сапраўды, маўчанне часам разумеюць як адсутнасць мовы.

Але простая адсутнасць шуму, калі мы пры гэтым не слухаем голас Бога, не маўчанне. Дзень, напоўнены шумам і галасамі, можа быць днём маўчання, калі шум можа быць адгалоскам прысутнасці Бога, а галасы людзей ператвараюцца ў Яго пасланні і знакі ўвагі.

Кажучы пра сябе і перапаўняючыся ўласным «я», мы адкідваем маўчанне. Але, паўтараючы патаемныя словы Бога, якія Ён пакінуў у нашай душы, мы маўчанне не парушаем.

Сапраўднае маўчанне — гэта пошук Бога

Маўчанне з’яўляецца сапраўдным, калі яно прасякнута любоўю. Яно адказвае тым, хто пытаецца, прычым словамі, напоўненымі святлом. Маўчанне прымушае нас аддаваць сябе.

Такога маўчання можна дасягнуць, толькі стоячы спакойна перад Богам.

Стаяць спакойна — значыць адкінуць усялякую марнасць нашага часу, якая стварае неспакой у сэрцы.  

А неспакой у сэрцы — гэта ўцёкі ад самога сябе, спроба ўхіліцца ад падарожжа ва ўласнае «я», неабходнае кожнаму для сустрэчы з Богам, які жыве ў глыбіні яго душы.

Стойце спакойна і аналізуйце свае ўнутраныя жаданні: ці не супярэчаць яны святасці?

Калі вашыя жыццёвыя імкненні не з’яўляюцца асновай святасці, значыць, вашай душы патрэбна пачаць усё спачатку і здабыць іншыя памкненні.

Стаяць спакойна можна і пасярод шуму штодзённага жыцця, выконваючы звычайныя абавязкі. Гэта прынясе ў вашую душу Божы парадак, а ён, у сваю чаргу, дасць вам спакой, пасланы Богам, і маўчанне.

Спачатку такое маўчанне будзе прыходзіць да вас рэдка і ненадоўга. Але калі падмацоўваць яго літургічнай і асабістай малітвай, касцёльнымі таямніцамі, тады вельмі марудна, падобна адростку масіўнага дрэва, маўчанне будзе вырастаць і наведваць душу ўсё часцей і часцей.

Калі маўчанне пастаянна жыве ў душы, як у Марыі Магдалены, якая прытулілася да ног Хрыста, калі душа настроена ва ўнісон з маўчаннем, яе ўладальніку лягчэй знайсці словы і справы таксама.

Але трэба адрозніваць маўчанне ад адасобленасці і не блытаць яго з малітвай. Малітва і адасобленасць адыгрываюць у духоўным жыцці розныя ролі. Малітва — гэта жыццё кожнага хрысціяніна. Калі яе пазбавіць дотыку Бога, яна памірае, таму ёй патрэбна быць неперарыўнай. Адасобленасць, калі гэта не асаблівае пажыццёвае пакліканне Бога, — часовы стан.  

Адасобленасць

Канешне, адасобленасць час ад часу — гэта добра. Менавіта да яе заклікае «Пустыня». Вельмі добра сабрацца з сіламі, не спаць у Гетсіманіі разам з Богам не толькі гадзіну, а, можа быць, і болей — ад Аб’яўлення Пана да Галготы, Уваскрасення і Унебаўшэсця.

Такая адасобленасць патрабуе маленькага месца. Гэта можа быць келля ў кляштары ці пакой у звычайнай кватэры, або проста вугал, аддзелены фіранкай.

Гэтага дастаткова для часовага адасаблення дзеля простых рэкалекцый і здабыцця спакою.

Пустыня ў свеце

Вы выношваеце ўнутры сябе пустыню. Вашае ўлонне — пустыня для Немаўляці, і вы несяце Яго, куды б ні пайшлі. Дзе б вы ні былі, вы цяжарныя Хрыстом і несяце Яго прысутнасць.

Вы пакліканы слухаць Бога ў сваім унутраным маўчанні і можаце несці Яго іншым асаблівым чынам, з вялікай сілай. Сіла, канешне, належыць Яму, але ваш уклад — згода. Ён выбраў і папрасіў вас несці ў сабе гэтую маўклівую ўнутраную пустыню.

Сэнс малітвы ў тым, каб чуць не толькі голас Хрыста, але і кожнага чалавека, з якім мы сустракаемся, праз якога Хрыстус звяртаецца і да нас таксама.

Малітва і справы непадзельныя. І ў глыбокай веры, і ў цемры, якая яе суправаджае, вы ведаеце, што несяце Хрыста.

Як быць пустыннікам у свеце? Для гэтага патрэбна больш маліцца, з настойлівасцю рэгулярна праводзіць у адасабленні і маўчанні адзін-два дні на тыдзень, пасціцца і чытаць Біблію.

Каб Эўхарыстыя была больш глыбокай, патрэбна маліцца Святому Духу, каб пастаянна быць настроеным на Бога. Тады ў душы будзе з’яўляцца больш адкрытасці і з’явіцца жаданне казаць пра Бога іншым людзям.

Бог заклікае нас ісці разам з людзьмі, стоячы спакойна перад Ім. Гэта і ёсць пустыня ў свеце.

Паводле кнігі Кацярыны Калышкінай дэ Гук-Дохерці «Пустыня»

Пераклад Марыны Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Усяго патроху

26.07 18:41«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: пашлі, Хрысце, работнікаў на жніво сваё і дай нам святых святароў
21.07 15:17«Ён у кожным чалавеку бачыў надзею»: успаміны пра кардынала Казіміра Свёнтка
16.07 00:00«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: пакліканне хрысціяніна — «гарэць» духам апостальства і абвяшчаць Божую міласэрнасць
13.07 09:00420-я гадавіна Брэсцкай уніі: «Веру ў Адзіную Царкву»
11.07 12:28«Святар-легенда»: успаміны пра кс. Вацлава Пянткоўскага
05.07 14:38«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: Найсвяцейшая Панна Марыя — узор святасці і чысціні
24.06 00:00«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: малітва праслаўлення і падзякі — дыялог любові
18.06 00:00«З даверам да міласэрнасці Тваёй»: Вяночак да Божай Міласэрнасці — крыніца бязмежных Божых ласкаў
17.06 11:23Значэнне і гісторыя пілігрымавання
13.06 08:41Ці можа католік наведваць «Фестываль фарбаў Холі»?