Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскае святло ці Пантэон цемры?
Усяго патроху
31.10.2014 14:34

У цэнтры Рыма захаваўся адзін таямнічы храм, які сваім купалам нагадвае касмічны шатл. Гэты будынак — пантэон (гр., «усіх багоў») — быў прысвечаны культу ўсіх багоў, аднак сваёй канструкцыяй супярэчыў першаснай задуме.

Справа ў тым, што яго сферычная столь праз адтуліну праектуе ў святыню промень дыяметрам 9 метраў. Такім чынам, яна правакуе чалавека, каб той ўступіў у яе і напоўніўся святлом. Бачачы гэта, на думку адразу прыходзяць словы Евангелля: «было святло праўдзівае, якое асвятляе кожнага чалавека, які прыходзіць на свет» (Ян 1, 9).

Хоць будынак быў прысвечаны ўлады цемры (пар. Лк 22, 53), Бог у сваім святле «быў у святыні» (Лк 22, 53). Таму народы, якія хадзілі ў цемры язычніцкай святыні, з праўдай Евангелля ўбачылі святло вялікае (пар. Іс 9, 2). Вядома, валадары гэтых народаў (Рымскай Імперыі) пераследвалі святло хрысціян, але зерне мучанікаў засявала святло веры сярод цемры язычнікаў.

Адзін са старцаў у кнізе Апакаліпсіса сказаў пра іх: «гэта тыя, якія прыходзяць ад вялікага прыгнёту [ад мукі, гр. ἐκ τῆς θλίψεως]; яны абмылі адзенне сваё і адбялілі яго Крывёю Ягняці» (Ап 7, 14). Бачачы іх прыклад, целы памерлых сведкаў Хрыста (сведка — martirium, мучанік) вернікі здаўна шанавалі ў рэліквіях. А ў IV ст. распаўсюдзіўся звычай пераносіць іх целы, падкрэсліваючы, што святыя — гэта ўласнасць усяго Хрыстовага Касцёла.

Нездарма ўслед Хрысту сведчанне мучанікаў яшчэ больш яскрава засвяціла пасля іх смерці. Памерлае зерне нарэшце прарасло, прамовіўшы да ганіцеля: «Я Езус, якога ты пераследуеш, (...) Я пасылаю цябе адкрыць ім вочы, каб яны павярнуліся ад цермы да святла і ад улады сатаны да Бога, каб праз веру ў Мяне атрымалі дараванне грахоў і спадчыну сярод асвячаных» (Дзеі 26, 15. 17-18). Таму ўслед за Медыяланскім эдыктам Канстанціна Вялікага, які адкрыў свабоду хрысціянам, таксама і язычніцкі Пантэон «здаўся святлу» і ў VII ст. быў перададзены ў спадчыну Касцёла.

Асвячоная святыня распараджэннем Папы Баніфацыя IV змясціла шмат рэліквій і была прысвечана Маці Божай мучанікаў, а ўсіх забітых сведкаў сталі ушаноўваць 13 мая. З часам з-за нязручнасці пілігрымаў свята перанеслі на 1 лістапада, а Грыгорый IV гэты дзень прысвяціў не толькі мучанікам, але і ўсім святым паўсюднага Касцёла (Dies Omnium Sanctorum).

Навошта нам патрэбна Урачыстасць Усіх Святых? Многія крытыкуюць, што католікі пакланяюцца святым. Аднак гэта няпраўда. Святыя, аглядаючы Бога, з’яўляюцца толькі адлюстраваннем святасці і хвалы Хрыста. Дык чаму мы молімся, просячы іх заступніцтва? Няўжо нам недастаткова аднаго святла, якое праменіць у Касцёле? Сапраўды, нам дастаткова Хрыста, але няўжо мы самі не пакліканы да Хрыстовай святасці? Кожны вернік пакліканы ўдзельнічаць у пасрэдніцтве адзінага Пасрэдніка — Хрыста (пар.1 Цім 2, 5), каб прапаведваць Слова Божае (пар. LG 28, 34, 41, 49). Падобна і святыя:

«Прынятыя да айчыны і знаходзячыся блізка каля Пана (пар. 2 Кар 5, 8), праз Яго, з Ім і ў Ім няспынна заступаюцца за нас перад Айцом, ахвяруючы Яму заслугі, якія праз адзінага Пасрэдніка паміж Богам і людзьмі, Езуса Хрыста (пар. 1 Цім 2, 5), здабылі на зямлі, служачы Пану ва ўсім і ў целе сваім дапаўняючы тое, чаго неставала пакутам Хрыста, за Яго цела, якім ёсць Касцёл (пар. Клс 1, 24)» (LG 49).

Я магу апраўдвацца, што мне не патрэбныя ані святыя, ані ўласная святасць, чарговы раз напаўняючы Касцёл цемрай. Я магу ўдзельнічаць у свяце Halloween'e, замяняючы Урачыстасць Усіх Святых на язычніцкі Пантэон. І хоць брамы пякельныя не перамогуць Касцёл (пар. Мц 16, 18), толькі ад мяне залежыць ці я ступлю ў святло Хрыста, ці як свіння вярнуся да блявоціны сваёй.

Кс. Раман Суша

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.